Ці можна па прозвішчах назваць тых, хто расстраляны ў Курапатах і іншых месцах расстрэлаў або пахаванняў ахвяр рэпрэсій? Думаю, што можна. Сучасныя сродкі генетычных даследаванняў гэта дазваляюць. Што для гэтага трэба?

1. Праводзяцца раскопкі.

2. З костак або зубоў здабываюцца ўзоры ДНК (акрамя ДНК, магчыма, пры новых раскопках могуць быць знойдзеныя і нейкія прадметы, па якіх магчыма будзе ідэнтыфікаваць цела).

3. Вынікі параўноўваюцца з наяўнымі базамі дадзеных (ёсць, напрыклад, база дадзеных МУС — у Беларусі асуджаныя па цяжкіх злачынствах здаюць ДНК, а базы дадзеных амерыканскіх сайтаў, якія прадаюць ДНК-тэсты, налічваюць ужо мільёны узораў).

4. Ствараецца новая база дадзеных прамых нашчадкаў і блізкіх сваякоў рэпрэсаваных. Напрыклад, у мяне быў расстраляны родны брат прадзеда — і нашы ДНК, асабліва Y-храмасомы пакажуць сваяцтва.

5. Аналізуюцца захаваныя рапарты аб прывядзенні ў выкананне прысудаў. Па іх мы вызначаем, хто з вялікай доляй верагоднасці пахаваны ў кожнай яме. Гэта значыць, мы зможам вызначыць даты расстрэлаў кожнай ямы — напрыклад, у гэтай яме расстрэл 10 лістапада 1937 года і гэтак далей.

6. Калі з'явяцца першыя ідэнтыфікаваныя астанкі — можам выказаць здагадку, што астатнія ў гэтай яме супадаюць з рапартам аб прывядзенні прысуду ў выкананне. Дадаткова параўноўваем колькасць целаў у ямах з колькасцю людзей у рапартах.

Для ўсяго гэтага трэба толькі жаданне ідэнтыфікаваць гэтыя рэшткі. Пакуль яго няма — прасцей казаць, што гэта немагчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?