Магілёўская рамесніца Галіна Вяліцкая

Магілёўская рамесніца Галіна Вяліцкая

«Бацькі лаяліся, што дзеці пасля маіх заняткаў усё ў фарбе»

Па адукацыі Галіна педагог. Скончыла ў свой час Магілёўскі педінстытут, факультэт дашкольнага выхавання, і прапрацавала з дзецьмі да самай пенсіі. Хоць першапачаткова марыла зусім пра іншую прафесію.

«Мой бацька быў вядомым у Магілёве чырванадрэўшчыкам, нават для нашага драмтэатра мэблю рабіў, — кажа рамесніца. — І я вырашыла за ягоным прыкладам паступіць у Бабруйскае мастацкае вучылішча, малявала заўсёды, мне творчую прафесію хацелася атрымаць.

Але скончыць яго не змагла. Прыехала неяк наведаць мяне старэйшая сястра, убачыла, што ў інтэрнаце на сценах партрэты рок-музыкаў з «Бітлз» намаляваныя, хлопчыкі нашы ходзяць доўгавалосыя і я таксама ўся такая з сябе хіповая… А сястра на 10 гадоў за мяне старэйшая, іншае пакаленне, пасляваеннае, ідэйнае. Яна як узвілася: што гэта такое! Рэчы мае ў чамадан сабрала і павезла мяне ў Магілёў. Так мая «мастацкая кар'ера» і скончылася, яшчэ не пачаўшыся…»

Давялося Галіне мяняць «профіль» і паступаць у Магілёўскі педагагічны.

«У мяне працоўны стаж 40 гадоў, можна сказаць, ветэран працы. У дзіцячым садку працавала, потым у мастацкай школе, лепку выкладала. Адзін час нават у Доме дзіцяці, але нядоўга зусім, — расказвае Галіна. — У прынцыпе мне мая праца падабалася, з дзецьмі вельмі цікава. Я заўсёды нешта рукамі разам з імі рабіла, розныя творчыя праекты.

Дзеці вельмі выдатныя асобы, дарослыя не заўсёды такімі бываюць. А калі дзіця яшчэ і здольнае, у яго вочкі гараць, яму хочацца ўсяму навучыцца, усё сваімі рукамі паспрабаваць: вырабы, малюнкі. Колькі мяне за гэта потым бацькі лаялі, таму што пасля заняткаў з Галінай Васільеўнай дзеці мурзатыя, усе ў фарбе. Я нават плакала, так крыўдна было!

Мяне лаялі, я плакала-плакала і не ведаю цяпер, чаму адразу не зразумела, што гэта было сігналам: калі цябе такую не прымаюць, значыць сыходзь, шукай, каму гэта ўсё трэба. Але ў мяне ж савецкае выхаванне было, атрымаў прафесію — працуй. Я проста не думала тады, што гэтым можна грошы зарабляць і пры гэтым атрымліваць задавальненне ды быць свабоднай, не раўняцца на нечыя патрабаванні.

Зразумела, толькі калі на пенсію пайшла і задумалася пра тое, чым бы заняцца. Іншай ідэі, акрамя творчасці, у галаву неяк і не прыходзіла».

Праца Галіны Вяліцкай

Праца Галіны Вяліцкай

«Справа сама мяне знайшла»

Тым больш усё, што робіцца рукамі, Галіне, па яе словах, заўсёды было блізка. Пакуль дочкі былі маленькімі, майстравала з імі вырабы, шыла для іх цацкі, якія дзяўчынкі нават больш за «пакупныя» любілі. У 90-я, калі паліцы крам канчаткова апусцелі і нічога купіць было немагчыма, абшывала дзяўчынак сваімі рукамі.

«Сукенкі шыла, а з камбінашак такія курткі ім пашыла! Яны ў гімназіі самыя модніцы былі заўсёды, — смяецца Галіна. — А потым дзеці выраслі і ўсё гэта неяк сышло… Але потым жыццё мяне само назад прывяло, да таго, з чаго я пачынала.

Хоць ні мэты, ні імкнення стаць рамесніцай асаблівага не было. Вось ведаеце, як чалавек сабе мэту паставіць і сядзіць, сядзіць, дамагаецца ўпарта. Я не так, у мяне ўсё спачатку хутчэй «па патрэбе» было. Чымсьці сябе заняць трэба, неяк грошай падзарабіць — таксама трэба.

Першыя работы Галіны Вяліцкай можна было ўбачыць на рамесніцкіх кірмашах у Магілёве

Першыя работы Галіны Вяліцкай можна было ўбачыць на рамесніцкіх кірмашах у Магілёве

У Магілёве рамеснікаў ужо шмат было, я бачыла іх працы і таксама вырашыла паспрабаваць у гэтай сферы, сваю нішу заняць. Пачала рабіць першых сваіх конікаў, прадаваць работы паспрабавала. Нешта прадавалася, нешта не, але жадання працаваць у гэтым кірунку гэта не астудзіла.

Тым больш, што менавіта тут я магла рабіць вельмі рэалістычныя работы, а мне менавіта такія бліжэйшыя за ўсё. Хоць па часе і сілам гэта затратна, але затое радасць прыносіць! А галоўнае — гэта ж коні, якія з дзяцінства былі маёй самай вялікай любоўю!

Фота «мадэлі» для будучай работы

Фота «мадэлі» для будучай работы

«Заказваюць уладальнікі ветэрынарных клінік, конных манежаў»

Чаму менавіта коні? Можа таму, што Галіна Вяліцкая нарадзілася і расла гадоў да васьмі ў цыганскім пасёлку Грабянёва, дзе ўбачыць гэтых моцных і прыгожых жывёл можна было літаральна на кожным кроку: у дварах, на вуліцы…

«Яны мяне, маленькую, проста зачароўвалі. І нават у школе, на ўроках і перапынках, кожную вольную хвіліну я малявала ў сшытку то конскую грыву, то пышны хвост, то конскую нагу. З-за гэтага мяне дзеці дражнілі то канём, то кабылкай, хоць я маленькая, худзенькая была, на «каня» дакладна не цягнула, — успамінае магіляўчанка. — Каб не смяяліся, я нават прыдумала свае сімвалы: завітае хто-небудзь у сшытак да мяне і бачыць, што проста накрэслена нешта, а я ведаю, што гэта конская грыва…»

Гады ж тры таму, у самым пачатку свайго станаўлення ў якасці рамесніцы, Галіна неяк размясціла фота некалькіх сваіх работ у інтэрнэце. І гэта нечакана знайшло водгук, які яе здзівіў. Людзі сталі цікавіцца, ці можа яна зрабіць жывёліну па фатаграфіі, каб «як жывая»?

Фота, дасланае заказчыкам…

Фота, дасланае заказчыкам…

А гэта ўжо работа Галіны Вяліцкай

А гэта ўжо работа Галіны Вяліцкай

Работы рамесніцы Галіны Вяліцкай

Работы рамесніцы Галіны Вяліцкай

«Часцей за ўсё работы заказваюць уладальнікі ўласных ветэрынарных клінік, конных манежаў, у якасці свайго роду візуальнай рэкламы. Сярод маіх заказчыкаў ёсць і вядомыя людзі. Напрыклад, піцерская спявачка і актрыса Ларыса Луста. Два гады таму яна пачала новы праект, конны тэатр, яго мае работы ўпрыгожваюць.

Хтосьці проста любіць коней і хоча ў сябе ў двары такога каня паставіць. Тым больш, што яны функцыянальныя: могуць выступаць у ролі качалак, на іх можна пасядзець, калі захочацца. Матэрыял вельмі трывалы, з часам становіцца цвёрдым, як костка, так што такія нагрузкі лёгка вытрымлівае, — дзеліцца сакрэтамі майстрыха. — І пры гэтым яны як жывыя, толькі крыху меншыя ростам».

«Сабака атрымаўся як жывы»

Адзін час Галіна рабіла не толькі коней. Неяк да яе звярнулася сям'я з Расіі з просьбай зрабіць сабаку. Ён у іх жыў, пасля памёр, і дзіця вельмі цяжка ягоную смерць перажывала. Хацелі яго парадаваць.

«Сабака ў мяне атрымаўся як жывы, толькі што не бегае і не брэша. Паслалі заказчыкам, яны дзякавалі. А праз некаторы час напісалі, што дзіця ад маёй працы псіхалагічны шок атрымала: не расстаецца з гэтым цацачным сабакам ні на хвіліну, усюды яго з сабой носіць, возіць, спіць з ім, быццам спадзяецца, што яшчэ хвіліна — і ён ажыве, — Галіна сумна ўздыхае. — З таго часу я раз і назаўсёды вырашыла, што буду рабіць свае працы толькі тады, калі «мадэль» заказчыка жывая. І ні ў якім разе не ў памяць пра загінулую жывёліну! Але толькі коней, сабак больш не хачу, рука не паварочваецца».

Заказваюць Галіне ў асноўным з Расіі, хоць некалькі работ «з'ехала» і ў Германію. Паколькі вырабы дастаткова вялікія і поштай іх не пашлеш, то адпраўляюць маршруткай. Хоць, як прызнаецца муж і верны памочнік майстрыхі Генадзь Вяліцкі: «Мне, шчыра кажучы, кожны раз шкада назаўжды з гэтымі Галінымі работамі расставацца».

«А мне не шкада, — спрачаецца з ім рамесніца, — я адразу сябе настройваю на тое, што яны мне чужыя. Размаўляю з імі, расказваю, дзе і з кім яны будуць далей жыць. Кажу: «Цябе, Канфуцый, Ларыса вельмі чакае. Давай я табе пачытаю, што яна піша». Ну, каб ён ведаў, чаму я яго іншаму чалавеку аддаю. Муж пасмейваецца, што я іх «ажыўляю», але я даўно зразумела, што каб праца была «жывая», з ёй трэба гаварыць».

Работы Галіны Вяліцкай

Работы Галіны Вяліцкай

«Там кожная цягліца, жылка…»

На магілёўскіх рамесніцкіх кірмашах свае работы Галіна, як гэта было спачатку, не выстаўляе. Бо паставіць «на паток» іх проста немагчыма — на выраб аднаго коніка ідзе як мінімум ад аднаго да паўтара месяца. Таму працуе яна толькі пад заказ.

«Дасылаюць мне фота «мадэлі», я яго доўга разглядаю, «знаёмлюся», думаю, — расказвае майстрыха. — Генадзь робіць каркас з тоўстага дроту, гэта мужчынская частка працы, мне з ёй справіцца было б цяжка. Потым рыхтую спецыяльную сумесь з драўнянай пульпы (дробнае, як пыл, бярозавае пілавінне) і мноства ўсякіх-розных дадаткаў. Гэта мой уласны «рэцэпт», напрацоўвала яго не адзін дзень. Затое, калі застывае, сумесь становіцца цвёрдай, як костка, ёй не страшныя нагрузкі. А гэта вельмі важна, бо ў мяне ёсць і коні-качалкі, і коні-каталкі, гэта значыць яны будуць не проста стаяць на пастаменце, таму ім патрэбен запас трываласці.

Самы працяглы працэс — «ажыўленне» коніка. У ім павінны быць бачныя ўсе жылачкі і вены, як у жывога, быць уласны выраз «твару», вачэй. Для мяне вельмі важна, каб ён не быў мёртвай скульптурай, але на гэта вельмі шмат працы сыходзіць. Затое потым столькі слоў падзякі чую: вельмі прыемна, калі твая праца атрымлівае высокую ацэнку не толькі ў грашовым сэнсе».

Рамеснікі Генадзь і Галіна Вяліцкія

Рамеснікі Генадзь і Галіна Вяліцкія

Гатовыя працы здзіўляюць не толькі заказчыкаў, але і мужа жанчыны Генадзя, хоць ён і бачыць увесь працэс на ўласныя вочы:

«Яна ж вось з такіх сувеніраў пачынала, а цяпер гэта зусім іншы ўзровень. Там кожная цягліца, жылка бачныя, усё, як жывое… Не разумею, як гэта зрабіць?»

Чытайце таксама:

«Цэны павышаць няма сэнсу — застанешся без турыстаў». Як аграсядзібы рыхтуюцца да новага сезона і чаго чакаюць ад яго

«Зазіраю ў акенца, у якім гарыць цёплае святло, — і згадваю сваё дзяцінства». Дзяўчына знайшла арыгінальны спосаб, як захаваць цёплыя ўспаміны

«Ніколі двух аднолькавых вырабаў не звязала». Маладая мама зарабляе на жыццё прыгожым вязаннем

«Біцэпсы мы сабе ўжо накачалі». Магілёўцы вядуць сямейны бізнэс па вытворчасці якаснага алею

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
2