Аграсядзібам Беларусі дазволяць праводзіць вяселлі і банкеты з выплатай збору, паведаміў сёння журналістам міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко пасля пасяджэння рабочай групы для выпрацоўкі прапаноў па ўдасканаленні дзейнасці суб'ектаў аграэкатурызму.

belarus.by

«Праект указа па ўдасканаленні дзейнасці суб'ектаў аграэкатурызму ўжо знаходзіцца на стадыі завяршэння, сёння абмяркоўваліся апошнія змяненні. На працягу тыдня плануецца ўнесці дакумент у Саўмін, спадзяюся, на працягу месяца дакумент будзе падпісаны. Гэты ўказ выклікаў пэўны рэзананс сярод грамадскасці, але ўсе сышліся на тым, што дакумент патрабуе змяненняў», — падкрэсліў міністр.

Згодна з новым указам будзе пашыраны пералік паслуг, якія могуць аказвацца суб'ектамі аграэкатурызму. У яго плануецца ўключыць такія пункты, як правядзенне прэзентацый, юбілеяў, банкетаў; аказанне паслуг лазняў, саўны і душавых; катанне на жывёлах і гужавым транспарце; прадастаўленне інвентару для спорту і адпачынку. Пры гэтым пры аказанні паслуг па правядзенні прэзентацый і банкетаў уладальнікі аграэкасядзіб будуць выплачваць збор за кожны месяц, у якім аказвалася паслуга. Велічыня гэтага збору будзе залежаць ад месцаразмяшчэння суб'екта аграэкатурызму: плануецца, што збор будзе большым для аграсядзіб, размешчаных недалёка ад Мінска або абласных цэнтраў. [Нагадаем, раней правядзенне банкетаў і вяселляў у аграсядзібах хацелі зусім забараніць НН]

Міністр таксама падкрэсліў, што змяненні будуць датычацца і выканання суб'ектамі аграэкатурызму санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў. «Мы павінны стварыць такія ўмовы, каб і нашы турысты, і турысты з-за мяжы былі ўпэўнены, што іх бяспека ў час адпачынку будзе гарантавана», — канстатаваў ён.

Загадчыца аддзялення гігіены харчавання Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вія Шукевіч растлумачыла, што сёння для аб'ектаў аграэкатурызму існуюць асобныя санітарныя нормы і правілы.

«Але для арганізацыі такіх масавых мерапрыемстваў, як вяселлі, гэта вельмі малыя патрабаванні. І яны не змогуць гарантаваць бяспеку ў частцы захавання санітарна-эпідэміялагічнай стабільнасці насельніцтва. Магчыма, будуць унесены змяненні ва ўжо існуючыя санітарныя нормы і правілы. Дакумент патрабуе дапрацоўкі, неабходна ўнесці некаторыя палажэнні, якія забяспечаць бяспеку нашаму насельніцтву», — рэзюмавала яна і заявіла, што пры гэтым будзе ўлічвацца спецыфіка работы такіх аб'ектаў.

У дакуменце дакладна прапісана, што цяпер будзе лічыцца аграэкасядзібай. Так, у яе будуць уваходзіць і гасцявыя дамы, размешчаныя на адным зямельным участку з жылым домам гаспадароў, а таксама жылыя і гасцявыя дамы на іншых участках, што размешчаны ў адным населеным пункце альбо прымыкаюць тэрытарыяльна. Пры гэтым агульная колькасць жылых пакояў у аграэкасядзібе для размяшчэння турыстаў не можа перасягаць дзесяці.

Гаворачы аб часавых тэрмінах прыняцця дакумента, Аляксандр Шамко растлумачыў, што аб пераходным перыядзе для суб'ектаў аграэкатурызму цяпер размовы не ідзе. Раней гаварылася пра два гады пераходнага перыяду.

«У параўнанні з першапачатковымі прапановамі па змяненні ўказа цяпер у дакуменце больш дэмакратычныя нормы. І яны абсалютна не патрабуюць нейкага пераходнага перыяду. Рабочая група паспрабавала ўлічыць інтарэсы ўсіх — і прадстаўнікоў дзяржорганаў, і ўладальнікаў аграэкасядзіб. Гэтымі змяненнямі мы не нашкодзім галіне, а толькі ўпарадкуем яе работу», — падкрэсліў міністр.

Намеснік дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч дадаў, што новы дакумент прадугледжвае яшчэ некалькі важных момантаў. Напрыклад, займацца аграэкатурызмам цяпер нельга будзе ў малых гарадах раённага падпарадкавання з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек, таксама знімаецца норма, якая дазваляе займацца аграэкатурызмам у кватэры ў жылым доме. Трэці момант - нельга займацца гэтым відам дзейнасці тым людзям, якія не вядуць асабістую падсобную гаспадарку.

«Пры гэтым будуць зроблены выключэнні для тых суб'ектаў аграэкатурызму, якія працуюць ужо, — яны змогуць працаваць на ранейшых умовах», — рэзюмаваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?