Тыдні два таму на адной вечарыне да мяне падсела незнаёмая сталага веку жанчына і паказала здымак: «Пазнаяце?» На здымку, ужо кранутым жаўцізной часу, ляжаў на шырокай канапе, падпіраючы галаву, нейкі стары чалавек у таўстых акулярах... «Так, — не чакаючы адказу, прамовіла жанчына, — гэта Саша Ахраменка... Яго ўжо няма...»

Нешта цісканула ў сэрцы і захаладзела пад дыхавіцай — толькі ўчора я бачыў яго, углядаючыся ў чорную бездань былой купалаўскай сцэны...

Я падышоў да тэатра незнарок, спрабуючы наўскос, праз Аляксандраўскі сквер, скараціць дарогу да метро. Але натыкнуўся на там-сям падраную агароджу, абапал якой былі раскіданыя па брудным снезе будаўнічае смецце і рэшткі дрэў — непазбежных, як заўсёды сцвярджаюць будаўнікі, ахвяр рэканструкцыі.

Я, безумоўна, ведаў пра рэканструкцыю Купалаўскага тэатра, неаднойчы ўглядаўся ў яе намаляваны на тканіне фасадны твар. Але ўпершыню ўбачыў яе з чорнага ўваходу.

Уваходу, аднак, не было. Замест яго зеўрала агромністая чорная дзіра, уцягвачы позірк у нейкую неабсяжную касмічную далячынь. Нават рэдкія лямпачкі на нябачнай столі зіхацелі, нібы зоркі...

Тут я і пабачыў Сашку. Мы не бачыліся амаль 60 гадоў.

Вось ён кліча мяне да чорнага ўваходу, дзе сустракае нас ягоны бацька, скрыпач з тэатральнага аркестра, і цішком, бо спектакль ужо пачаўся, вядзе ва ўрадавую ложу, адкуль з заміраннем сэрца сочым, як каварства забівае любоў... У антракце мы, тузаючы адзін аднаго, бяжым вузкім калідорчыкам ва ўборную Фердынанда, хіхіхаючы над назвай таямнічага памяшкання. Фердынанд, ён жа знакаміты ў хуткай будучыні Барыс Кудраўцаў, зняўшы шпагу, частуе нас шакаладам, налівае з графіна ў гранёную шклянку нейкую вадкасць, выпівае, падносячы да носа рукаў вышытага срэбрам камзола...

...Я ўглядаўся ў чорную дзіру, і адтуль з’явілася раптам Стэфанія: «Ну што, дадому?»

Па праве чалавека, адоранага не тэатральным, а простым чалавечым сяброўствам, я часцяком падвозіў Станюту пасля спектакляў, асабліва на сыходзе дзявятага дзясятка яе гадоў. Мы доўга жылі з ёй у адным доме, на адным паверсе, дзверы ў дзверы. Потым яна перабралася ў іншы дом, паверх апусцеў...

Апусцеў паверх, думаў я, калі яна сышла на зломе стагоддзяў у іншы свет. Паверх, на якім яна жыла побач з намі і які называўся ХХ стагоддзем. Так, мы перабяромся, ускараскаемся на новы. Але ці ўздымемся? Ці засвоім вышыню Духа, якую паказалі нам — не, не сведкі — творцы Стагоддзя?..

...Я ўглядаўся ў чорную дзіру, яшчэ не ведаючы,

што праз дзень-два нейкія зверападобныя страшыдлы з надпісам Hitachi на даўжэзнай жоўтай шыі канчаткова зруйнуюць старыя сцены.

...Я ўглядаўся ў чорную дзіру, яшчэ дрэнна разумеючы, да чаго падобная гэтая «рэканструкцыя» з чорнага ўваходу. І толькі ўвечары, гледзячы, як сакураўскі Фаўст у пошуках душы дастае вантробы з анатаміраванага трупа, я зразумеў гэтае вар’яцкае падабенства...

Але душу «рэканструктары» не шукаюць. Выкідаюць яе разам з вантробамі...

Сёння яны гавораць пра немагчымасць захаваць старыя сцены, нешта лапочуць пра сучасную «сцэнічную каробку» і зручныя падлакотнікі для гледачоў.

Так, ён паўстане праз нейкі час, новы тэатр для новых мінчукоў. Але душы ў ім не будзе. А калі і будзе, то невядома якая. Толькі не тая, якая жыве спрадвек.

Бо душа жыве разам са старымі сценамі.

Разам з памяццю жыве і захоўваецца душа.

...Я паехаў да Сашкавай жонкі, мы доўга размаўлялі, кожны са сваімі пытаннямі і ўспамінамі. З прыхаваным гонарам і нейкай пяшчотай яна расказвала, якім ён быў выдатным музыкам, як граў і ствараў бліскучыя джазавыя кампазіцыі ў знакамітым аркестры Барыса Райскага...

«Ён усё жыццё згадваў вас, усё пытаўся сам у сябе, як вы там...»

Ну вось, падумаў я, яшчэ адна чорная дзіра. Памерам з жыццё.

...У астрафізіцы чорная дзіра — гэта такое ўтварэнне, у якім касмічная гравітацыя дзейнічае з такой звышмоцай, што святло, якім там зіхацяць зоркі, нават са сваёй неверагоднай хуткасцю не можа пераадолець яе. Таму яны і нябачныя нам.

Але яны ёсць.

Глядзець таксама:

Рукі дзеда

Вось вам і байкот, або Самагубства прывіда

Вера і праўда

Цёмныя вокны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?