У 2019 годзе ў Беларусі пройдзе перапіс насельніцтва. Важна, каб на ім як мага больш грамадзянаў сказала, што іх мова ў побыце — беларуская.
Вынік перапісу будзе мець важнае значэнне ў фармуляванні дзяржаўнай палітыкі на наступныя гады.
Дзе зараз рэальна магчымы такі ўплыў? Напрыклад, у сферы адукацыйнай і культурнай палітыкі.
Сёння цэлы шэраг рашэнняў не прымаецца таму, што на думку вертыкалі, на іх няма грамадскага попыту. Нагадаю хоць бы ідэю выкладаць геаграфію і гісторыю на беларускай мове. Выказалі і… нічога. Тое самае з прапановай адкрыць у кожным раённым цэнтры беларускамоўную гімназію або стварыць Нацыянальны універсітэт з беларускай мовай выкладання і працы.
Мы шмат казалі пра гэта ў прэзідэнцкую кампанію Таццяны Караткевіч, тое было часткай яе праграмы, і ніколі не сустракалі негатыўнай рэакцыі з боку грамадзян. Але яе адсутнасць адно, а грамадскі запыт — зусім іншае. Тым больш, сфармуляваны праз афіцыйны канал ўлады, які яна сама ігнараваць не зможа.
Калі падчас агульнанацыянальнага перапісу 50% грамадзянаў скажуць, што іхная мова карыстання ў побыце – беларуская, то атрымаем юрыдычнае пацверджанне таму, што Канстытуцыйнае права на адукацыю на роднай мове ўшчамляецца.
Адпаведна, трэба выпраўляць сітуацыю, а гэта значыць – павялічваць колькасць беларускіх школ, дзіцячых садкоў, навучаць выкладчыкаў, выхавальнікаў рабіць сваю працу на мове тытульнай нацыі.
Вядома, усё ў адну хвіліну не атрымаецца, але адмахнуцца ад гэтых лічбаў ужо не ўдасца. Да таго ж, улічваючы апошнія падзеі, у такіх лічбах можа быць зацікаўленая і сама ўлада.
Глядзіце, што ўжо адбываецца: БРСМ спрабуе перахапіць тэму вышыванак, на дзяржаўным узроўні святкуецца «Дзень пісьменства», з'яўляюцца білборды з папулярызацыяй мовы на вуліцах гарадоў… Вось яны, рэальныя прыкметы імпульсаў цалкам магчымай мяккай беларусізацыі.
Да перапісу застаецца два гады. Часу яшчэ дастаткова, каб арганізавацца і правесці годную грамадскую кампанію. Тут галоўнае — талкова растлумачыць грамадзянам Беларусі важнасць іх адказаў. Як яны будуць уплываць на палітыку дзяржавы.
Гэтая інфармацыйная кампанія можа аб'яднаць і палітыкаў, і грамадзянскую супольнасць. Яна не мае патрэбы ў адзіным цэнтры кіравання – важны толькі кансэнсус па прынцыповых пытаннях.
Адным з каардынатараў магла б выступіць Нацыянальная платформа грамадзянскай супольнасці сумесна з дэмакратычнымі сіламі.
Падрыхтоўка да такой кампаніі відавочна пасадзейнічала б таксама актыўнасці і папулярызацыі Таварыстваў беларускай мовы і беларускай школы, беларускамоўных СМІ, пісьменніцкіх суполак, курсаў накшталт «Мова нанова»…
З чаго пачаць? У гэтым годзе ўсе дэмакратычныя сілы і шмат хто з грамадзянскай супольнасці, як, напрыклад, прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы, збіраюцца балатавацца ў Палату прадстаўнікоў. Вось і трэба скарыстацца кампаніяй, каб у тым ліку давесці да беларусаў важнасць беларушчыны.
Беларуская хваля ў азначаным рэчышчы цалкам магчымая. І мы проста абавязаныя яе падтрымаць.