Імёны ўсіх суразмоўцаў зменены ў мэтах бяспекі.

Марына працуе ў адной з устаноў аховы здароўя.

— Калі ты працуеш у сферы медыцыны, усе прышчэпкі робяць у добраахвотна-прымусовым парадку. Ну як робяць… Звычайна я сапраўды пагаджаюся. У гэтым годзе, калі пачалі рабіць прышчэпкі ад грыпу, я была цяжарная, але не хацела яшчэ ў той момант расказваць пра гэта кіраўніцтву. Таму я проста пайшла на прышчэпку, калі мяне паклікалі.

Сказала, што не хачу рабіць і пачула адказ: «Мы не можам не зрабіць вам прышчэпку. Стаўце подпіс, што прышчапіліся». Я распісалася. Потым пры мне медсястра набрала вакцыну ў шпрыц і проста выліла яе ў ракавіну: «Усё, дзякуй, добрага вам дня». Я вырашыла пагаварыць з калегамі пра гэта і высветлілася, што ў нас у калектыве з 20 чалавек рэальна прышчапіліся 2, астатнія 18 доз вакцыны вылілі ва ўмывальнік.

Яшчэ адна сфера, дзе супрацоўнікаў даволі часта прымушаюць рабіць прышчэпкі ад грыпу — гэта адукацыя. Дзіяна працуе ў адной са школ у невялікім беларускім горадзе. Кажа, што дырэктар кожны год пагражае звольніць, калі нехта адмовіцца прышчапляцца.

— Можа, калі б была замежная вакцына, я б яшчэ падумала. Але нам прапанавалі расійскую. А я ніколі не паверу, што нешта, зробленае ў Расіі, можа быць якасным. Але ў нас у калектыве ніхто не спрачаецца з дырэктарам. Бо з часоў кавіду схема адпрацаваная. Ты ідзеш на прышчэпку і з парога кажаш, што не хочаш нічога калоць. Медсястра ківае і падсоўвае ліст на подпіс. А потым спакойна вылівае вакцыну са шпрыца. Я нават не ведаю, ці прышчапіўся хтосьці з маіх калег сёлета, таму што ў каго ні спытаеш, усё галавой махаюць.

Вольга сутыкнулася з фальсіфікацыяй вакцынацыі ў дзіцячым садку, куды ходзіць яе дачка.

— Выхавацелька мне сказала, што дзецям будуць рабіць прышчэпку ад грыпу. Я сказала, што не дазваляю, напісала афіцыйна адмову і аддала ў садок. Праз некаторы час мне тэлефануюць з дзіцячай паліклінікі і кажуць, што дачцэ трэба другую прышчэпку ад грыпу рабіць — бо калі дзіця ўпершыню вакцынуюць ад грыпу, дык робяць дзве прышчэпкі з інтэрвалам у месяц. А ў наступныя гады ўжо адну — так мне растлумачылі. Я падумала, што гэта нейкая памылка — бо я ж дакладна адмовілася ад першай прышчэпкі. Прыйшла ў паліклініку — сапраўды, у картку ўклеена паперка, што прышчэпку маёй дачцэ зрабілі! Але ж мне дзіця расказала б пра такое — яна ўколаў баіцца.

Я пайшла да выхавацелькі высвятляць, як такое магло атрымацца. А яна спакойна кажа: «Не хвалюйцеся, ніхто вашай дачцэ прышчэпку не рабіў. Проста нас папрасілі не псаваць статыстыку».

Чытайце таксама:

Вынеслі прысуд медыкам Гомеля, якія знішчылі амаль 100 тысяч вакцын супраць кавіду і грыпу. А справаздачыліся, што зрабілі прышчэпкі

«Захоўвайце як зрэнку вока, гэта для «Першага». Злівы размоў чыноўнікаў пра вакцыну для Лукашэнкі і статыстыку па каранавірусе

Не толькі ў Беларусі. У краінах ЕС знішчылі вакцын супраць кавіду на чатыры мільярды еўра

Клас
8
Панылы сорам
10
Ха-ха
7
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?