Павал Севярынец. Нацыянальная ідэя. Фэнаменалёгія Беларусі. — Рыга: Ontis M, 2007.

Павал Севярынец. Люблю Беларусь: 200 феноменаў нацыянальнай ідэі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008 — (Кнігарня «Наша Ніва»)

Крытыкаваць з’яву ямчэй, калі тыя, чые словы будуць выкарыстаныя ў якасці прыкладаў, трохі абароненыя ад крытычных «стрэлаў». Урэшце, яны маюць нават нейкую заслугу перад крытыкам, прапануючы яму неабходны матэрыял для прыкладаў.

Даўно заўважыў быў прыхільнасць выдаўцоў беларускамоўнай літаратуры да паўтарэння. Надрукаванае ў газеце сабраць у кнігу, вядомыя апавяданні перагрупаваць і выдаць зноў (не заўсёды ўскладняючы сабе жыццё нават абнаўленнем прадмовы), выдадзеныя год‑два таму ўспаміны крыху пашырыць... — гэта пачалося ня ўчора. Але апошнім часам з’ява набыла прыкметы эпідэміі. Калі яшчэ дадаць сюды даўні раман выдаўцоў з пісьменніцкімі шуфлядамі і прапыленымі архіўнымі папкамі, з якіх выкопваюцца незлічоныя накіды, зацемкі ды асабістая перапіска, дык дзіва бярэ, як увогуле прабіваюцца на старонкі кніг і часопісаў новыя творы і імёны.

Аднак кожны выпадак дублявання‑перавыдання ўскладняецца непазбежнымі прыватнымі акалічнасцямі. Там аўтар вядомы, тут выдавецтвы зусім розныя, а вось дадатак зроблены, невялікі, ды важкі... У выпадку сп. Севярынца ў наяўнасці ці не ўсе гэтыя фактары. Тым рэльефней на прыкладзе дзвюх ягоных кнігаў відаць, у чым хібіць прыемна лёгкі спосаб «памнажэння» культурных каштоўнасцяў.

Нехта скептычна пасміхнецца дзеля «культурных каштоўнасцяў» і ў нейкім сэнсе будзе мець рацыю. Па жанры тэксты сп.Севярынца ляжаць бліжэй публіцыстыкі, ідэалогіі і прапаганды, чым мастацтва, гісторыі і філасофіі. Але найяскравейшая іхняя рыса — шчырасць — хаця й з’яўляецца катэгорыяй хутчэй маральнай, мае ў сённяшняй культурнай сітуацыі надзвычайную каштоўнасць. Сваёй узнёсласцю кнігі абуджаюць у душы ўспамін пра караткевічаўскую «Зямлю пад белымі крыламі», а гэта не самая горшая ацэнка для кнігі пра Беларусь.

Здавалася б, прызнанням у каханні паўтарэнне ня шкодзіць. Але — чыста механічнае дубляванне старых выказванняў непазбежна замінае паўставанню новых і свежых, бо чамусьці адбываецца пад шыльдаю «новая кніга». Гэтым істотна абцяжарваецца ўваход новага (думкі, аўтара, тэксту) ў культурную і грамадскую прастору. Прымальнае ў асобных выпадках, зрабіўшыся сістэмнай з’яваю выглядае ўжо як шкодная звычка. Мода на дублі шкодзіць прэстыжу творчасці і самастойнага думання гэтаксама, як прэстыжу аўтараў, якія замест стварэння заняліся тыражаваннем.

Сярод навінак апошняга часу тэксты сп. Севярынца амаль што ўнікальныя сваім аптымізмам, шчырасцю і поўнаю адсутнасцю снабізму. Спадзяюся, ён канструктыўна зразумее шчырае папярэджанне: хай сабе Геракліт быў сноб і пыхлівец, але гаворачы, што нельга ўвайсці ў адну раку двойчы, ён меў рацыю, і пра гэта варта згадваць, рыхтуючы нешта да перавыдання. Дый рэчак на Беларусі шмат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?