Выбітны кампазітар, адзін зь першых беларускіх авангардыстаў Дзьмітры Смольскі памёр сёлета, 29-га верасьня, пасьпеўшы адсьвяткаваў уласнае 80-годзьдзе. За некалькі месяцаў да скону маэстра даў інтэрвію TuzinFM, у якім зрабіў шэраг прызнаньняў.

Цягам жыцьця Дзьмітры Смольскі напісаў 15 сымфоніяў, 3 опэры ды масу іншае аркестравае, камэрнае, вакальнае музыкі.Болей за паўстагодзьдзя выкладаў у Беларускай акадэміі музыкі й выгадаваў некалькі генэрацыяў акадэмічных аўтараў. За некалькі месяцаў да скону маэстра даў інтэрвію Віктару Сямашку, у якім зрабіў шэраг прызнаньняў.

Пра аўто

Раней, у маладыя гады я меў шмат машынаў. Пачынаў з гарбатага «Запарожца», а потым дайшоў да «Волгі». Яна ж не прадавалася нідзе й нікому, дзяржаўная машына для чыноўнікаў. І каб прыватна купіць, патрэбнае было рашэньне Вярхоўнага Савету з подпісам старшыні Савета міністраў. Аксёнаў мне падпісаў той дазвол, і я атрымаў «Волгу». Заплаціў 9 тысячаў рублёў, па-мойму. Сама гадкая машына!

А самая лепшая машына, якая ў мяне была — гэта «капейка», «Жыгулі», я атрымаў яе першым у Менску.

Справа ў тым, што яе зьбіралі ў Савецкім Саюзе італьянскія працаўнікі. Яны паўгады працавалі ў Тальяці, наладжвалі ўсю сыстэму, усе канвэеры. Я праезьдзіў на ёй 6 год і толькі запраўляў палівам, ніводнай гайкі не падкруціў! Да мяне тады дайшло, што значыць эўрапейская цывілізацыя й культура вытворчасьці.

Дзмітры Смольскі, 1955 год

Дзмітры Смольскі, 1955 год

Пра Саветы

Я не трыбун. Ніколі на мітынгі не хадзіў. І я ж ня з тых людзей, якіх гнаілі. Я атрымаў ад савецкае ўлады ўсе ўзнагароды, якія толькі ёсьць — званьні, прэміі, ордэны, мэдалі. Бо ніколі агрэсіўна не выступаў, ня рваў на сабе кашулю.

У музыцы я мог выказваць усё, што накіпела. Бо я ведаю, што такое савецкая ўлада.

Я пражыў у гэтай эпосе ўсё сваё жыцьцё. Яна ўся прайшла празь мяне, праз маё нутро. У прынцыпе, усе мае творы — гэта ня тое, каб пратэст… Я ніколі пра гэта афіцыйна не гаварыў, але ў мяне шмат камэрных сачыненьняў, дзе я ня тое, каб зьдзекваюся… Іранізую з гімну Савецкага Саюзу, з падтэкстам, але многія гэтага ня чуюць.

Дзмітры Смольскі, 1967 год

Дзмітры Смольскі, 1967 год

Пра партыю

З 1961 году я стаў сябрам Камуністычнае партыі. Перад тым райкам настойліва патрабаваў ад Саюзу кампазытараў новых папаўненьняў камуністаў. Праўда, я нікуды не ўваходзіў. Мяне рэкамэндавалі ў абкам, райкам, гаркам. Але я катэгарычна адмовіўся, сказаўшы, што я творчы чалавек, я нікуды не хачу.

І ў 1990-ым, як мне паведамілі пасьля, я стаў першым у Беларусі, хто падаў заяву на выхад з партыі ды здаў партбілет.

З гэтае нагоды ў кансэрваторыі сабралі сход з прадстаўнікамі ЦК партыі, тых жа абкамаў, райкамаў, гаркамаў. Прымусілі мяне выступіць і патлумачыць, чаму я прыняў такое рашэньне. Я хвілін 15 тлумачыў. Бо я заўжды цікавіўся тэмай рэпрэсіяў, вельмі блізка прымаў гэта да сэрца. Не падзяляў гэтай філязофіі, гэтай ідэалёгіі. На тытульным лісьце маёй апошняй Сымфоніі №15 напісаныя словы Рэйгана: «Імпэрыя Зла».

Анісімаў дырыгаваў на маім аўтарскім канцэрце да 75-годзьдзя, але сказаў: «Я баюся гэтую сымфонію выконваць». Бо ён быў на добрым рахунку ва ўладзе. У выніку дырыгаваў Бушкоў.

Вокладка дыску Best of Dmitry Smolski

Вокладка дыску Best of Dmitry Smolski

Пра кансу

Калі памёр Алоўнікаў, мне сказалі: «Ёсьць меркаваньне прапанаваць Вам пасаду рэктара кансэрваторыі». Я адказаў, што я — зусім іншы чалавек, не валодаю талентам кіраўніка, што для мяне галоўнае ў жыцьці — ствараць музыку ды выкладаць. Яны паслухалі й прызначылі Лучанка. Калі да яго за подпісам прыходзілі бугальтары, ён дакумэнтаў зусім не чытаў, а толькі заўжды пытаўся: «Ня сяду?» І падпісваў.

Дзьмітры Смольскі з сынам Віктарам, славутым сусьветным гітарыстам (1999)

Дзьмітры Смольскі з сынам Віктарам, славутым сусьветным гітарыстам (1999)

Пра паэтаў

Па жыцьці я сябраваў з усімі паэтамі. Мы амаль аднагодкі былі з Бураўкіным, з Барадуліным. Безумоўна, я чытаў іх паэзію, яны хадзілі на мае канцэрты. А найбольш сябраваў з Валодзем Караткевічам — вось гэта быў мой самы любімы, самы блізкі сябар. Калі ён пісаў лібрэта да «Сівое легенды», дык, я ў яго фактычна жыў на вуліцы Карла Маркса: прыходзіў раніцою ды ўвечары сыходзіў.

І Гілевіч жыў побач. Гілевіч мне да апошніх часоў тэлефанаваў, штодзень мы па гадзіне гаварылі. І за дзень да ягонае сьмерці таксама. Ён мяне называў «мой паплечнік».

Мы аднадумцы зь ім былі поўнасьцю, і ў адносінах да ўлады. Толькі з паэтамі я меў асалоду размаўляць на беларускай мове. З усіх маіх вучняў, а іх было каля 70, па-беларуску размаўлялі толькі Стома й Сімаковіч. Многія ведаюць мову, але не размаўляюць.

Пра наступнікаў

Кожны чалавек адчувае, што яму патрэбна, да яго ён цягнецца. Сапраўды аматар музыкі будзе ёй служыць. Матэрыяльнае для яго - не аснова. І калі ў яго ёсьць патрэба выказацца, ёсьць талент і цяга, то ён павінен працаваць, павінен рабіць сваю справу, нягледзячы на цяжкасьці. Гэта яго крыж, яго прызваньне.

І хацелася б, каб такіх людзей было больш. Яны ёсьць! Безумоўна, ёсьць. Але атмасфэра ня надта спрыяльная для таго, каб разьвіваўся чалавек у такім напрамку. Але павінныя прыйсьці новыя людзі, хаця жыцьцё вельмі складанае й непрадказальнае.

З буклета бокс-сэту Best of Dmitry Smolski

З буклета бокс-сэту Best of Dmitry Smolski

Пра настальгію

Галоўная тэма маёй Сымфоніі №1 праходзіць праз усё жыцьцё. І я напісаў «Настальгію», сымфанічны твор, пабудаваны толькі на гэтай тэме. Мой апошні твор.

Узоры авангардных твораў 1960-ых і фрагмэнты сымфоніяў Дзьмітрыя Смольскага з камэнтарамі аўтара можна пачуць у двух выданьнях радыёпраграмы «Кракатук» (першае выданьне/другое выданьне).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?