МІхаіл Шышкін

У зборніку эсэ «Мір ці вайна» Міхаіл Шышкін разважае пра мінулае, сучаснасць і будучыню Расіі. Фота: Éditions Noir sur Blanc

Кніга выйшла ў лазанскім выдавецтве Éditions Noir sur Blanc на французскай мове, але ў перакладзе не з рускай, а з нямецкай.

Сам пісьменнік вядомы тым, што ў 2013 годзе адмовіўся прадстаўляць Расію на міжнародным кніжным кірмашы ЗША BookExpo America па палітычных матывах. У 2014 годзе ён асудзіў захоп Расіяй Крыма, а ў 2022 годзе адзначыў, што бяздзейнасць еўрапейскіх палітыкаў пасля захопу Крыма зрабіла магчымым шырокамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну.

Адметна, што французскае выданне кнігі «Мір ці вайна» — пераклад з арыгіналу, які быў напісаны і выдадзены на нямецкай мове. На пытанне «Нашай газеты», якая выходзіць у Швейцарыі на па-руску, чаму гэтая кніга напісаная па-нямецку і ці збіраецца пісьменнік у далейшым вярнуцца да рускай мовы, Шышкін адказаў:

«Па-руску, вядома, пішу. Гэтая кніга выйшла па-нямецку, бо я напісаў яе для нямецкага і ўвогуле заходняга чытача. Цяпер яна выходзіць на ўсіх мовах, уключаючы японскую».

Як адзначае швейцарскае выданне, зборнік — кароткі курс гісторыі Расіі з акцэнтам на найноўшы яе перыяд, курс безумоўна карысны для замежнікаў, якія шчыра спрабуюць зразумець сённяшнія падзеі.

Рэцэнзію на кнігу змясціла французская газета Le Monde. Выданне адзначае, што пісьменнік настойвае на тым, што Расія павінна згарэць, а разам з ёй стагоддзі хлусні і прыняцця хлусні, зневажэння перад абліччам хлусні. У руінах, магчыма, прачнецца іншая, пахаваная Расія, яе стары імпульс, зламаны імперыяй, камунізмам і іх падвойным спадкаемцам Пуціным.

У гэтым, як адзначае выданне, уся сіла гэтай вялікай кнігі гневу, скіраванага на тое, каб захаваць адкрытай магчымасць або мару аб адраджэнні. Якраз тую, свабодную Расію, Міхаіл Шышкін ведаў.

Згадваючы гібель трох маладых людзей у жніўні 1991 года падчас путчу, пісьменнік адзначае:

«Мы былі ўпэўненыя, што гэта будзе апошняя кроў, якая пральецца ў нашай краіне. На жаль, гэта была толькі першая кроў новай Расіі».

Le Monde перадае думкі Шышкіна аб тым, што пасля перамогі ў Расіі дэмакратыі яна хутка была парушаная, а краіна заглыбілася ў карупцыю. Пры гэтым, як згадвае пісьменнік, не было ні Нюрберга савецкага таталітарызму, ні чысткі сярод карнікаў.

Пуцін і яго людзі, якія прыйшлі да ўлады ў канцы гэтага згубленага дзесяцігоддзя, былі былымі савецкімі кадрамі, толькі ў новым адзенні. Імперыялістычны прыгнёт і падман зноў занялі сваё месца ў цэнтры рускага жыцця.

«Будаўніцтвам новай дэмакратычнай Расіі кіравалі былыя партыйныя работнікі і супрацоўнікі КДБ, якія, відавочна, будавалі толькі тое, што ўмелі будаваць»,

— адзначае аўтар у сваім інтэрв'ю Le Monde.

Пісьменнік таксама звяртае ўвагу на тое, што заходнія дэмакратыі ў пачатку 1990-х адыгралі важную ролю ва ўмацаванні новай крымінальнай дыктатуры ў Расіі. На яго думку, яны маглі б дапамагчы расійскай дэмакратыі, якая толькі зараджалася, маглі паказаць ёй, як працуе вяршэнства закона: ёсць законы, і той, хто іх парушае, сядае ў турму.

«Рускі народ паняцця не меў, што такое вяршэнства права. У той самы час ён быў адкрыты для заходніх дэмакратычных ідэй. Гэта магло спрацаваць. Але гэтага не здарылася. Я працаваў у тыя гады перакладчыкам у Швейцарыі і бачыў, як юрысты і банкіры радаваліся вялізным брудным грашам, якія прыходзяць з Расіі. Захад паказаў, што калі справа даходзіць да вялікіх грошай, вяршэнства закона знікае»,

— выказвае свой погляд пісьменнік.

Абсалютную большасць уключаных у зборнік эсэ аўтар напісаў у 2019 годзе. З новага, напісанага ў 2023 годзе, толькі тры тэксты: прадмова, пасляслоўе і разважанне пра Томаса Мана, вялікага нямецкага пісьменніка, які ў 1933 годзе, пасля прыходу да ўлады нацысцкага ўрада, пераехаў у Цюрых. Нямала рускіх аўтараў, якія вымушана пакінулі ў апошні час Расію, спрабуюць паставіць сябе сёння на яго месца.

Як адзначае «Наша газета», перад поглядам замежнага чытача паўстае краіна, уся гісторыя, усё развіццё якой заснаванае на гвалце. Міхаіл Шышкін апісвае краіну, на чале якой заўсёды аказваюцца цынікі і паразіты, якія разважаюць як звычайныя бандыты; дзе грамадзяне з дзяцінства прывучаюцца да хлусні як да спосабу выжывання; дзе пачуццё непаўнавартаснасці, недасканаласці непарыўна звязанае ў людзях з ганарыстасцю і пыхай, з невытлумачальнай верай у загадкавасць уласнай душы, у абранасць рускага народа і адмысловую місію Расіі. Міхаіл Шышкін апісвае паліцэйскую, мафіёзную дзяржаву, дзе карупцыя — норма, дзе армія — школа рабства, а хвалёнае «цярпенне рускага народа» — толькі выраз яго лёкайскай сутнасці.

Тон кнізе задаецца ўжо самым першым радком. «Балюча быць рускім» — з гэтых слоў пачынаецца прадмова аўтара.

«У агляднай будучыні Расія будзе асацыявацца ўжо не са сваёй музыкай ці літаратурай, але з бомбамі, што падаюць на дзяцей, са страшнымі вобразамі Бучы».

«Зверствы здзейснілі ад імя майго народа, маёй краіны, ад майго імя. Але ж існуе і іншая Расія. І вось гэтая Расія напоўненая болем і смуткам. Ад імя маёй Расіі, ад імя майго народа я хачу папрасіць прабачэння ва ўкраінцаў. Але я ведаю, што тое, што там адбылося, прабачэнню не падлягае», — піша Міхаіл Шышкін.

У інтэрвʼю Le Monde пісьменнік адзначыў:

«Усё жыццё я адчуваў пад нагамі цвёрдую глебу — рускую культуру. З моманту ўварвання ва Украіну пад нагамі нічога няма. Расія стала краінай забойцаў, мая мова стала моваю забойцаў. Ці можа Расія, якая вядзе гэтую ганебную вайну, быць маёй краінай? Я хачу вярнуць годнасць сваёй мове і сваёй культуры. Гэта можа прыйсці толькі праз поўнае паражэнне пуцінскага рэжыму і поўную перамогу Украіны. І мы мусім зрабіць для гэтага ўсё, што ў нашых сілах».

У інтэрвʼю пісьменнік выказвае ўпэўненасць у тым, што ў Расіі наспявае новая смута. Вайна скончыцца перамогай украінцаў, а Пуцін рана ці позна знікне. Увесь свет дапаможа Украіне аднавіць тое, што разбурылі расійскія салдаты. А на мяжы з Расіяй будзе пабудаваная вялікая сцяна.

Тое, што будзе адбывацца за гэтай сцяной, не выклікае ў Шышкіна аптымізму.

«У Расіі будзе барацьба за ўладу, і хаос выкліча новую хвалю гвалту. Распад імперыі працягнецца. Ад яе адколецца Чачня і іншыя рэспублікі».

Пісьменнік задае пытанне: ці ёсць у гэтых новых дзяржаў і ў самой Расіі шанец стаць дэмакратыяй? І адказвае на яго станоўча, пры гэтым удакладняючы:

«Толькі ёсць адна ўмова: павінна быць прызнаная калектыўная вінаватасць у гэтай агрэсіі. Нам патрэбнае нацыянальнае пакаянне. Ваенныя злачынцы павінны быць пакараныя».

Аднак, на думку Шышкіна, шмат залежыць ад таго, хто ўзначаліць гэты працэс, хто пасадзіць у турмы тых, хто забіваў украінцаў і падтрымліваў вайну, хто будзе арганізоўваць свабодныя выбары. У першым выпадку можа стаць так, што пакараннем злачынцаў будуць займацца самі ваенныя злачынцы. А арганізоўваць выбары будуць тыя ж запужаныя людзі, якія іх фальсіфікавалі.

«Кім замяніць сотні тысяч паліцэйскіх, суддзяў і дзяржслужачых усіх узроўняў? Кім замяніць насельніцтва гіганцкай краіны? Вельмі імаверна, што да ўлады прыйдзе новы Пуцін, і Захад працягне яму руку, бо ён паабяцае ўзяць пад кантроль ядзерную зброю. І гісторыя Расіі зноў укусіць сябе за хвост»,

— папярэджвае Шышкін.

Чытайце яшчэ:

«Усе хлусяць». У чым корань пуцінскай ідэалогіі?

Томас Венцлава: Казаць, што імперыялізм і агрэсія ў рускіх у генах або «ў культурным кодзе» — гэта расізм

Расіяне выцерпяць беднасць і несвабоду, але не паражэнне ў вайне — Фрыдман

Клас
30
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?