З інстаграма мадэлькі Сняжаны Анопкі (snejanaonopka15)
Ва Украіне разгарэліся новыя баталіі, на гэты раз у свеце глянцу. У цэнтры скандалу аказаўся «Vogue Украіна», які украінская мадэлька Сняжана Анопка абвінаваціла ў адсутнасці патрыятызму. У апошні раз украінскія мадэлі з'яўляліся на вокладцы часопіса ў кастрычніку 2013 года.
Скандал пачаўся з публікацыі ў Instagram: на афіцыйнай старонцы ўкраінскага «Vogue» выклалі вокладку сакавіцкага выпуску з бразільянкай Кэралайн Трэнціна.
Вокладка сакавіцкага «Vogue Украіна»
Да абмеркавання ў Instagram падключылася Сняжана Анопка — адна з самых вядомых у моднай індустрыі мадэлек-украінак, зорка 2000-х. У каментарах на старонцы ўкраінскага «Vogue» мадэлька абвінаваціла каманду часопіса ў тым, што яна не падтрымлівае ўкраінскіх мадэлек і моду сваёй краіны.
«Вось так мы падтрымліваем Украіну, — напісала Анопка, — як не бразільянка на вокладцы, дык італьянка. Давайце паглядзім на «Vogue Brasil»: з 12 вокладак у год на 10 — бразільянка, а ў нас, відаць, няма годных украінцаў, якія маглі б аказацца на вокладцы».
Са Сняжанай пагадзіліся шматлікія чытачы сацыяльных сетак жаночага часопіса «Vogue». Карацей, магчымасці адмаўчацца ў рэдакцыі часопіса не было.
Адкрыты ліст апублікавала на Facebook галоўная рэдактарка «Vogue Украіна» Маша Цуканава. Яна прыводзіць поўны спіс гераінь усіх вокладак выдання з пазначэннем іх пазіцый у мадэльных рэйтынгах і піша, што праявай патрыятызму лічыць і тое, што дзякуючы намаганням каманды ўкраінскага часопіса ўпершыню ўдалося дамагчыся ўвагі мадэлек такога маштабу.