Лідчанін Аляксей Барматаў купіў кватэру ў 2016 годзе, у ёй ужо былі ўсталяваныя дзверы, якія адчыняюцца вонкі. Але суседцы гэта не спадабалася, і яна падала на мужчыну ў суд. І хаця судовая справа завершаная не на карысць Аляксея, дзверы перастаўляць ён не думае.

«Наша Ніва» пагутарыла з абаімі ўдзельнікамі канфлікту. Вось што яны расказалі:

Аляксей Барматаў: «Праз гэтыя дзверы я не маю права пакідаць межы Беларусі»

«Кватэру, у тэхпашпарце якой было напісана, што дзверы адчыняюцца вонкі, я купіў яшчэ ў 2016 годзе. Пачаў рамонт, памяняў дзверы, але напрамак іх адкрыцця не мяняў. Але хто ж ведаў, што маёй суседкай па лесвічнай пляцоўцы будзе прафесійная скаржніца?

83-гадовая суседка стала скардзіцца ў ЖЭУ, на гарачыя лініі.

У 2018 годзе падала на мяне ў суд. І выйграла яго. І гэта пры тым, што ў нашым пад’едзе ўнутр адчыняюцца толькі дзверы ў адной кватэры, у гэтай самай суседкі!

Аляксей Барматаў жыве ў кватэры № 25, яго суседка — у 26-й.

Аляксей Барматаў жыве ў кватэры № 25, яго суседка — у 26-й.

Яе асноўны аргумент, што яна інвалід, мае праблемы са зрокам, і баіцца, што мае дзверы яе могуць траўмаваць. Я пытаўся, ці здаралася такое раней, яна адказвае, што не.

Але суд быў на баку пенсіянеркі. Прытым што за год да маёй справы вынес роўна супрацьлеглае рашэнне па аналагічнай сітуацыі.

Ды і ў кватэрах у саміх суддзяў дзверы адчыняюцца вонкі, відаць, таксама з парушэннем.

Мне з зайздроснай рэгулярнасцю дасылаюць штрафы за невыкананне рашэнне суда. Першы штраф быў 10 базавых велічынь. Аплаціў.

Сёння мне забаронена пакідаць межы Беларусі, кіраваць аўтамабілем, але дзверы я пераўсталёўваць не буду.

Чаму? Ды таму, што, калі яны будуць стаяць унутр, яна знойдзе іншую прычыну, па якой прычапіцца.

Просты прыклад. Ля нашага дома ёсць цёмны закуточак, куды любілі схавацца мясцовыя алкаголікі. Сусед, што жыве над гэтым закуточкам, паставіў там агароджу, разбіў клумбу, зрабіў прыгажосць. Дык гэта суседка стала пісаць скаргі, што праз тое, што цяпер там рэгулярна паліваюцца кветкі, у яе ад вільгаці ў падвале цвіце бульба».

Суседка Ірына Чарных: «Я не збіраюся цярпець яго выхадкі»

Мне 83 гады, 50 апошніх гадоў я жыву ў гэтым доме. У 2003 годзе гаспадары суседскай кватэры ўжо ставілі дзверы, якія адкрываліся вонкі. У 2014 новыя суседзі паставілі дзверы, якія адкрываліся ўнутр. Гэта ўжо пяты ці шосты гаспадар, і ён зноў робіць так, як зручна толькі яму.

Калі яго дзверы адчыняюцца вонкі, я не магу ні выйсці, ні зайсці ў сваю кватэру адначасова з ім. І я баюся, што аднойчы ён будзе адчыняць дзверы, калі я буду стаяць на пляцоўцы, і пераломіць мне ўсе рэбры ручкай сваіх дзвярэй.

Калі ён пачаў рамонт, у нашым выканкаме праходзіла гарачая лінія. Я дазванілася да старшыні выканкама, на наступны дзень прыехалі работнікі ЖЭУ. Яны і выносілі рашэнне, што дзверы стаяць незаконна, няправільна.

Я не ведаю, колькі мне засталося жыць, але я не буду да смерці цярпець выхадкі свайго суседа. Ёсць рашэнне суда. Я не разумею, чаму ён скардзіцца на мяне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?