Фестываль «Памежжа» праводзіцца ў Менску ўжо чацверты раз запар, з 2015 году. «Памежжа» разважае пра сустрэчу і ўзаемадзеянне культур, канфесій, супольнасцяў, асоб, асэнсоўваючы мясцовы і сусветны вопыт хрысціян — і не толькі.

Памежжа — гэта не мяжа, што падзяляе розныя несумяшчальныя якасці, а прастора сустрэчы розных культурных, этнічных, прафесіянальных супольнасцяў для дыялога і ўзаемнага спазнання, каб дзейнічаць сумесна — у згодзе і творчасці.

Пятніца, 15 чэрвеня

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (Філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь) (Музычны завулак, 5)

16.00: Экскурсія для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю.

16.40: «Слава і трагедыя народа Божага». Прэзентацыя выставы графічных працаў Ліліі Ратнер. Ірына Языкава, мастацтвазнаўца, кандыдат культуралогіі, сябра Садружнасці «Артас», ББІ (Масква).

Лілія Мікалаеўна (1929—2016) — маскоўскі мастак і мастацтвазнаўца, аўтар сотняў графічных аркушаў і дзясяткаў аналітычных артыкулаў, прысвечаных выяўленчаму мастацтву. На выставе прадстаўленыя два тэматычных цыклы — «Прарокі» і «Народ Бібліі ў Асвенцыме», над якімі мастачка працавала ў апошнія гады жыцця.

Субота 16 чэрвеня

«Белы кабінет» (вул. Бялінскага, д. 4, кв. 49)

11.00: «У вакно/ на вакне/ з вакна. Набіванка і вышыўка на палатне». Прэзентацыя працаў Марыны Бялькевіч (Масква).

Мастачка Марына Бялькевіч спалучае ў сваіх манументальных працах адразу некалькі, здавалася б, абсалютна традыцыйных тэхнік — шматслойную лінагравюру, ручную набіванку і вышыўку на тканіне, чым дабіваецца надзвычай свежага, «авангарднага» эфекту. Крылаты леў, евангеліст Марк, мінаючы вакно, абарочваецца і бачыць у вакне нас і бухматую капу кветак у шкляным слоіку на падваконні.

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (Музычны завулак, 5)

13.00: «Танцы нашага мястэчка». Капэла «Жыдовачка» (Барысаў). Тома Гаеўская, акардэон; Аня Сяменьнік, скрыпка; Ўлада Міхайлава, віяланчэль; Віка Лапанік і Ната Голава, бубен/барабан і танцавальны майстар-клас.

Капэла была створаная ў 2017 годзе барысаўскімі аматарамі традыцыйнай танцавальнай музыкі беларускага мястэчка. Склад ансамбля не «клезмерскі» — прынцыпова жаночы. У рэпертуары дзяўчат — папулярныя габрайскія, беларускія і польскія мелодыі першай паловы ХХ стагоддзя. Некаторыя танцы артысты прапаноўваюць развучыць разам з імі — пад скрыпку і акардэон.

14.00: Афіцыйнае адкрыццё фестывалю. Зьміцер Строцаў, «Новыя Мехі» (Менск), Аляксандр Філоненка, Нацыянальны Ўніверсітэт імя В. Н. Каразіна (Харкаў).

14.20: «Чэхі, немцы, габраі: шлях да замірэння. Вопыт «Meeting Brno»«. Давід Мацэк, віцэ-прэзідэнт фестываля «Meeting Brno» (Брно, Чэхія).

Арганізатары фестывалю ў Брно, этнічныя чэхі, прысвяцілі сваю мінулагоднюю сустрэчу габраям і немцам, якія на працягу стагоддзяў жылі ў горадзе, але былі знішчаныя або выгнаныя падчас або пасля Другой сусветнай вайны. Размова пра замірэнне і пакаянне, вылячэнне гістарычнай памяці.

Кава-паўза

16.20: «Быць перакладчыкам Новага Запавету». Валянціна Кузняцова, біблеіст, магістр тэалогіі, перакладніца і каментатарка Новага Запавету (Масква).

Валянціна Мікалаеўна Кузняцова яшчэ ў сярэдзіне 1980-х атрымала дабраславенне ад свайго духаўніка, айца Аляксандра Меня, перакладаць Радасную Вестку. З тых часоў яна пераклала на сучасную расейскую мову амаль усе кнігі Новага Запавету. Яе метад выклікае палкія спрэчкі, а пераклады набываюць усё большае прызнанне — як у спецыялістаў, так і ў шараговых чытачоў. У цэнтры ўвагі перакладніцы і даследніцы — сама жывая, размоўная, экспрэсіўная мова Збаўцы і яго бліжэйшых вучняў.

Нядзеля, 17 чэрвеня

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (Музычны завулак, 5)

13.20: Перформанс «Ты ёсць». «Ціхі тэатр» (Менск). Мікіта Мукавозчык, Яўген Мукавозчык, Аляксей Курачоў, Надзея Кахновіч.

«Ціхі Тэатр» — інтэрактыўны, аматарскі, малады: малодшаму ўдзельніку 15 год, старэйшаму — 29. «Ты ёсць» — дэбютная праца, спроба ўпусціць ў «кухонную» размову тых, каго ў ёй яшчэ няма, не чакаючы падабенства і не патрабуе чаго-небудзь узамен.

14.00: «Бачыць сучаснае мастацтва. Спроба хрысціяніна». Лука Ф’ёрэ, журналіст, мастацтвазнаўца (Мілан, Італія).

Уважлівы хрысціянскі погляд на сучаснае заходняе мастацтва, якое нібы «не памятае» Хрыста і пазіцыянуе сябе яе «іншае» хрысціянству, але пры гэтым выяўляе Прысутнасць — можа быць, нават супроць свайго імкнення.

Кава-паўза

16.00: «Ільвы, тыгры і мядзведзі: рачныя, лугавыя, суматранскія, аляскінскія». Прэзентацыя выставы малюнкаў Вані Піндрыка.

Прадстаўленая экспазіцыя — гэта выстава прац незвычайнага хлопчыка, які вельмі любіць жывёл і таму малюе іх у вялікай колькасці, а потым дорыць малюнкі сябрам. Жывёлы таксама атрымліваюцца незвычайныя, і назвы Ваня дае ім сам. Кожны малюнак — сведчанне жывой любові, якая, як і ўсё на Зямлі, мае свой характар.

16.20: Дыскусія «Ты — дабро для мяне. Адукацыя як тэрапія». Алена Жданава, Алена Куц, Элена Мацола, »Лятучы дом» (Харкаў); Кацярына Грышанава, Летыцыя Феры, «Камета» (Кома, Італія). Мадэратар Аляксандр Філоненка.

Два вельмі розных светы: «Лятучы дом» для дзяўчат-інвалідаў у Харкаве і сямейны адукацыйны цэнтр «Камета» для малышоў і школьнікаў у італьянскім Кома. Але і там, і там адным з галоўных шляхоў сацыялізацыі выхаванцаў бачаць атрыманне імі годнай адукацыі — каб рабіць далей самастойныя крокі ў жыцці.

Фестываль «Памежжа» праводзіцца ў Менску ўжо чацверты раз запар, з 2015 году. «Памежжа» разважае пра сустрэчу і ўзаемадзеянне культур, канфесій, супольнасцяў, асоб, асэнсоўваючы мясцовы і сусветны вопыт хрысціян — і не толькі.

Сярод тэм мінулых фестываляў — рухі ў Царкве, навамучанікі Беларусі, вопыт хрысціянскіх фестываляў у Еўропе, сучаснае свецкае і хрысціянскае мастацтва.

Раней на «Памежжы» былі прадстаўленыя выставы, прысвечаныя мітрапаліту Антонію Суражскаму, айцу Луіджы Джусані, паэту Пегі, храму Саграда Фамілія архітэктара Гаудзі ў Барселоне; таксама прэзентаваліся кнігі педагога Франка Нембрыні, а. Сяргея Круглова, пераклады кніг мітр. Антонія Суражскага на беларускую мову і інш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0