Беларускі нацыянальны кангрэс вызначыўся са сваёй стратэгіяй на прэзідэнцкія выбары. Два дзясяткі чалавек, які прадстаўлялі розныя рэгіёны краіны, вырашылі, што іхнім кандыдатам стане Мікалай Статкевіч. Хаця дыскусіі былі вельмі гарачымі.

Выступае Мікола Статкевіч

Выступае Мікола Статкевіч

Што такое Беларускі нацыянальны кангрэс? Гэта кааліцыя самых радыкальных у адносінах да ўладаў арганізацый. У яе ўваходзіць і незарэгістраваная «Народная Грамада» Статкевіча, і «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, якую падтрымлівае «Хартыя», і прафсаюз РЭП Генадзя Фядыніча, і палітык-адзіночка Уладзімір Някляеў. Кампанія розная, але згодная ў тым, што ўладу трэба мяняць як мага хутчэй.

Агулам у офіс РЭП прыехала і прыйшло два дзясяткі чалавек.

Інтрыгі з вылучэннем асаблівай не адбылося. Адзінае прозвішча, якое прагучала як прозвішча імавернага кандыдата, — гэта Мікалай Статкевіч. «Сусветна вядомы палітвязень», — назваў яго барысаўскі дысідэнт Аляксандр Абрамовіч.

«А Статкевіч мае права вылучацца?» — пачулася пытанне з залы. «Паводле Канстытуцыі — так, па законе — не», — імгненна адрэагаваў Статкевіч. Ён перакананы, што Канстытуцыя ніяк не абмяжоўвае ягоныя правы, а вось у Выбарчым кодэксе ёсць патрабаванне, што ў кандыдата не павінна быць нязнятай судзімасці.

Уладзімір Някляеў, які вёў мерапрыемства, сказаў, што ён увогуле доўга вагаўся, ці варта браць удзел у гэтых выбарах, але схіліўся за, каб не паўтарыўся сцэнар 2015 года: «Самыя ганебныя выбары ў гісторыі Беларусі, з казакамі, з падтанцоўкай, з аперэтай. Я гэта вельмі цяжка перажываў».

Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў

Другой прычынай Някляеў назваў пагрозу незалежнасці Беларусі. «У мяне засталіся сябры ў Маскве, я ведаю, як адбываліся перамовы Пуціна і Лукашэнкі. Створаныя камісіі па здачы нашай незалежнасці. Я праз гэта начамі прачынаюся і не магу спаць», — прызнаваўся Уладзімір Пракопавіч.

Яшчэ ён прызнаўся ў тым, што Статкевіч прапаноўваў яму быць кандыдатам, але паэт адмовіў. «Тады вылучацца буду я», — перадаваў Някляеў словы Статкевіча.

Была і яшчэ адна прапанова: вылучыць адразу трох кандыдатаў, усіх з судзімасцямі — Статкевіча, Фядыніча і Саннікава, але яе хутка забылі. «Мэта адна — змяніць уладу», — казаў Някляеў.

Мабыць, самым нечаканым выступ атрымаўся ў прафсаюзнага лідара Генадзя Фядыніча. «Я буду казаць шчыра — па-іншаму проста не ўмею».

Генадзь Фядыніч

Генадзь Фядыніч

«Усё гэта нагадвае танны піяр, — пачаў сваю прамову Фядыніч. — «Народная Грамада» — гэта малая групка людзей, БНК — крыху большая, але таксама малая.

Не незалежнасць зараз хвалюе людзей, а іх дабрабыт. Вы кажаце, што ўсе ведаюць патрыёта Статкевіча, але яго ведаюць толькі патрыёты. Выйдзіце на Камароўку і спытайцеся, хто ведае. Адна «Хартыя» не дае поўны ахоп людзей, асабліва ў рэгіёнах. А што Статкевіч піша ў сваім фэйсбуку? Пра нейкіх дзевак, якіх цягае Лукашэнка. Калі ён хоча быць кандыдатам, то павінен быць вышэй за ўсю гэтую гразь. Нікога ўлада не зарэгіструе. Каб зарэгістравалі Статкевіча, трэба вывесці на вуліцу 20 тысяч чалавек. Мы гатовыя да такога? Не гатовыя. Захад нас не падтрымае, бо заблытаўся ў той геапалітычнай гульні. Расія — гэта крыж», — так эмацыйна сказаў Фядыніч. Праўда, апладысменты не пачуліся.

«За намі людзей практычна няма, — прызнаўся вядомы дзеяч Вацлаў Арэшка. — Давайце адкладзем вылучэнне да вясны. Галоўнае — не асоба, а праграма».

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель упёрся кулакамі ў стол: «Не згодны, што людзей няма. Людзі ёсць. І яны хочуць пачуць адказ на пытанне: хто, калі не Лука?»

Яўген Афнагель

Яўген Афнагель

Ад Салігорска на сустрэчы быў бацька бізнэсоўца і былога маладафронтаўца Івана Шылы Уладзімір. «Мы не пераможам на выбарах, — з сумам канстатаваў ён. — Я не ўпэўнены нават, што збяром 100 тысяч подпісаў. Я расчараваны, што няма адзінага кандыдата, але я гатовы працаваць на Мікалая Статкевіча, бо вельмі паважаю гэтага чалавека».

Уладзімір Шыла

Уладзімір Шыла

Сам Статкевіч пачаў адказваць на словы Фядыніча: маўляў, Генадзь, калі цябе судзяць, то не важна, колькі чалавек мы выведзем да Адміністрацыі прэзідэнта.

«Важна, Мікола», — парыраваў Фядыніч.

«Важна, але не галоўнае», — не згадзіўся Статкевіч.

2010 год, калі была разагнаная Плошча, ён назваў «выдатным». «Некалі мы пакажам унукам, што не змірыліся з уладай Лукашэнкі, што быў 1996 год, 1999, 2006, 2010, 2017».

На праймерыз ён рашуча не згодны. «З кім ісці на праймерыз? З тымі людзьмі, якія летась пабеглі скардзіцца чыноўнікам, калі мы маглі атрымаць і мітынг, і канцэрт?».

Не пагадзіўся ён з Фядынічам і пра тое, што не трэба пісаць пра «дзевак, якіх цягае Лукашэнка». «Калі нешта зменіцца, то ўсе гэта пісаць будуць, але трэба, каб і цяпер нехта казаў», — перакананы Статкевіч.

Уладзімір Някляеў у сваю чаргу запэўніў, што больш за яго працы па адзіным кандыдаце не рабіў ніхто, але заўсёды знаходзіліся тыя, хто яе зрываў у апошні момант. «У 2015 такімі былі Аляксей Янукевіч з Партыі БНФ і Андрэй Дзмітрыеў», — падсумаваў паэт.

У выніку на галасаванне была пастаўленая адна кандыдатура — Статкевіч. «За» прагаласавала 16 чалавек. Вацлаў Арэшка, Генадзь Фядыніч і Алена Талстая з руху «Разам» (яны ўвогуле былі супраць вылучэння кандыдата, а прапанавалі кампанію па скасаванні саюзнай дамовы 1999 года) — устрымаліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?