Бахарэвіч

Фота: фэйсбук-старонка выдавецтва «Янушкевіч»

«Гэта кніга, якая ад першай да апошняй старонкі пра тое, што баліць кожнаму з нас, з аналізам таго, што адбывалася і адбываецца з намі з пачаткам рэвалюцыі, пратэстаў і вайны побач з намі, і ўсяго, што мы ў гэтай сувязі перажываем», — характарызуе Хадановіч новую кнігу Бахарэвіча.

На яго погляд, гэтая кніга пра тое, што невыносна баліць нам усім. Хоць не ўсе, асабліва ў Беларусі, могуць казаць, выражаць гэта так адкрыта, як Альгерд Бахарэвіч. 

«Кніга пра спробу паўстання, спробу рэвалюцыі, пра нечуваныя рэпрэсіі і тых, хто за гэта адказвае і абавязкова адкажа, пра катаў і іх ахвяр, пра неабыякавых і, на жаль, абыякавых. Кніга пра тую частку беларусаў, якія не кідаліся ў вочы падчас шматтысячных маршаў, калі здавалася, што мы разам і прагнем аднаго. А хтосьці быў убаку, маўчаў і сваёй абыякавасцю дапамагаў злу забіваць, караць здзекавацца з людзей», — адзначае крытык.

Сам Альгерд Бахарэвіч у прадмове так тлумачыць сваю задуму:

«Аднойчы да цябе прыходзіць гісторыя і забірае з сабой. Так бывае з краінамі, так бывае з кнігамі, так бывае з людзьмі. Гісторыю нельга забараніць. Можна адсячы на гадзінніку стрэлкі, можна прымусіць іх круціцца назад, можна прыдумаць свой уласны час і абвясціць яго адзіна правільным, караючы тых, хто наважыцца ў гэтым сумнявацца. Гісторыя ўсё роўна ўварвецца туды, дзе яе завочна асудзілі на неіснаванне. Расплата за саманадзейнасць і манію велічы будзе жорсткай. Тыя, хто ўяўляў сябе багамі, уладарамі часу, паляцяць у прорву, цягнучы за сабою нас».

Кніга «Ператрус у музэі» складаецца з 16 апавяданняў. У першым апавяданні «Азарэнне» мы разам з аўтарам і яго героямі апынаемся на маршы пратэсту. Але не трэба спяшацца лічыць тэкст простай публіцыстыкай, як заўважае Хадановіч і працягвае: «Аўтар сур'ёзна рызыкуе дайсці да гэтага. Але пісьменнік з талентам Бахарэвіча знаходзіць спосаб, каб літаратура заставалася літаратурай. І ёсць тут свае сімвалы, свае глыбіні, свае таямніцы, якія раней ці пазней разгадваюць праніклівыя чытачы».

У героях апавядання нескладана пазнаць самога аўтара і яго спадарожніцу-паэтку, якая фігуруе ў кнізе пад іменем Агнія. Да іх далучаецца просты жыхар Кальварыйскай, які ўбачыў марш з акна свайго дома. «Самыя ўважлівыя хутка разбяруцца ў тым, хто ён і якая прырода яго эмпатыі і падтрымкі», — адзначае Хадановіч.

У апавяданні «Прачытай гэта шэптам», як кажа крытык, гучыць тэма культуры як зброі бяссільных, якая, магчыма, недастатковая дзеля перамогі, але дастатковая для таго, каб быць унутраным сховам, каўчэгам, месцам падполля і ўнутранай эміграцыі.

Герой апавядання — хлопец Зміцер, што выходзіць на пратэсты і трапляе ў аблаву. Ён ратуецца ад хапуну ў дварах і выпадкова трапляе на дзверы дзіцячай бібліятэкі, дзе працуе яго маці. Ад маці ў яго ключы, і ён можа адчыніць дзверы і схавацца. Разам з ім ад аблавы хаваюцца яшчэ некалькі чалавек. Усё, што яны могуць, — легчы на падлогу і на падлозе шэптам перамаўляцца.

Схоў не самы надзейны. А адзінства, што на час пануе паміж уцекачамі ў схове, не такое гарманічнае. І вось ужо высвятляецца, што адзін з герояў істотна розніцца сваімі поглядамі. Ён выйшаў разам з усімі на пратэсты. Але ён любіць усё расійскае. Высвятляецца, што ён сімпатызуе Пуціну і лічыць яго адзінаю альтэрнатываю беларускай дыктатуры.

На погляд Хадановіча, найболей болю і бяссільнага сораму ў апавяданні «Майскія акварыды». На юбілеі заслужанага настаўніка ў школе збіраюцца яго калегі і прамаўляюцца тосты. Гучаць казённыя фразы людзей, якія надзейна схавалі галаву ў пясок, як страусы, і не высоўваюць яе туды, дзе жахліва.

Але на застолле трапляе малады пляменнік юбіляра, які выбіваецца з гэтай стратэгіі. Яго пераследуе думка, якой ён не можа пазбавіцца. Быццам над імі пралятаюць ракеты, і ён чуе, як яны ляцяць. Малады чалавек спрабуе гаварыць пра гэта падчас застолля. Ад яго аджартоўваюцца, прысаромліваюць.

У апавяданні «Карнікі» аўтар падхоплівае антыфашысцкую тэму Алеся Адамовіча. Але месца фашыстаў займаюць беларускія сілавікі. І ўсё адбываецца па сцэнары, знаёмым нам па літаратуры пра Другую сусветную вайну.

Сілавікі прыязджаюць у вёску, шукаюць ахвяру, якую мусяць арыштаваць. Яна не даецца ім у рукі, уцякае. А яны здзекуюцца з мірных жыхароў, пагражаючы загнаць іх у хлеў і ўсіх спаліць жыўцом. Сярод персанажаў ёсць сілавік, які ўжо паспеў забіць бейсбольнай бітай няўзброенага хлопчыка, які прасіў адпусціць яго.

У апавяданні «Артыкул 405» дзеці гуляюць на вуліцы ў АМАП і людзей. Яны даганяюць, палююць, бʼюць адно аднаго. Ставяцца да гэтага як да належнага і атрымліваюць ад гэтай гульні задавальненне. Але, як адзначае Хадановіч, больш цікавы за дзяцей іншы персанаж, які назірае за гэтым усім з акна на першым паверсе. Ён спрабуе працаваць за кампʼютарам і страшна наракае на дзетак, што замінаюць яму засяродзіцца. Але, калі «амапаўцы» просяць паказаць, дзе хаваецца ахвяра, гэты інтэлігент за камп'ютарам паказвае месца схову.

Сярод персанажаў кнігі, як адзначае Хадановіч, ёсць тыя, што маюць пазнавальных прататыпаў, якія, магчыма, смяротна абразяцца на аўтара.

Ёсць сярод персанажаў адыёзны прапагандыст з пазнавальным прозвішчам Макраштаннік, што заходзіць у сэкс-шоп і зацікаўліваецца дзіўнаватай цацкай — ружовым гумовым Гімлерам з выкінутым угору нацысцкім жэстам.

Ёсць, здавалася б, добрая пісьменніца з бясспрэчнымі заслугамі перад беларускай культурай, але супрацоўніцтва з сістэмай заганяе яе ў сітуацыю быкаўскага Рыбака, прымушаючы зрабіць выбар.

Крытык спрабуе разабрацца, пра што кажа назва кнігі «Ператрус у музеі»? Гэта помста культуры, якая зрабілася зброяй бяссільных, і нават тупыя ворагі пабачылі яе значнасць і вырашылі яе зачысціць? Або знаёмая нам дзякуючы Оруэлу спроба змяніць мінулае? Хадановіч прапануе згадаць, як у «1984» у Міністэрстве праўды выразалі з газет нязручнае мінулае і знішчалі яго ў адпаведнай трубе, перапісваючы нанова.

Ёсць у гэтым і элемент самахарактарыстыкі, як адзначае крытык: — «Вобраз няўрымслівага аўтара, правакатара, які раз за разам робіць сваё выказванне некамфортным, здымае музейны пыл з культуры, з таго, што рызыкуе ператварыцца ў штампы, у змярцвелыя словы, спробай зноў зрабіць гэтыя словы, гэтую мову і культуру актуальнай нават цаной болю, якім баліць аўтару і якім баліць чытачам».

Хадановіч пагаджаецца з тэзісам, які сфармуляваў Бахарэвіч у прадмове аб тым, што змяніць гісторыю, павярнуць час немагчыма. «Таму помста будзе балючай. На жаль, акрамя тых, хто заслугоўвае гэтай справядлівай адплаты, пацярпіць і цярпіць цяпер вялікая колькасць нявінных людзей», — гаворыць літаратар і крытык.

Чытайце яшчэ:

Альгерд Бахарэвіч апублікаваў адразу дзве кнігі ў электронным варыянце

Шэсць кніг сучаснай польскай прозы, якія варта прачытаць беларусам

Кніга беларускай блогеркі, якая змагалася з ракам, б'е рэкорды продажаў

Клас
18
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
4
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?