Адна з пастановак Тбіліскага тэатру оперы і балета.
5 ліпеня на сцэне Мінскай оперы мы зможам пабачыць знакаміты грузінскі балет пад кіраўніцтвам выбітнай дзяячкі балетнага мастацтва, былой балерыны Ніны Ананіяшвілі. У Мінску грузіны прэзентуюць 3 аднаактавых балеты: «Серэнаду» Чайкоўскага, «Шэсць танцаў» Моцарта, і «Сагалабелі» паводле грузінскай народнай музыкі.
Тбіліскі дзяржаўны тэатр оперы і балета імя Паліяшвілі — адзін з найстарэйшых у свеце. Ён заснаваны ў 1853 г. і яго прыгадвае ў сваіх успамінах нават Аляксандр Дзюма-старэйшы. Тэатр паўстаў шмат у чым дзякуючы культурніцкім і незалежніцкім памкненням грузінаў у складзе Расійскай імперыі.
Першыя гады дзейнасці тэатра актораў запрашалі з Італіі, потым прыйшлі грузінскія і расійскія выканаўцы. Акрамя Шаляпіна тут спявалі Анджапарыдзэ, Бурчуладзэ, Саткілава і Лемяшаў. На сцэне Тбіліскага тэатру пачалі танчыць Чабукіяні, Цыскарыдзэ і Ананіяшвілі, а ў розныя часы дырыжорамі ў гэтым тэатры былі Мелік-Пашаеў і Мікеладзэ.
Сёння мастацкім кіраўніком балету Тбіліскага тэатру з’яўляецца зорка сусветнага балету і былая салістка Бальшога Тэатру Ніна Ананіяшвілі.
Нагадаем, зусім нядаўна ў Беларусі пры поўным аншлагу прайшлі гастролі сусветнавядомага ансамбля грузінскага танца «Сухішвілі».