Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанні рэдакцыі і заснавальніку недзяржаўнага гістарычна-літаратурнага часопіса «Лідскі летапісец».

Абодва папярэджанні падпісала 31 траўня намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч. Заснавальніку ставіцца ў віну тое, што ён своечасова не паведаміў мінінфармацыі пра змену перыядычнасці выпуску часопіса (арт. 11 Закона «Аб друку і іншых СМІ»). Рэдакцыю ж звінавачваюць у тым, што ў выходных дадзеных некалькіх нумароў былі прыведзены не адпаведныя рэчаіснасці даты выхаду ў свет (арт. 26 закона аб друку), а таксама тое, што яна не зрабіла своечасовай рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў часопіса (арт. 27 закона аб друку).

Рэдактар часопіса Станіслаў Суднік (вядомы таксама як рэдактар газеты Таварыства беларуская мовы «Наша слова») збіраецца ў найбліжэйшы час рабіць захады для выпраўлення знойдзеных міністэрствам памылак.

Краязнаўчы, гістарычна-літаратурны часопіс «Лідскі летапісец» выходзіць з 1997 г. накладам 400 асобнікаў. Заснавальнікам выдання з’яўляецца старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Валеры Сліўкін.

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру