Вызначылі дату рэінкарнацыі культавага мультыплікацыйнага серыялу «Футурама».

«Футурама» вернецца 24 чэрвеня 2010 — гэта ўжо дакладна. Сем гадоў чакання рэінкарнацыі зусім было спачылага серыялу практычна скончыліся, прыхільнікаў «Футурамы» зноў чакае сустрэча з любімымі героямі. Кампанія Comedy Central пацвердзіла, што першы з новых эпізодаў мультыплікацыйнага серыялу будзе паказаны менавіта ў гэты дзень.

Інфармацыя пра гэта з’явілася і на афіцыйным сайце Comedy Central, і ў блогах яе супрацоўнікаў.

Серыял «Футурама», «дзіця» стваральнікаў «Сімпсанаў» Мэта Гроўнінга і Дэвіда Коэна, дэманстраваўся на Fox Network з 1999 па 2003 год. Дзеянне ў серыяле адбываецца ў далёкай будучыні, у Новым Нью-Ёрку 3000 году. Фрай, галоўны герой, выпадкова трапляе ў будучыню з нашага часу, даволі хутка знаходзіць адданых сяброў — аднавокую дзяўчыну Лілу, робата Бендэра і іншых надзвычайных стварэнняў, разам з якімі перажывае не менш надзвычайныя прыгоды.

На справе

«Футурама» была ўмоўнай фантастыкай — не столькі пра іх, колькі пра нас. У серыяле мноства адсылак да надзённых для канца дваццатага і пачатку ХХІ стагоддзяў
падзеяў, а галовы славутасцяў з часу Фрая з’яўляюцца паўнапраўнымі ўдзельнікамі шоу. Адна з іх, якая належыць сумнавядомаму прэзідэнту ЗША Рычарду Ніксану, нават здолела зноў трапіць у Белы дом — праз тысячу гадоў пасля скандалу ў гатэлі «Уотэргейт».

Усяго было выпушчана 72 серыі, але пасля пятага сезону FOX закрыў серыял з не зусім зразумелых прычынаў.

«Футурама» мае армію адданых фанатаў, якія патрабавалі працягу шоу з самага моманту закрыцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?