У судзе Ленінскага раёна Брэста 8 кастрычніка адбылося пасяджэнне па адміністрацыйнай справе вядомага брэсцкага краязнаўцы, рэдактара газеты «Царква» Ігара Бараноўскага. Яго абвінавачвалі ў тым, што 4 кастрычніка ў раёне 16:00-16:30 ён з'яўляўся ўдзельнікам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства на вуліцы Савецкай і адкрыта выказваў свае палітычныя погляды — ішоў у калоне і пляскаў у ладкі, паведамляе «Брэсцкая газета».

Сам Бараноўскі сваю віну не прызнаў. Ён заявіў, што ў той дзень ішоў па Савецкай у госці да сястры, ніякіх шэсцяў, мітынгаў ці іншых мерапрыемстваў не бачыў, адпаведна, удзелу ні ў чым не браў. Так, ён ведаў, што па нядзелях у цэнтры Брэста праходзяць акцыі пратэсту, але для візіту да сястры спецыяльна абраў такі час, калі ўсё ўжо павінна было скончыцца.

Суддзя Аляксандр Семянчук вынес вердыкт: 15 сутак арышту.

Ігар Бараноўскі быў шакаваны такім рашэннем. Пасля суду ён сказаў, што ў найгоршым выпадку разлічваў на штраф, але ніяк не на арышт, тым больш на такі тэрмін. Берасцеец заявіў, што сур'ёзна задумваецца над тым, каб абвясціць галадоўку як знак пратэсту супраць самавольства, якое, нібыта, адбываецца.

Ігар Бараноўскі — вядомы ў Брэсце гісторык, краязнаўца. Чвэрць стагоддзя ён з'яўляецца рэдактарам газеты «Царква», якую выпускае грэка-каталіцкая царква. Адзін з першых вернікаў грэка-каталіцкай грамады ў Брэсце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1