Вельмі смешна, канечне, чытаць, калі дарослыя адукаваныя людзі з «еўрапейскімі каштоўнасцямі» пішуць: чо вы прысцябаліся да гэтай беларускасці. Вось давайце спачатку пабудуем эканоміку, а пасля і…
Гэта такое рэха расійскага дыскурсу а-ля Латыніна. Якая кажа, што вось вайна ва Украіне — гэта, маўляў, гаўняна. А вось калі б Расія была о-го-го, то і ваяваць было б не трэба. Украіна б сама русіфікавалася, забыла б украінскую мову і спажывала б высокатэхналагічныя маскоўскія нішцякі на правах мінімальна самастойнай геапалітычнай адзінкі, а Беларусь дык і наогул увайшла б шасцю абласцямі, прагнучы болей вялікай культуры. То бок Латыніна ў Маскве:
— Сокал. сокал!
А нашы еўрапейскія эканомікацэнтрысты:
— Я Беркут, прыём.
Безумоўна, быць метраполіяй у дачыненні да калоніяў — гэта крута для метраполіі. І тут я магу зразумець Латыніну.
Я не магу зразумець ідэолагаў калоній, бо ніякай асаблівай эканомікі ў калоніях не бывае: калонія зміраецца з тым, што, цягнучыся да вялікай культуркі, яна будзе жыць горш, і дым у яе будзе ніжэйшы, і дранік драбнейшы.
Заўважу, што калі амерыканцы вырашылі, што будуць весці сваю асобную ад кароны гаспадарку — яны адразу абвясцілі сябе «новай нацыяй», паколькі калі у цябе нацыя — тая самая — «обшчая», то не ясна, чаму ты павінен усё рабіць па-свойму. І з якога такога перапуду павінен жыць лепей, чым у цэнтры.
Нацыя — гэта сфера адказнасці. Твая нацыя — твая сфера адказнасці. А метраполія — хай коціцца каўбаскай.
Таму не будзе без мовы ніякіх такіх эканамічных, даруйце, поспехаў. Вы заўсёды будзеце рускімі са знакам якасці. Праўда, знак будзе адмоўным і жыць вы будзеце ў сярэднім гаўняней, паколькі псіхалагічна будзеце лічыць гэта нармальным парадкам рэчаў.
Вырасці у Галіі і рвануць у Рым, адкуль высылаць пасылкі з кансерваванымі фінікамі на малую радзіму.