У Цхінвалі прыбралі, пакінулі стаяць толькі падбиты грузінскі танк
Жыцьцё ў горадзе патрохі наладжваецца
У баях былі разбураныя многія жылыя дамы.
На гэты момант Паўднёвую Асецію пакінулі амаль 26 тыс. чалавек. Пра гэта «Газете.Ру» паведамілі ва ўпраўленьні МНС па Рэспубліцы Паўночная Асеція – Аланія і Міністэрстве аховы здароўся краю. Усяго па мэдычную дапамогу зьвярнуўся 401 чалавек, зь іх у больніцах знаходзяцца 369 чалавек. 60 чалавек шпіталізавана ў Цхінвалі.
Зьвесткі пра колькасьць забітых пакуль не паведамляюцца.
Учора Расея прызнала страту 32 вайскоўцаў.
У нядзелю грузінскі бок заяўляў пра сьмерць 85 сваіх грамадзянаў, зь іх 45 вайскоўцаў. Лічба ахвяраў баёў у нядзелю-аўторак не агалошвалася. Журналісты мяркуюць, што многа людзей магло загінуць у грузінскіх сёлах вакол Цхінвалі, зь якіх пачаўся грузінскі рэйд на горад. Пазьней яны былі зруйнаваныя агнём расійскай авіяцыі і артылерыі.
У самім Цхінвалі, які зусім не падобны да адной вялікай варонкі, піша gazeta.ru, абвешчаная камэнданцкая гадзіна, жыцьцё вяртаецца ў нармальнае рэчышча. Толькі ў адной з часьцінаў гораду дагэтуль стаіць падбиты грузінскі танк, вакол якога раскіданыя фрагмэнты целаў. Жыхары гораду адмаўляюцца хаваць забітых грузінскіх вайскоўцаў.