Была прыпыненая яго «супрацьпраўная дзейнасць», але працэсуальнага рашэння пра затрыманне грамадзяніна Беларусі не прымалася.

Пра гэта Еўрарадыё паведаміла кіраўнік прэс-службы Службы бяспекі Украіны Лада Сафонава:

«Гэты грамадзянін працэсуальна затрыманы не быў. Было спыненае супрацьпраўнае дзеянне, праведзена апытанне, высвятленне ўсіх абставінаў… Мы пра гэта праінфармавалі і ўсе далейшыя рашэнні, з прыцягненнем кантактаў на ўзроўні МЗС — усё будзе вырашанае ў межах прававога поля».

Дзе зараз знаходзіцца грамадзянін Беларусі, якога СБУ толькі «апытала», Лана Сафонава адказаць не здолела — маўляў, у прэс-службе няма на гэты конт ніякай інфармацыі. А высвятляць, чаму аб супрацьпраўных дзеяннях грамадзяніна Беларусі не быў праінфармаваны беларускі бок, кіраўніца прэс-службы СБУ накіравала ў МЗС Украіны.

У прэс-службе знешнепалітычнага ведамства Украіны пра інцыдэнт з беларусам у Адэсе даведаліся са СМІ — СБУ ім ніякіх дакументаў і папер для перадачы беларускаму боку не накіроўвала. «Значыцца, рух гэтых дакументаў адбываецца па-за ведама прэс-службы МЗС», — каментуе словы калег з МЗС прадстаўніца СБУ.

Яшчэ ўчора просьбу прадаставіць інфармацыю пра, нібыта, затрыманага ў Адэсе грамадзяніна Беларусі беларуская дыпмісія ва Украіне накіравала ў СБУ і МУС. Але пакуль ніякага адказу на запыты беларускага боку няма, сказаў раніцай 8 ліпеня кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0