Глыбокае. Фота Віктара Малышчыца.

Глыбокае. Фота Віктара Малышчыца.

Машына, спыненая на выездзе з Докшыц, нясе мяне на поўнач. За акном мільгаюць бярозавыя прысады.

Дастаю тэлефон, набіраю нумар знаёмага настаўніка.

— Праз паўгадзіны буду ў цэнтры Дзісненскага павета. 

— Ага. Добра. 

— Дзе тады сустрэнемся?

— На месцы, дзе была аўстэрыя.

Прыязджаю на рынак у кармеліцкай частцы Глыбокага. На месцы аўстэрыі яго няма. Ператэлефаноўваю. «Выходжу з дому, праз пятнаццаць хвілін буду».

Значыць, ёсць трохі часу. Іду да кармеліцкага касцёла. Спыняюся. Углядаюся ў пластыку і дэкор фасада. Іду далей. Мур кляштара — чырвоная цэгла і камяні. Брукаванка з тыльнага боку. Контрфорсы кляшторнай агароджы. Брандмур местачковага дома. Помнікі барока і канструктывізму…

Гэта Глыбокае! Я не перастаю захапляцца гэтым незвычайным горадам.

Спыняюся на хвіліну каля скульптураў Ісуса і Самаранкі. Углядаюся ў выявы і выразу твараў. Спрабую ўзгадаць той урывак з Евангелля, дзе апісаная тая сустрэча.

Юры, настаўнік, выходзіць з маршруткі. 

— Куды ідзем?

— Ну, я б хацеў паздымаць старыя будынкі… Ад старой гімназіі пачаць, тады каля пераезда і на вуліцы Стафана Баторыя.

— Добра. Можам пайсці праз Копцеўку. 

— Не. Лепш праз Капітаніху.

Мы ідзём у вуліцы і завулкі, дзе не ступала нага турыста. Дзе захавалася міжваенная драўляная забудова — з характэрнымі дахамі, крытымі жалезнай бляхай, мансардавымі вокнамі. У 1920-я гады тут жылі багацейшыя глыбачане.

Лаўлю сябе на думцы, што я дагэтуль не ўсведамляў, наколькі цікавай і каштоўнай ёсць такая забудова. Гэта помнік свайго часу, цяпер так не будуюць.

Стаю за кальцом. Чакаю, пакуль спыніцца якая машына да Докшыц. Раптам сонца паказваецца з-за хмараў. Яно над самым гарызонтам, і я прагна ўглядаюся ў яго апошнія промні.

Раптам прыходзіць думка: сёння апошні вечар, калі мне дваццаць пяць. Заўтра ўжо будзе дваццаць шэсць…

Машыны пралятаюць міма. Я стаю на ўзбочыне, і не ведаю, колькі яшчэ буду стаяць. Я гляджу на сонца. Усміхаюся. Мне заўтра дваццаць шэсць.

Гляджу на сонца. Усміхаюся. Мне радасна. Люблю жыццё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?