Дзякуючы прафесіяналізму і кемлівасці вадалаза манеўрана-пошукавай групы мінскага Асвода Мікалая Мінькоўскага сёння быў прадухілены суіцыд, пішуць «Мінск-навіны».

— 2 ліпеня, як звычайна, адправіўся на працу на ровары, — распавядае Мікалай. — На гадзінніку было каля 6:30. Маршрут пралягаў па веладарожцы пад мостам праз раку Свіслач уздоўж вуліцы Багдановіча ў бок Зыбіцкай.

Маю ўвагу прыцягнуў мужчына, які стаяў за парэнчамі моста і выяўляў відавочнае жаданне скокнуць у ваду. Было зразумела, што ён ці моцна ўсхваляваны, ці выпіў.

Я спыніўся пад мостам і паспрабаваў пагаварыць з маладым чалавекам (яму было недзе 30 гадоў). У размове, якая доўжылася каля 15-20 хвілін, высветлілася, што ў яго нейкія жыццёвыя нягоды, усе ад яго адвярнуліся, ён нядаўна пахаваў найлепшага сябра. Пачаў адгаворваць яго ад неабдуманага ўчынку, які мог мець самыя трагічныя наступствы. Сказаў, што ў гэтым месцы рака неглыбокая, можна зламаць ногі, а таксама атрымаць штраф за хуліганства.

Мікалай Мінькоўскі

Мікалай Мінькоўскі

У гэты час па мосце праходзіла шмат мінакоў, але ніхто не звяртаў на нас увагі.

Не было і рыбакоў, якія размясціліся па беразе рэчкі. Я быў у слухаўках і падчас размовы з мужчынам выклікаў па тэлефоне нарад міліцыі. Хвілін праз дзесяць ён прыехаў. Падчас нашай гутаркі двое супрацоўнікаў праваахоўных органаў, падкраўшыся ззаду, моцна абхапілі мужчыну за плечы і схапілі за рукі. Пасля гэтага ён быў дастаўлены ў міліцыю для далейшага разбіральніцтва. А я паехаў далей на дзяжурства ў Асвод.

Мікалай ужо 9 гадоў працуе выратавальнікам. Два гады быў сезонным матросам, а пасля вучобы перакваліфікаваўся ў вадалаза манеўрана-пошукавай групы, якая базуецца на выратавальнай станцыі «Пціч».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0