Сацсетка Facebook разглядае магчымасць стварэння ўласных сэрыялаў і тэлешоу, паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на The Wall Street Journal.
Адзначаецца, што прадстаўнікі IT-кампаніі ўжо праводзяць перамовы па пытаннях супрацоўніцтва з галівудскімі студыямі і агенцтвамі. Новы прадукт плануюць запусціць у сацсетцы ў канцы лета 2017 года.
Facebook мае намер выдаткоўваць на вытворчасць аднаго эпізоду шоу каля $3 млн. Сацсетка таксама зацікаўленая ў вытворчасці менш дарагіх серыялаў, адзін эпізод якіх будзе абыходзіцца ў шасцізначную суму.
Акрамя таго, кампанія Facebook думае аб стварэнні 10-хвілінных відэаролікаў, аўтарам якіх абяцаюць $5-20 тысяч даходу ад рэкламы.
Мэтавая аўдыторыя новага праекта IT-кампаніі — маладыя людзі ва ўзросце ад 13 да 34 гадоў.