Справу Арцёма Яршова, падлетка з Камянеччыны, які ўдарыў сякерай бацьку, перадалі ў суд.

Бяда адбылася 26 лютага ў гарадку Высокае. 17-гадовы Арцём не вытрываў чарговых здзекаў п’янага бацькі. Хлопец ударыў 52-гадовага мужчыну сякерай і пакінуў паміраць.

Пазней высветлілася, што на баку падлетка быў увесь горад. Бацька даўно быў вядомы сваёй любоўю да алкагольных напояў. А калі выпіваў, то пачынаў чапляцца да жонкі і сына. Аднойчы сын і не вытрываў.

У выніку Арцёма забрала міліцыя, яго бацьку — хуткая. Мужчына быў у цяжкім стане, у коме.

Наталля, маці Арцёма, распавяла «Нашай Ніве», што яе муж не выжыў. Ён памёр яшчэ 10 красавіка.

«Цяпер справу сына ўжо перадалі ў суд. Калі пачнецца працэс, пакуль невядома. Справу суд будзе разглядаць да 15 ліпеня — якраз у гэты дзень Арцёму спаўняецца 18 гадоў», — кажа Наталля.

Судзіць хлопца будуць як непаўналетняга. Яму пагражае да 12 гадоў калоніі.

«З сынам я за ўвесь гэты час не бачылася: каранцін, не пускаюць. Але ён дасылае лісты. Апісвае нейкія свае штодзённыя справы, не больш за тое. Скаргаў у яго няма ні на што, на яго, наколькі я ведаю, таксама ніхто не скардзіцца. Арцём — такі хлопец, які ніколі ніякіх праблем не дастаўляў нікому, — расказвае Наталля. — Пра гісторыю з бацькам мы з ім стараемся не ўзгадваць і не абмяркоўваць: гэта вельмі цяжка і для мяне, і для яго. Будзем намагацца з годнасцю прыняць вынік суда і ўсе адпаведныя наступствы.

Канечне, следчыя паведамілі Арцёму, што бацька памёр. Сын не адмовіўся ад сваёй віны, якую прызнаў адразу, калі яго забралі ў міліцыю. Віну ён прызнае і цяпер. Але ж неяк ён прызнаваўся, што шкадуе пра свой учынак. Казаў, што каб была магчымасць вярнуць час назад, то ён бы так не паступіў зноў.

Але ж нічога ўжо не змяніць». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0