Сын: Глядзі, тата, во леў. Кажуць людзі, што гэта вельмі страшны зьвер, — ён есьць людзей.
Бацька: Э-гэ, гэта можа дзесь там у цёплых краях, а ў нас людзей зьядае падатак.
(«Маланка», 1926 год, №10).
* * *
— У газэтах пішуць, каб была дыктатура, было-б ляпей.
— Якое там ляпей!
— Чаму?..
— Вунь у мяне жонка ў хаце кіруе як дыктатар, дык ніякага парадку няма.
(«Маланка», 1926 год, №12).
* * *
— Твой сынок, Агата, хоць малы, але пэўне будзе здольны.
— А як жа! Ён, як відаць, будзе дарожным майстрам. Анэгдысь я іду сабе ля чугункі, а ён прысеў на рэйку, да гвінты адкручвае.
(«Маланка», 1926 год, №12).
* * *
— Мая нарачоная багатая і прыгожая, а да гэтага яшчэ і маладая. Толькі аднаго ня ведаю - ці разумная…
— Не бядуй! Пра гэта даведаешся пасьля шлюбу. Калі выйдзе за цябе, дык пэўне ж не разумная.
(«Маланка», 1926 год, №13).