Некалькі разоў чуў я ад сваёй прабабці такую казку. А расказвала гэту казку мне мая прабабця задоўга да Чарнобыля, калі сам я быў зусім малым. Чарнобыль — чорная трава.

«Некалі было месца і было тое месца заклятае… І расла там чорна, чорна трава. Як хто яе даткне — сам чарнеў насмерць. І звалі тое месца «Чорна трава». Кожны, хто ведаў, тое месца абыходзіў.

А людзі, што тады жылі — інакшыя, як цяперака, былі. Бога баяліся, то і грашыць — не грашылі. Але быў адзін такі, што а ні Бога, а ні Чорта не баяўся. Ні яго, ні яго быдла тая трава не брала. То пра сябе казаў, што ён адзін не грэшны.

Тады паставіў ён у тым заклятым месцы хату. Каб кожны яго баяўся ды славіў. Ага, а тады ў той свае хаце змураваў быў печ. А паліў ён тую печ не дровамі, а чорнаю тою травою.

Аднаго разу надта ўжо халадно было, то напхаў поўну печ чорнае травы, каб доўга гарэла. Але так тая трава разгарэлася, што трэснула печ напалам, а прысак з печы паляцеў па ваколіцах. То пачарнела ўся зямля вакол, ад таго паганага прысаку. Так усё жывое і змарнела…

Адно дзіцятко жывое засталося — Ісус, наш Хрыстос, то ён тых хто не грэшны быў, то аджывіў. А таго што печ чорнаю травой паліў — найбольшым грэшнікам назваў.

І цяпер той грэшнік у пекле. Ляжыць на патэльні жыўцом смажыцца, а чэрці адно тае чорнае травы падкідаюць…

Так жыццё новае ў ва ўсіх пачалося».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?