«Я выказала тое, што я думаю пра ўладу, — кажа Соня. — Вось колькі плякатаў і лёзунгаў, і ніводзін зь іх не пачуты. А мае словы былі пачутыя», піша «Радыё Свабода».

Дзяўчыну затрымалі 6 верасьня. Расказвае, што яе абвінавачваюць па двух артыкулах КК — 339 «Хуліганства» і 342 «Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Соня прызнае, што ўжывала ў выказваньні і нецэнзурныя словы.

Дзяўчына кажа, што першым затрымалі яе хлопца, які проста стаяў побач зь ёю. «Я стала скандаліць, каб забралі мяне замест яго, бо я ж усё рабіла, а ня ён. Але мяне ніхто не паслухаў».

Яна пайшла шукаць свайго хлопца, па дарозе яе затрымалі і завезьлі ў Цэнтральны РУУС. Яна кажа, што затрыманых 6 верасьня было вельмі шмат, а пра яе ўчынак у РУУС ужо ведалі.

«Яны па Nexta ўсё глядзяць хутчэй, чым мы, — кажа Соня. — У інтэрнэце было вельмі шмат відэа, як я гэта раблю. Яны так і сказалі, што табе няма сэнсу падманваць, мы ўжо ўсе твае малюнкі бачылі».

Дзяўчына кажа, што абыходзіліся зь ёю нармальна, у яе быў дзяржаўны адвакат.

«Да «рэвалюцыянэраў» ставіліся нармальна. Іх была асноўная маса, — кажа Соня. — Але прыходзілі звычайныя людзі, якія выпілі, напрыклад, і іх загрэблі. І іх вельмі моцна білі. Амаль усіх, хто туды трапляў. Гэта тое, што я бачыла. Маглі спакойна пакласьці на зямлю, заламаць рукі і біць. Кроў на падлозе была. А да мяне больш-менш нармальна. Адзін лысы абражаў увесь час. Але былі і адэкватныя людзі».

Спачатку дзяўчына абвінавачвалася па артыкуле 339 КК РБ «Хуліганства» (пакараньне — ад грамадзкіх прац да пазбаўленьня волі да трох гадоў). Кажа, што літаральна два дні таму дадаўся яшчэ адзін артыкул, 342 — «Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Па гэтым артыкуле максымальны тэрмін пакараньня — пазбаўленьне волі да шасьці гадоў. Раней Соня асуджаная не была.

З 6 верасьня, кажа Соня, яе «вазілі» паміж РУУС і ЦІП на Акрэсьціна. Яна тлумачыць гэта тым, што трымаць больш за 3 дні ў адным месцы — «не па законе».

За час зьняволеньня над Соняй адбыўся суд па адміністрацыйным правапарушэньні «Ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». «Далі 20 базавых», — кажа яна.

Дзяўчына кажа, што за гэты час яе пасьпелі адлічыць з каледжа, у якім заставалася давучыцца год. «А я так і ведала, — дадае Соня. — Яны адразу казалі, што за ўдзел у акцыях будуць адлічаць».

На пытаньне, што Соню не задавальняе ў цяперашнім жыцьці ў Беларусі, яна прыводзіць у прыклад сваю бабулю.

«Ёй 87 гадоў, вышэйшая адукацыя, усё жыцьцё прапрацавала на гэтую дзяржаву, — кажа Соня. — У яе пэнсія 500 рублёў. А яна інвалід, ёй сядзелка трэба, якая каштуе 400. А на жыцьцё, на кватэру адкуль ёй браць? А ўсе кажуць, што ў нас усё нармальна. Дык адкуль у нас усё нармальна?»

Цяпер сям’я Соні шукае адваката. У яе падпіска аб нявыезьдзе.

Сьледчы камітэт 11 верасьня паведаміў, што ў дачыненьні да 18-гадовай дзяўчыны, якая балёнчыкамі размалёўвала спэцсродак, заведзеная крымінальная справа па ч. 2 арт. 339 «Хуліганства». Дзяўчына мае статус падазраванай.

У публікацыі выкарыстана інфармацыя газэты «Новы час».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0