24-гадовая Кацярына зараз на шостым месяцы цяжарнасці, і ёй трэба прымаць дарагія таблеткі ў вызначаны час. А 6-й раніцы 30 красавіка дадому да Кацярыны прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі яе. З-за гэтага яна прапусціла прыём лекаў і не ела некалькі гадзін. Падставай для затрымання сталі сняжынкі на акне, якія віселі яшчэ з Новага года. «Пратэсную сімволіку» на вокнах выявілі супрацоўнікі АМАПа яшчэ 20 красавіка. Да прыезду ў Фрунзенскі РУУС дзяўчыну некалькі гадзін вазілі ў бусе. У выніку на дзяўчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае мерапрыемства, пасля чаго адпусцілі дадому.

Суддзя Фрунзенскага раёна Юлія Чыж пацікавілася, ці атрымлівала дзяўчына дазвол на пікетаванне. Кацярына здзівілася, навошта яго атрымліваць на навагодняе ўпрыгажэнне.

У выніку, суддзя Юлія Чыж вырашыла пакараць Кацярыну штрафам у памеры 2900 рублёў (100 базавых велічынь).