Якія былі матывы Гарбачова, калі ён пачаў перабудову, і на чым ён спатыкнуўся? Адказ на гэтыя пытанні нямецкі штотыднёвік Der Spiegel прапануе шукаць у «дагэтуль невядомых дакументах» з асабістага архіва «першага і апошняга прэзідэнта СССР».

Пакідаючы Крэмль, «прэзідэнт без краіны» забраў афіцыйныя паперы за перыяд свайго знаходжання ва ўладзе. Цяпер «каля 10 тыс. дакументаў» захоўваюцца ў маскоўскім будынку «Гарбачоў-фонду» па адрасе: Ленінградскі праспект, 39. «Малады расійскі гісторык Павел Страілаў, які цяпер жыве ў Лондане, падчас навуковай працы ў „Гарбачоў-фондзе“ таемна скапіяваў каля 30 тыс. старонак матэрыялаў і перадаў іх у распараджэнне Spiegel».

Архіў уключае паперы дарадцаў Гарбачова па замежнапалітычных справах — Вадзіма Загладзіна і Анатоля Чарняева, у тым ліку пратаколы перамоваў з замежнымі лідарамі і дыскусій у Палітбюро, рукапісныя рэкамендацыі Гарбачову, запісы тэлефонных размоваў. Гэтыя дакументы «ілюструюць фінал камуністычнага эксперыменту», у іх асвятляюцца ўсе без выключэння тэмы, з якімі даводзілася мець справу «самаабвешчанаму абнаўляльніку Саюза».

Гарбачову раяць, як лепш скончыць вайну ў Афганістане, рэкамендуюць не даваць аўдыенцыі галаве Арганізацыі вызвалення Палесціны Ясеру Арафату, а нямецкага лётчыка Маціяса Руста, які здзейсніў пасадку на Краснай плошчы, наадварот, прыняць у Крамлі («Ёсць сумневы ў яго псіхічным стане», — тлумачаць дарадцы). Ад «даносчыкаў у СЕПГ» генеральны сакратар даведваецца, як дрэнна ідуць справы ў ГДР, яму паведамляюць, што піша пра Раісу Гарбачову Paris Match і як спявачка Ала Пугачова ў нямецкай газеце адгукнулася пра перабудову. Пра тое, што партыйна-бюракратычны апарат за Гарбачовым працаваў не лепш, чым раней, можна меркаваць па характарыстыках лідараў сусветнага камуністычнага руху, якія даваў Чарняеў: кіраўніка французскай Кампартыі Жоржа Маршэ ён параўнаў з «дохлай кабылай», а пра генеральнага сакратара КП ЗША Гэса Хола адгукнуўся як пра «некультурнага чалавека з плебейскай ганарлівасцю». «Прапрацоўваючы гэтыя паперы, быццам падарожнічаеш у машыне часу», — падсумоўвае свае ўражанні аўтар.

Асобныя дакументы Гарбачоў выкарыстаў у сваіх кнігах, чым «моцна дадзеў цяперашняму крамлёўскаму кіраўніцтву», але «большасць папер да гэтага часу застаюцца пад спудам», і ў асноўным таму, што «не ўкладваюцца ў той вобраз, які стварыў сабе сам Гарбачоў: вобразу мэтанакіраванага, перадавога рэфарматара, які крок за крокам мяняе на ўласны густ сваю велізарную краіну».

З атрыманых Der Spiegel дакументаў «вынікае тое, што вельмі не хацеў бы даводзіць да агульнага ведама Гарбачоў: што ён падпарадкаваўся плыні падзей у паміраючай савецкай дзяржаве і ў хаосе тых дзён часта страчваў арыентацыю.
А акрамя таго, што ён паводзіў сябе двудушна і — насуперак уласным сцверджанням, час ад часу аб’ядноўваўся з прыхільнікамі жорсткага курсу ў партыі і арміі. Крамлёўскі начальнік, такім чынам, зрабіў тое, што робяць многія дзяржаўныя мужы пасля сыходу ў адстаўку: пасля ён моцна падхарашыў партрэт смелага рэфарматара».

«На Захадзе Гарбачова ўсхваляюць за тое, што ён не стаў гвалтоўнымі метадамі пярэчыць крушэнню Савецкага Саюза. У рэчаіснасці ж да гэтага часу незразумела, ці не даваў шэф Крамля санкцый на ваенныя дзеянні супраць грузінаў, азербайджанцаў і літоўцаў, паўстанцаў у 1989–1991 гадах супраць цэнтральнай улады Масквы… Пасля ён нікога не прыцягнуў да адказнасці; яшчэ і сёння ён кажа, што гэта „вялікая загадка“, хто аддаў загад выкарыстаць сілу».

Spiegel прыводзіць цытату з пратакола сустрэчы Гарбачова са старшынёй СДПГ Хансам-Ёханам Фогелем, дзе савецкі лідар у наступных выразах «апраўдвае дзеянні сілавікоў» у Тбілісі: «Яны шмат чулі пра падзеі ў Грузіі. Там сабраліся вядомыя ворагі савецкага ладу. Яны злоўжывалі дэмакратычным працэсам, выкрыквалі правакацыйныя лозунгі і нават патрабавалі ўвесці ў рэспубліку войскі НАТО. Мы былі абавязаныя паставіцца да гэтых авантурнікаў з усёй рашучасцю і абараняць перабудову — нашу Рэвалюцыю». Гэты фрагмент Гарбачоў «пазней, пры публікацыі расійскіх пратаколаў перамоваў, загадаў выкрасліць», — сцвярджае карэспандэнт.

На паседжанні Палітбюро 4 кастрычніка 1989 Гарбачову даклалі, што на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне загінула 3 тыс. чалавек. Паводле дадзеных Spiegel, ён адрэагаваў так: «Трэба быць рэалістамі, ім трэба было абараняцца, і мы будзем рабіць тое ж самае. 3000… ну і?» Падчас публікацыі гэтага пратаколу дадзены пасаж таксама быў выкраслены, гаворыцца ў артыкуле.

У студзені 1991 года «пад націскам спецслужбаў і войска» Гарбачоў пагадзіўся і на «вельмі безнадзейную авантуру» ў Літве. За два дні да штурму тэлецэнтра ў Вільні, падчас якога загінула 14 чалавек, Гарбачоў запэўніваў прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-старэйшага, што ўмяшанне адбудзецца «толькі ў тым выпадку, калі пральецца кроў або пачнуцца беспарадкі, якія будуць пагражаць не толькі нашай канстытуцыі, але і чалавечым жыццям».

Чарняеў з гэтай нагоды напісаў шэфу ліст наступнага зместу: «Міхаіл Сяргеевіч! Вашая размова ў Вярхоўным Савеце (з нагоды падзей у Вільні) азначала канец. Гэта быў не выступ значнага дзяржаўнага дзеяча. Гэта была блытаная, з запінкамі, гаворка… Вы, відавочна, не ведаеце, што пра вас думаюць у народзе — на вуліцах, у крамах, у тралейбусах. Там толькі і кажуць, што пра „Гарбачова і яго хеўру“. Вы казалі, што жадаеце змяніць свет, і сваімі ўласнымі рукамі гэтую працу губіце» .

Значны след у паперах Гарбачова пакінуў экс-канцлер ФРГ Гельмут Коль. Коль быў «шмат чым абавязаны» генеральнаму сакратару, бо той не стаў перашкаджаць аб’яднанню Германіі і яе ўступлення ў НАТО. Пры гэтым савецкі лідар, як піша часопіс, лічыў Коля «не самым вялікім інтэлектуалам» і «пасрэдным правінцыйным палітыкам», хоць той і меў значны ўплыў на Захадзе. Але ў 1991 годзе ў немца з’явіўся шанец вярнуць доўг, і ў адносінах паміж двума палітыкамі пазначылася пацяпленне, а ў нейкі момант вера саветаў у Коля стала «бязмежнай». У тэлефонных гутарках таго часу Гарбачоў «скардзіцца і скардзіцца, гэта маленні тапельца аб дапамозе». З дапамогай Коля савецкі лідар спрабуе «мабілізаваць» Захад на выратаванне СССР. Акрамя таго, ён шукае падтрымкі супраць «лютага суперніка — Барыса Ельцына», якога, як высветліцца неўзабаве, абодва недаацэньваюць. «Гарбачоў хоча, каб за мяжой яго і надалей прымалі як кіраўніка вялікай дзяржавы, а ў кулуарах вымушаны жабраваць», — адзначае аўтар публікацыі.

Па яго назіраннях, сам Гарбачоў успрымаў гэтую сітуацыю як «прыніжальную». Да верасня 1991 года эканамічнае становішча краіны стала такім адчайным, што Гарбачову ў размове з міністрам замежных справаў Германіі Гансам-Дзітрыхам Геншэрам давялося «адкінуць усякі гонар». Размаўляючы з будучым федэральным прэзідэнтам, а ў тыя часы статс-сакратаром Міністэрства фінансаў Хорстам Келерам, Гарбачоў спрабаваў нагадаць яму пра заслугі Савецкага Саюза перад планетай: «Колькі сэканомілі наша перабудова і новае мысленне? Сотні мільярдаў даляраў для ўсяго астатняга свету!» 25 снежня таго ж года Гарбачоў пакінуў пасаду прэзідэнта СССР. У лісце да Гельмута Коля ён зноў выглядае «буйным дзяржаўным дзеячам», і менавіта таму, як лічыць Неф, гэта адна з нешматлікіх датаваных «лёсавызначальным» 1991 годам папер, якія Гарбачоў апублікаваў. У цэлым жа яго архіў паказвае, «наколькі памылкова [ён] ацэньваў становішча і наколькі адчайна змагаўся за сваю пасаду».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?