Эскіз помніка калектыву скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, а таксама архітэктараў М. Маркаўцовай і В. Ярмолінай.
Міністэрства культуры каротка абвясьціла вынікі конкурсу эскізных праектаў памятнага знаку ва ўрочышчы Курапаты. Пераможцам названы аўтарскі калектыў скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, а таксама архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай, піша Радыё Свабода.
Як выглядае работа, на сайце Міністэрстэрства культуры не паведамляецца. Свабодзе не ўдалося апэратыўна высьветліць у міністэрства, які варыянт помніка перамог у конкурсе.
Адзін з аўтараў праекту, Сяргей Аганаў расказаў Свабодзе, што выбраны варыянт з чатырма слупамі ў «іржавым» мэтале.
Паводле ўмоваў конкурсу павінна быць капліца. У нас не капліца, а тое, што яе нагадвае, гэта чатыры слупы
Паводле Аганава, аўтары мюць прынцыповую пазыцыю «максымальна захаваць народны мэмарыял, які цяпер існуе»:
«Для нас важныя усе плястычныя аб’ёмы і ўсе крыжы і помнікі, якія ёсьць. Мы ставілі сабе задачу максымальна інтэграваць свой знак у існуючы мэмарыял».
Паводле скульптара, ржавы колер знаку спалучаецца з курапацкімі соснамі, а вэртыкальная форма гарманіруе з існуючымі крыжамі, што сьведчаць пра неабыякавасьць людзей, якія іх усталявалі.
Мэмарыяльны знак будзе ўтрымліваць подпісы пра ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930-40 гадоў: маці, сын, бацька, дзед, паколькі ўсе ахвяры былі чыімісьці роднымі.
«Цяпер ідуць перамовы па фінансаваньні, у чацьвер абудзецца паседжаньне мастацкай рады па манумэнтальным і дэкаратыўным мастацтве пры Савеце міністраў, на якім будуць зацьвярджаць праект», — дадаў Аганаў.
Знак будзе ўсталяваны ў Курапатах наверсе пагорку, дзе цяпер стаяць вялікія крыжы і дзе звычайна адбываюцца мітынгі, але будзе пасунуты на 10 мэтраў убок ад цэнтру, паколькі там праходзіць газаправод.
Аўтарскі калектыў мае праект мэмарыялізацыі ўсіх Курапатаў, ад уваходу і да Галгофы, але пра гэта пакуль мова ня йдзе, паведаміў Свабодзе Аганаў.
Вольга Нячай і Сяргей Аганаў — таксама аўтары помніка князю Гедзіміну ў Лідзе (таго, на якім князь стаў звацца Гедымінам).