З 7 па 31 жніўня ў сельскіх крамах Барысаўскага раёна забаронены продаж алкагольных напояў. Такое рашэнне сёння прынялі мясцовыя ўлады, паведамляе Tut.by са спасылкай на выканкам.
Рашэнне № 1295 «Аб арганізацыі гандлёвага абслугоўвання» улады патлумачылі правядзеннем уборачнай кампаніі ў раёне.
Такім чынам, забаранілі продаж спіртнога ва ўсіх рознічных гандлёвых аб'ектах, размешчаных у сельскай мясцовасці — як дзяржаўных, так і прыватных.
Нагадаем, на час правядзення ўборачных работ Лукашэнка надзяліў кіраўнікоў райвыканкамаў самымі шырокімі паўнамоцтвамі і забараніў аспрэчваць іх рашэнні.
«Мэта адна — не дапусціць страт. Я звяртаў яшчэ месяц таму, прытым двойчы, увагу міністра сельскай гаспадаркі на тое, каб кантраляваў пачынаючы з уборкі рапсу якасць уборкі. Мы не можам угнойваць збожжам глебу», — канстатаваў Лукашэнка.