Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн заявіў у аўторак, што ён узмоцніць ціск на хаўруснікаў Аляксандра Лукашэнкі, піша Reuters.

«Міжнародная супольнасць павінна значна пашырыць свае санкцыі ў дачыненні да паслугачоў Лукашэнкі і замарозіць афшорныя рахункі, на якіх яны захоўваюць свае скрадзеныя багацці», — гаворыцца ў заяве былога віцэ-прэзідэнта. «Як прэзідэнт, я таксама буду працаваць з нашымі еўрапейскімі партнёрамі і саюзнікамі, каб распрацаваць план эканамічнай падтрымкі сапраўды суверэннай, дэмакратычнай Беларусі <…>

Я буду працягваць выступаць разам са Святланай Ціханоўскай і народам Беларусі з заклікам да мірнай перадачы ўлады, вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і правядзення свабодных і справядлівых выбараў з тым, каб беларусы, нарэшце, маглі скарыстацца тымі дэмакратычнымі правамі, у барацьбе за якія яны панеслі такія ахвяры».

У заяве адзначаецца таксама, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп «адмаўляецца выказвацца» ў падтрымку беларускага народа, у той час як Байдэн «мае намер падтрымліваць дэмакратычныя спадзяванні» беларусаў і «асуджае абуральныя парушэнні правоў чалавека».

Тым часам кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента ЗША Морган Артэгус паведаміла, што ўлады Злучаных Штатаў працягнуць падтрымліваць законныя памкненні народа Беларусі.
«Злучаныя Штаты і ўвесь свет салідарныя з народам Беларусі. Ён прадэманстраваў незвычайную мужнасць і сілу перад тварам жорсткіх рэпрэсій. Мы будзем працягваць падтрымліваць іх законныя памкненні», — напісала яна ў сваім Twitter.

Так яна пракаментавала паведамленне амерыканскай дыпмісіі ў ААН аб далучэнні ЗША да 51 дзяржавы — сябра ААН і дэлегацыі ЕС у асуджэнні парушэння правоў чалавека, якое працягваецца ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0