Аўтары скульптуры — Леў і Сяргей Гумілеўскія. Іх творчую прапанову абралі па выніках конкурсу на стварэнне скульптурнай кампазіцыі «Жыхары Мінска XIX стагоддзя: кампазітар Станіслаў Манюшка і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — стваральнікі беларускай нацыянальнай класічнай оперы».
Урачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі адбылося сёння, 3 верасня, у скверы плошчы Свабоды.
На плошчы Свабоды (тады Саборнай) у XIX стагоддзі размяшчаўся Мінскі гарадскі тэатр, дзе ў 1852 годзе адбылася прэм'ера оперы «Сялянка» Станіслава Манюшкі і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Са сцэны ўпершыню загучала беларуская мова. За словы «беларус» і «беларускі» тады маглі пераследваць, таму сам факт пастаноўкі - творчы і грамадзянскі подзвіг аўтараў. Чатыры з 20 опер Манюшка напісаў на лібрэта Дуніна-Марцінкевіча.