Федэрацыя футбола Беларусі і культурная пляцоўка «Арт-сядзіба» абвяшчаюць пра працяг прыёму заявак на творчы конкурс «Мова — Музыка — Футбол».
«Мы атрымалі вялікую колькасць лістоў ад музычных гуртоў з просьбай працягнуць дэдлайн прыёму заявак на конкурс і вырашылі пайсці гуртам насустрач», — кажуць арганізатары.
Свае музычныя кампазіцыі музыкі могуць дасылаць да 1 студзеня 2017 году на e-mail: [email protected]
Таксама сталі вядомыя імёны сяброў журы, якія будуць ацэньваць удзельнікаў конкурсу.
Арцём Быкаў — футбаліст клуба «Дынама Мінск», неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў Беларусі па футболе.
Дзмітрый Герчыкаў — намеснік старшыні дэпартамента маркетынгу і камунікацый АБФФ, спартыўны каментатар.
Кірыл Клімянкоў — журналіст, рэдактар партала sport.tut.by.
Алесь-Францішак Мышкевіч — музыка гуртоў The Superbullz і «Крамбамбуля».
Арцём Лук’яненка — удзельнік гурту NAVI, суаўтар афіцыйнага саўндтрэка нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе.
«Мы не абмяжоўваем удзельнікаў конкурсу ў музычных стылях і фарматах, ім даецца поўная свабода творчасці і праяўлення музычна-паэтычных талентаў. Усё, што аб’ядноўвае беларускую мову, беларускі футбол і беларускую музыку: спачатку збіраем, пасля слухаем і спяваем разам!
Чакаем песні па-беларуску з патрыятычным зместам, якія падымаюць дух, якія могуць гучаць на стадыёнах падчас футбольных матчаў»,
— кажуць арганізатары.
Праект будзе доўжыцца да вясны 2017 года і будзе складацца з шасці этапаў.
Першы і асноўны этап — гэта музычны конкурс, на які да 1 снежня прымаюцца песні на беларускай мове адпаведна тэмам:
— футбол і заўзятарства ў самым шырокім сэнсе, актыўная падтрымка беларускай зборнай, клубных камандаў і наведванне фубольных матчаў,
— патрыятызм і любоў да Беларусі, гонар за яе спартыўныя дасягненні,
— спалучэнне беларускай мовы і спорту…
Наступныя этапы:
— запіс песень-фіналістаў на прафесійнай студыі;
— вызначэнне пераможцаў адмысловым складам журы, слухачамі ў сацыяльных сетках і на сайтах інфармацыйных партнёраў, на адборачных канцэртах у кафэ «Грай»;
— падрыхтоўка і выданне дыска-складанкі, здымкі кліпа;
— музычны фестываль з удзелам пераможцаў і фіналістаў конкурсу, прэзентацыяй песень і дыска, узнагароджваннем пераможцаў;
— распаўсюд песень у інтэрнэце, на радыё, у межах спартовых і культурных мерапрыемстваў Беларускай федэрацыі футбола і культурнай пляцоўкі «Арт-сядзіба».
Беларускамоўныя песні на конкурс з пазнакаю «Мова — Музыка — Футбол» прымаюцца ў фарматах аўдыё і відэа ў трох варыянтах:
— гатовыя студыйныя запісы (якасна запісаныя песні, што не патрабуюць перазапісу і дадатковай працы, якія раней публікаваліся ці не);
— дэма-запісы (часткова гатовыя запісы, якія патрабуюць дадатковай студыйнай працы);
— чарнавікі (песні запісаныя ў хатніх умовах ці на рэпетыцыі, канцэртныя запісы, відэазапісы з выкананнем песні).
Абавязкова пазначайце ў заяўцы разам з творам:
— назву выканаўцы ці гурту і кароткую інфармацыю пра іх,
— назву твора,
— імя аўтара і кампазітара,
— спасылкі на старонкі ў сацыяльных сетках,
— кантактныя дадзеныя (тэлефон, e-mail).
Пасля прыёму песень адбудзецца галасаванне, адбор фіналістаў і вызначэнне пераможцаў з выбываннем у некалькі этапаў: чвэрцьфіналы, паўфіналы і фінал. Балы будуць вылічвацца з улікам меркавання журы, вынікаў галасавання ў сацыяльных сетках, на адмысловых канцэртах у кавярні «Грай» і на сайтах АБФФ, «Арт-сядзібы» ды інфармацыйных партнёраў.
Па выніках будуць вызначаныя тры пераможцы:
1 месца — здымкі кліпа, студыйны запіс песні, выступленне на фінальным канцэрце праекту і на «Барысаў-Арэне» ў рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё, футбольны мяч з аўтографамі зборнай,
2 месца — студыйны запіс, выступленне на фінальным канцэрце праекту і на «Барысаў-Арэне» ў рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё,
3 месца — студыйны запіс, прафесійны вакальны мікрафон, выступленне на фінальным канцэрце праекту.
Таксама будуць вызначаныя пераможцы ў дадатковых намінацыях: «Глядацкія сімпатыі», «Лідары сацыяльных сетак», «Выбар генеральнага спонсара», «Песня стадыёна», «Выбар белакрылых».
Гэтыя пераможцы атрымаюць падарункі ад арганізатараў і партнёраў конкурсу: абанементы на хатнія гульні нацыянальнай футбольнай зборнай, атрыбутыку зборнай (майкі, рэплікі, шалікі), сувеніры і іншыя памятныя падарункі.
Усе ўдзельнікі конкурсу атрымаюць запрашальнікі на фінальны фестываль і музычны дыск «Мова — Музыка — Футбол» ад кампаніі «Планета Вігма» з творамі ўдзельнікаў конкурсу, а таксама песнямі, напісанымі раней у Беларусі, пра футбол і для футбола.
Падзеі ў сацыяльных сетках: «Укантакце», Facebook