10 лістапада суддзя Лідзія Цяліца прысудзіла нашай рэпарцёрцы Кацярыне Карпіцкай 15 сутак арышту. Суд цягнуўся ажно тры з паловай гадзіны, дзве з якіх Цяліца «абдумвала», які вынесці прысуд. Кацярыну схапілі ў суботу, 7 лістапада, падчас жаночага маршу. Вось ужо больш за трое сутак яна за кратамі. Мы вельмі чакаем яе на волі! А пакуль — расказваем пра Кацярыну. 

Каця — з Магілёўшчыны, з невялікага горада Горкі на 35 тысяч чалавек. Горак для яе творчай дзейнай натуры было мала, таму пасля адпрацоўкі размеркавання з журфака ў лакальным дзяржаўным выданні «Горацкі веснік» яна вярнулася ў сталіцу.

Два гады ў дзяржаўным СМІ, дзе кожнае слова вычытвалася строгімі цэнзарамі, Кацю не зрабілі менш свабодалюбівай. Не зменшыла гэта і яе жаданне змагацца за справядлівасць і абараняць тых, каму патрэбная абарона. Далейшымі этапамі ў яе журналісцкай кар’еры былі «Наша Ніва» і Tut.by. 

Кацю ўжо затрымлівалі на жаночым маршы — 26 верасня. Але тады адпусцілі. Фота TUT.BY

Кацю ўжо затрымлівалі на жаночым маршы — 26 верасня. Але тады адпусцілі. Фота TUT.BY

Сіла Каці ва ўменні паглыбляцца ў гісторыі людзей, а таксама фіксаваць падзеі, жыва перадаваць настрой, атмасферу, бачыць цікавыя дэталі. Гэта робіць яе рэпартажы адметнымі, а стыль — пазнавальным. 

Вольны ад журналістыкі час Каця прысвячае спорту і тэатру. І апошняе — не толькі пра паходы на спектаклі, яна сама ўдзельнічае ў пастаноўках. А нядаўна Каця запісала кавер на «Перемен» Цоя па-беларуску — беларуская мова для яе мае асаблівае значэнне. 

Каця ніколі не заставалася ў баку ад падзей у краіне. Сёлета, калі пачалася выбарчая кампанія, яна адправілася па кватэрах збіраць подпісы за вылучэнне ў кандыдаты Віктара Бабарыкі. Вось тут можаце пачытаць яе шыкоўны дзённік пра гэта.

У часе паслявыбарчых пратэстаў Каця працавала як рэпарцёрка ў полі. Вы маглі бачыць яе і на жаночых маршах, і на нядзельных, і на дваровых вечарынах. А яе матэрыялы — на сайце і ў тэлеграм-канале «Нашай Нівы».

Дарэчы, Каця — адна са стваральніц праекта «Наша Ніна». Яна заўсёды ведала, што жанчыны — моц. І хацела, каб галасы беларусак гучалі мацней.

Ёсць пэўны сімвалізм, што затрымалі яе менавіта на жаночым маршы. Але мы дакладна ведаем, што з гэтым выпрабаваннем яна справіцца, бо іначай гэта не была б наша Каця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?