Новы гадавік

Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 1. Рэд. кал.: Р.Платонаў (гал.рэд.) ды інш. Менск: Беларускі навукова-дасьледчы інстытут дакумэнтазнаўства і архіўнай справы, 2000. – 266 с. Наклад 100 ас.

 

За апошнія гады Археаграфічная камісія выдала больш кніжак, чым акадэмічны Інстытут гісторыі. Аднак пра яе амаль ніхто ня ведае, бо наклад яе выданьняў звычайна не перавышае 100 асобнікаў.

Адзін з апошніх праектаў камісіі — “Беларускі археаграфічны штогоднік”. Задума стварыць такое выданьне — добрая, хоць і шаблённая. У Расеі выдаецца “Археографический ежегодник”, ува Ўкраіне — “Украіньский археографічний щорічник”... З гэтага відаць, што зважаем на “братоў”. Каб падтрымаць братэрства, у рэдакцыю нашага гадавіка былі нават запрошаныя адзін расеец і адзін украінец. А вось паўночныя й заходнія суседзі апынуліся “за бортам”, пра іх ува ўступе да беларускага выданьня ані слова, дарма што археаграфія там на значна вышэйшым узроўні. Праігнараваны варшаўскі “Archeion”. Можа, ён ня ўзор для беларусаў?

Задуму выдаваць археаграфічны гадавік не назавеш новай, яе выношвала не адно пакаленьне гісторыкаў. Такога выданьня чакалі ўсе, ад мэдыявістаў да футуролягаў, але добрая па сутнасьці ідэя была абясцэненая формай рэалізацыі — з-за мізэрнага накладу штогоднік мала хто пабачыць.

Цяпер пра зьмест. Здаецца, рэдакцыйная калегія задужа “сур’ёзна” падышла да замовы патрэбных ім матэрыялаў — у лепшых савецкіх традыцыях. Заўважаецца імкненьне зрабіць гадавік выставай народных дасягненьняў у галіне архівазнаўства і археаграфіі.

Але стан не зусім безнадзейны. Калі будуць працягнутыя лініі, распачатыя артыкуламі пра беларусізацыю (Р. Платонаў), палітычныя рэпрэсіі (У. Адамушка), савецкую цэнзуру (У. Ракашэвіч), то попыт на наступны выпуск значна ўзрасьце.

Практыка паказала, што абавязковымі для археаграфічных штогоднікаў мусяць лічыцца разьдзелы “Дакумэнты” і “Рэцэнзіі”. Іншымі словамі — узоры таго, як трэба друкаваць гістарычныя крыніцы і як гэта ня варта рабіць. Прыкладамі ўзорнага абыходжаньня з гістарычнымі дакумэнтамі зьяўляюцца публікацыі М. Сьпірыдонава пра акт падзелу Брагінскага маёнтку ў 1574 г., працу А. Грушы пра дакумэнт Мэтрыкі ВКЛ за 1542 г., публікацыю В. Селяменева пра дакумэнты, што тычацца гісторыка М. Доўнара-Запольскага. Гэта сапраўды дасканалыя ці блізкія да такога ўзроўню працы.

Апрача іх, надрукаваныя пратаколы допыту паўстанцаў, датаваныя 1794 г. (публікацыя Я. Анішчанкі). Гісторыку не хапіла часу, каб давесьці ўнікальныя дакумэнты да належнага археаграфічнага ўзроўню (чаго варты адзін “Караль Празор” замест “Прозара”). І, нарэшце, падборка Р. Платонава пра зьверствы польскіх акупантаў у 1919—1920 гадах. Праца адметная антыпольскай стылістыкай, а ў якасьці арыгінальных дакумэнтаў у ёй перадрукаваныя матэрыялы з савецкай агітацыйнай кнігі “Белоруссия в борьбе против польских захватчиков в 1919—1920 гг.”. Ну, тая была апублікаваная ў 1940 г. дзеля абгрунтаваньня “вызвольнага паходу” 1939 г. у Заходнюю Беларусь, а што цяпер спатрэбілася абгрунтаваць?

Разьдзел “Бібліяграфія. Рэцэнзіі. Інфармацыя”, пэўна, было вырашана пакуль не абцяжарваць адмоўнымі водгукамі. Атрымалася сьвяточная вітрына з дасягненьнямі: зборнікі “Вяртаньне”, “Скарыніч”, брашуры “Праблема класіфікацыі...”, “Рэкамендацыі па арганізацыі...”, яшчэ “Первая Всебелорусская...”, кніга спадчыны М. Улашчыка... Тыя некалькі кніг, якія ўвогуле ня варта было друкаваць, тут не названыя зусім (агіткі кшталту “Унія ў дакумэнтах” “Назаўсёды разам: да 60-годзьдзя ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР”).

Пабачым, якім будзе працяг.

Валеры Пазьнякоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0