Краўдфандынгавыя тэхналогіі падтрымкі розных сацыяльна- і культурназначных праектаў апошнім часам сталі вельмі папулярнымі ў Беларусі. Сярод іх шмат ідэй і прапаноў, накіраваных на стварэнне новых прадуктаў на беларускай мове ды прысвечаных папулярызацыі нашай культуры, сімвалаў, традыцый і гісторыі.
Прадстаўляем вашай увазе топ-5 цікавых і важных праектаў, якія варта паспець падтрымаць да канца 2016 года на платформе Talaka.by, каб цудоўныя і значныя для грамадства ідэі ажыццявіліся.
Калі вас зацікавяць гэтыя праекты і рэчы, то ўжо зараз па спасылках да праектаў можна стаць партнёрамі, спонсарамі, паабяцаць іх набыць ці адразу пералічыць грошы згодна з прапановамі ў раздзеле «Збор сродкаў».
«Мая Радзіма — Беларусь» — кніга-маляванка для творчасці і натхнення (сабрана 46%)
«Мая Радзіма Беларусь» — гэта кніга-маляванка па-беларуску для творчасці, натхнення і адпачынку, вынік калектыўнай працы каманды «Арт-сядзібы» і Symbal.by, беларускіх мастакоў, дызайнераў, паэтаў і выдаўцоў.
«МРБ» — гэта душа нашай краіны, якую аўтары кнігі адмыслова пакінулі чорна-белай, каб кожны ўладальнік выдання зрабіў яе каляровай, якой бачыць і адчувае сам.
Першая кніга ў двух фарматах (альбом — кніга, альбом — кніга — набор паштовак) з’явіцца на пачатку зімы да Калядаў.
Выданні арт-тэрапіі па-беларуску будуць складацца з 40 чорна-белых малюнкаў і вершаў, надрукаваных на спецыяльным кардоне з якаснай вокладкай, змацаваных спружынаю. Спадарожнымі прадуктамі кнігі стануць скетчбукі, цішоткі, наборы налепак з малюнкамі з выдання, а таксама фірмовыя алоўкі і асадкі для малявання «МРБ».
Падтрымаць праект можна ТУТ!
«Багач» — беларуская эканамічна-гістарычная настольная гульня (сабрана 29%)
На сённяшні дзень беларускамоўных настольных гульняў існуе зусім мала, і амаль усе яны прадстаўлены на symbal.by. Аўтары гэтага праекта хочуць вырашыць гэтую праблему, стварыўшы цікавую і займальную гульню з нацыянальным каларытам.
Эканамічны складнік гульні навучыць вас фінансавай грамаце і правільнаму размеркаванню грошай на выдаткі, а гістарычная частка пакажа, якім быў горад Мінск у мінулых стагоддзях, якія вуліцы і шляхі давалі шанец тагачасным жыхарам набіваць свае скарбонкі і кішэні талерамі.
Настолка будзе складацца з гульнявога поля з назвамі старадаўніх вуліц Мінска, гістарычнай мапы гораду, картак на маёмасць і на камунальныя прадпрыемствы, фішак і дзвюх ігральных касцей.
Тым самым «Багачом» і сімвалам гульні на вокладцы стаў не прыдуманы персанаж, а рэальная асоба, у свой час міністр фінансаў БНР, беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч — Пётр Антонавіч Крачэўскі. Дэлегат Першага Усебеларускага з'езда, сябра Рады БНР, міністр фінансаў БНР, а са снежня 1919 года — прэзідэнт Рады БНР. Ён выконваў гэтыя абавязкі да канца жыцця ў эміграцыі, пасля прыходу бальшавікоў на нашыя землі.
Настолка «Багач» — выдатны варыянт, каб правесці цікавы і прыемны вечар з сябрамі, таму варта паўдзельнічаць у ажыццяўленні праекта!
Падтрымаць праект можна ТУТ!
Каляндар на 2017-ты «Год з выцінанкай»(сабрана 34%)
Каляндар «Год з выцінанкай» з працамі Ніны Сокалавай-Кубай будзе выдадзены з мэтаю папулярызацыі выцінанкі — традыцыйнага віду мастацтва Беларусі.
Каляндар пабачыць свет напрыканцы лістапада 2016 года. Выданне будзе складацца з 13 лістоў фармату А4, на якіх размесцяцца тэматычныя выцінанкі на кожны месяц, дапоўненыя каляндарнай сеткай. Працуюць над календаром мастачка Ніна Сокалава-Кубай і дызайнерка Тамара Мельянец.
Выцінанка — від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ажурны ўзор, выразаны з паперы, які атрымаў распаўсюд у Беларусі, Польшчы і Украіне.
Традыцыйна галоўнымі вобразамі выцінанак з’яўляюцца птушкі, таму не выпадкова, што ў аснове большасці сюжэтаў і на вокладцы календара — птушкі. Таксама, згодна з усходнім гараскопам, якога любяць прытрымлівацца беларусы, сімвалам 2017 года з’яўляецца чырвоны вогненны певень.
Падтрымаць праект можна ТУТ!
Падарунак для Барадуліна — дыск песень з Вушаччыны (сабрана 46%)
Мэта гэтага праекта — выданне дыска народных песень «Песні матчыны з Вушаччыны» з малой радзімы Рыгора Барадуліна.
Аўтары праекта вырашылі пераасэнсаваць і аднавіць вушацкія песні, якія з дзяцінства Рыгору Барадуліну спявала яго маці. Гэтыя песні натхнялі і суправаджалі паэта ўсё жыццё. Сёлета 24-га лютага, у дзень народзінаў Рыгора Барадуліна, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся святочны канцэрт «Песні матчыны з Вушаччыны». Вядомыя этна-гурты ажывілі народныя песні з малой радзімы дзядзькі Рыгора.
Удзельнікамі праекта сталі: гурт «Re1ikt», этна-гурт «Vuraj», калектыў «Harmonic style project», фальклорны гурт «Варган», Ірэна Катвіцкая, Віктар Сямашка, паэт Міхась Скобла. Спіс удзельнікаў дапаўняецца: прымаюцца прапановы ад іншых гуртоў.
На дыску, акрамя кампазіцый сучасных музыкаў, будуць яшчэ і арыгінальныя запісы спеваў маці паэта — Куліны Барадулінай, а таксама спевы самога Рыгора Барадуліна.
Выданне дыска плануецца ў снежні 2016 года, а святочная прэзентацыя ў Мінску ў вялікай зале філармоніі — 24 лютага 2017, у дзень нараджэння Рыгора Барадуліна. Пасля музыкі падрыхтуюць прэзентацыю кружэлкі і ў іншых гарадах Беларусі.
Падтрымаць праект можна ТУТ!
Выданне другой часткі кнігі «Мова Нанова: 20 крокаў да беларускай мовы»(сабрана 13%)
Першую частку кнігі «Мова Нанова: 20 крокаў да беларускай мовы» напісалі аўтары і вядоўцы папулярных курсаў беларускай мовы «Мова Нанова» Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка. Кніга ўключае 20 тэматычных раздзелаў. Кожны раздзел — гэта слоўнік па тэме з прыкладамі на кожнае слова + граматычны блок з практыкаваннямі + цікавінкі.
Тым часам колькасць урокаў, падрыхтаваная аўтарамі, дасягнула 110-ці. А гэта значыць, што прыспеў час выдаваць працяг кнігі, зрабіўшы яе серыяй!
У другую частку ўвайшлі такія тэмы, як «Грошы», «Ровары», «Мастацтва», «Жывёльны свет», «Здаровае харчаванне», «Рыбалка», «Цырульня», «Гатэль» ды іншыя. Апроч таго, тры часткі кнігі прысвечаны выбітным беларусам: Якубу Коласу, Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну. У новай кнізе вы знойдзеце не банальныя біяграфіі класікаў, рэдкія і невядомыя фота, прыклады іх аўтарскага стылю.
Падтрымаць праект можна ТУТ!
Вашая падтрымка гэтых праектаў дазволіць часткова пакрыць выдаткі на іх падрыхтоўку на стадыях распрацоўкі, запісу, вёрсткі і стварэння дызайну. Па сканчэнні кампаній па зборы сродкаў вы першымі атрымаеце гатовы прадукт і розныя іншыя бонусы па абяцаных у праектах коштах і значна танней, чым астатнія пакупнікі, пасля з’яўлення гэтых рэчаў і выданняў у шырокім продажы.
Варта было б назваць гэты спіс «Топ-5 арыгінальных калядных падарункаў».
Калі вы падтрымаеце гэтыя цудоўныя праекты, то вам не давядзецца шукаць іншыя варыянты, чым здзівіць сваіх блізкіх на Каляды: вы зможаце павіншаваць іх арыгінальна і па-беларуску!