Цягам дня вялі ператрус у гомельскай студыі Сяргея Ціханоўскага ў гатэлі «Кастрычніцкі». Цяпер узламаныя дзьверы студыі расчыненыя наросьцеж, не апячатаныя. Шмат якія рэчы параскіданыя, паведамляе Свабода.
Паводле супрацоўнікаў гатэля, ператрус адбываўся ад самага ранку і да 16-й гадзіны.
«Прыйшлі два міліцыянты ў форме, зь імі быў адзін у цывільным і яшчэ двое невядомых, — можа, гэта былі панятыя. Таксама было некалькі супрацоўнікаў МНС — яны і ўзламалі дзьверы, старыя, драўляныя. Што так доўга можна было тут рабіць — незразумела.
Пасьля вобшуку выносілі скрыні зь нечым, тэчкі з дакумэнтамі. Што забралі — невядома. Здаецца, са студыі зьнік кававы апарат», — патлумачылі супрацоўнікі гатэля.
Яны пераймаюцца, што памяшканьне нават не апячаталі, дзьверы не замкнулі, а гатэль нясе за гэта адказнасьць.