Будынак мэрыі на цэнтральнай плошчы пасля абстрэлу, 1 сакавіка 2022 г. Фота: AP

Будынак мэрыі на цэнтральнай плошчы пасля абстрэлу, 1 сакавіка 2022 г. Фота: AP

Пра тое, што адбываецца ў горадзе, «Нашай Ніве» распавяла мясцовая жыхарка. Ганна — маладая дзяўчына, журналістка. Апроч напісання навін, яна цяпер дапамагае валанцёрам у сваім раёне.

«Учора я ездзіла дадому — выбуховай хваляй там выбіла вокны»

Масква планавала ўзяць горад за два дні, але пралічылася. Цяпер баявыя дзеянні больш ідуць пад Харкавым, але ў самім горадзе таксама неспакойна.

«Сёння ў нас тройчы гучала сірэна паветранай трывогі. І цяпер, пакуль мы з вамі размаўляем, я перыядычна чую аддаленыя выбухі», — кажа дзяўчына.

Калі спачатку ўдары наносіліся па вайсковых аб’ектах, то пасля мішэнню сталі і грамадзянскія будынкі. 

«Сённяшні дзень паказаў, што гэта не проста вайна, а гэта забойства нас, украінскага народа. Упершыню за шматгадовую гісторыю Харкаў перажыў такое. Снарады, якія траплялі ў жылыя дамы, забіўшы і пакалечыўшы ні ў чым не вінаватых жыхароў», — сказаў мэр Ігар Церахаў у відэазвароце 28 лютага. 

На наступны дзень Харкаў трапіў пад страшны абстрэл. 1 сакавіка адзін са снарадаў прызямліўся наўпрост перад Харкаўскай абласной адміністрацыяй. Загінула 10 чалавек.

Добраахвотнікі выносяць ахвяру абстрэлу з будынка мэрыі, 1 сакавіка 2022 г.Фота: AP

Добраахвотнікі выносяць ахвяру абстрэлу з будынка мэрыі, 1 сакавіка 2022 г.Фота: AP

У наступныя дні пацярпела галоўнае упраўленне Нацпаліцыі вобласці, некалькі цэркваў, заводаў, бальніцы, жылыя масівы. 

Найбольш дасталася раёну Салтаўка, што на ўскраўку горада, вельмі блізка да расійскай мяжы. Яго бамбяць кожны дзень. Ганна здымала кватэру акурат у тым раёне, у яго частцы, якая называецца Паўночнай Салтаўкай. У першы дзень вайны яна пераехала ў іншую частку горада — разам са знаёмымі яны пакуль месцяцца ў паўпадвальным офісным памяшканні.

«Учора я ездзіла дадому. У мяне 16-павярхоўка — на паверхах з першага па дзясяты вокнаў проста няма, іх выбіла выбуховай хваляй. Калі я зайшла ў сваю кватэру, пабачыла, што там не проста павыбівала шкло, але нават рамы пагнула.

У кватэры Ганны

У кватэры Ганны

Цяпер там немагчыма жыць — вельмі холадна, на вуліцы трымаецца мінусавая тэмпература. У многіх дамах на Салтаўцы няма святла, праблема з газам. У маім доме толькі халодная вада пад слабым напорам цячэ. Тыя людзі, чые дамы не так моцна пацярпелі, застаюцца там жыць, нават нягледзячы на тое, што ў іх няма святла».

Адзін з дамоў у Салтаўцы

Адзін з дамоў у Салтаўцы

Адміністрацыя цяпер шукае варыянты, дзе размясціць людзей, што страцілі сваё жыллё.

«Перынатальны цэнтр цяпер у бомбасховішчы»

Расійскіх вайскоўцаў у горадзе няма. Ганна згадвае, што калі 27 лютага адбываўся прарыў у Харкаў (найперш лёгкай тэхнікі і дыверсійна-разведвальных груп), мясцовых прасілі не выходзіць на вуліцу — каб паліцыя не прыняла іх за дыверсантаў.

Цэнтральная плошча пасля абстрэлу, 1 сакавіка 2022 г. Фота: AP

Цэнтральная плошча пасля абстрэлу, 1 сакавіка 2022 г. Фота: AP

З Харкава эвакуявалася 600 тысяч чалавек. Выязджаюць на машынах, аўтобусах, цягніках у суседнія вобласці (Палтаву, Днепр) і на захад Украіны (Львоў, Ужгарад). Большасць абірае маршрут на Львоў. 

«Многія ў чатах пытаюцца пра свае дамы і дамы знаёмых, ці яны стаяць яшчэ. Гэта людзі, якія або выехалі, або ў каго тут родныя, з якімі яны не могуць звязацца», — дзеліцца Ганна.

У Харкаве дзейнічае камендацкая гадзіна — з 18-й вечара да 6-й раніцы. Школы закрытыя — былі выпадкі, калі ў іх траплялі снарады. Бальніцы працуюць, некаторыя з іх пераехалі ў бомбасховішчы. У падвальным памяшканні цяпер перынатальны цэнтр, дзе дактары выходжваюць немаўлят.

Працуюць сеткавыя прадуктовыя крамы, маленькія стаяць зачыненыя.

«Чэргі — нашая новая рэальнасць. Былі сітуацыі, калі мы па дзве гадзіны стаялі ў чарзе па прадукты. Некаторыя стаяць, нават калі раздаюцца выбухі. У канцы лютага было, што прыходзіш — і напалову пустыя паліцы: не было круп, гародніны, фруктаў. Адміністратарка адной з крам распавядала, што у іх не было завозу прадуктаў, бо да іх адмаўляліся ехаць фуры. Цяпер сітуацыя лепшая». 

У горадзе раздаюць гуманітарную дапамогу — яе можна атрымаць у некаторых паштовых аддзяленнях.

З таго, што складана знайсці, — заатавары. Корм для хатніх гадаванцаў імгненна разбіраюць. Велізныя чэргі ў аптэкі. Многіх прэпаратаў няма, і пажылыя доўга распытваюць фармацэўтаў, якая замена можа быць. Ганна з сяброўкай апошні раз прастаяла пад аптэкай пяць гадзін. Яны закуплялі цэлы спіс лекаў, пра якія іх прасілі жыхары раёна.

Гарадскі транспарт у Харкаве не ходзіць. Метро цяпер стала бомбасховішчам. Моцна падскочылі цэны на бензін, якога часам не хапае.

З якімі думкамі засынаюць гараджане?

«У мяне частка сям’і ў Марыупалі, частка — на акупаваных тэрыторыях. Таму я вельмі моцна перажываю за іх, — уздыхае Ганна. — З сяброўкамі перапісваюся кожны дзень, пытаюся, як у іх сітуацыя. Асабіста я стараюся давесці сябе да такога стану, калі ўжо проста засынаю ад стомы, каб не думаць пра штосьці. Валанцёрства і праца з навінамі моцна стымулююць, каб не шкадаваць сябе і не ўпадаць у паніку».

За два тыдні вайны ў Харкаўскай вобласці часткова ці цалкам зруйнавалі 472 будынкі. Па стане на 10 сакавіка, у вобласці загінула 11 дзяцей. 

Чытайце таксама:

Харкаў пасля ракетных удараў. ФОТА 18+ 

Вайна ва Украіне. Сямнаццаты дзень АНЛАЙН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0