Віталь Воранаў — беларускі перакладчык, літаратар, выдавец, публіцыст і ўніверсітэцкі выкладчык, былы вучань Глыбоцкай СШ№2, а сёння жыхар Познані (Польшча), выкладчык ірландскай літаратуры ва ўніверсітэце г. Брно (Чэхія), не забывае сваёй радзімы! Улетку прыязджае і жыве ў дзедавай хаце ва Удзеле. Займаецца адраджэннем дударскіх традыцый на Глыбоччыне. У пачатку траўня, з ініцыятывы Віталя Воранава, у Глыбокім адбудзецца першы Міжнародны рэгіянальны фэст — «Дударскі рэй».
Віталь Воранаў
Чаму — адразу Міжнародны і рэгіянальны?
Віталь Воранаў завітаў у Глыбокае ў сярэдзіне сакавіка міма традыцыйнага «графіка», каб узгадніць з райвыканкамам праграму маючага адбыцца дударскага фэсту. Аўтар задаў Віталю колькі пытанняў.
— 6-7 траўня ў Глыбокім адбудзецца першы рэгіянальны, але Міжнародны, дударскі фэст у Беларусі,— кажа спадар Віталь аўтару гэтых радкоў. — Чаму Міжнародны і рэгіянальны? Таму, што бяруць удзел не толькі дудары з Беларусі, але і госці з замежжа. Аднак прадстаўляць яны будуць не столькі свае краіны, колькі свае рэгіёны.
Напрыклад, чэхі прыедуць да нас з Маравіі — будуць прадстаўляць гістарычную краіну Мараву ў межах Чэшскай Рэспублікі і менавіта свой фальклор, сваю дударскую традыцыю. Тое самае з Бельгіяй, а таксама з палякамі, якія будуць прадстаўляць рэгіён Вялікапольшчу ў межах Польшчы і г.д.
Пачнём з Алеі славутых землякоў
— Пачнецца ўсё ў суботу 6 траўня а 11:30 на Алеі славутых землякоў з абыграння бюста Ігната Буйніцкага,— працягвае Віталь Воранаў. — Ёсць такая традыцыя абыграння помнікаў, знакавых месцаў, дзе дудары, проста, не фармальна, імправізавана выступаюць, каб ушанаваць памяць пра нейкага важнага, звязанага з дударскай традыцыяй чалавека. У нашым рэгіёне, натуральна, гэта — Ігнат Буйніцкі, у трупе якога быў свoй дудар — Адам Шульга. Вось, каб уганараваць памяць, уганараваць яго ўнёсак у дударскую традыцыю, мы і пачнём менавіта з імправізаванага канцэрта на Алеі славутых землякоў.
Затым пяройдзем у музычную школу. Недзе, а 12-й гадзіне, там адбудзецца канцэрт для навучэнцаў школы і выкладчыкаў розных музычных інструментаў. Магчыма хтосьці з таленавітых навучэнцаў выступіць на нейкім музычным інструменце, каб паказаць тут нашу музычную традыцыю. Недзе з гадзіну працягнецца гэты канцэрт. Пасля, прыкладна а гадзіне 13:15, усе дудары пройдуць такім спантанным паходам — ад музычнай школы да галоўнай сцэны фэсту на Цэнтральным пляцы. А 13:30, калі будзе добрае надвор’е, тут запланаваны пачатак канцэртнай праграмы — гала-канцэрт. Пры кепскім — ён адбудзецца ў Тэатральнай зале імя Ігната Буйніцкага. На канцэрце будуць прадстаўленыя ўсе традыцыі вышэй згаданых гасцей, а каб прадставіць нашыя традыцыі, мясцовы фальклор, выступіць «Цярэшка», прадстаўюлячы, перадусім, традыцыю танцаў на Беларусі, і асабліва, з націскам на Глыбоччыну.
Віталь Воранаў на Бульбяным фэсце ў Ады Райчонак у Германавічах. Фота Ул. Скрабатуна, 13.08.2016.
Нагадаем у Празароках пра Адама Шульгу
— Потым, усе садзяцца ў транспарт — а 19-й мусім быць у Празароках. Там, дзесьці з разлікам на паўтары гадзіны — канцэртная праграма. На заканчэнне першага дня дударскага фэсту — адпачынак на турыстычнай базе ў Івесі.
Трупа Ігната Буйніцкага, 1912 год. Злева, унізе — дудар Адам Шульга.
Заміж аргана — дуда!
— На наступны дзень, у нядзелю, з 11:00, працягваем з касцёла ў Удзеле. Ёсць такая еўрапейская традыцыя ў Польшчы, Славаччыне, Нямеччыне — дудары вельмі часта граюць на службе. Інструмент дуда даўней вельмі часта выкарыстоўваўся ў касцёлах, асабліва, калі ў ім не было аргана. Гучанне дуды — досыць падобнае да гучання аргана. Вельмі добра падыходзіць пад касцёльную акустыку. Там будзе служба недзе да 12:30, гучанне на ёй дуды ўжо ўзгодненае з нашымі францысканамі. Пасля службы, таксама, невялікі нефармальны выступ.
Пасля Удзела — недзе а 13:00 — ад’езд у Мосар. Абыход дударамі прыкасцёльнай тэрыторыі, каб яны маглі пазнаёміцца з тамтэйшых славутасцямі. Магчымы там і невялікі нефармальны выступ. А 14:30 — абед.
Куточак дуды — у раённай бібліятэцы
— А 16:30 — важная падзея! На заканчэнне дударскага фэсту — у Глыбоцкай раённай бібліятэцы адбудзецца ўрачыстае адкрыццё пастаяннай выставы, прысвечанай дудзе ў беларускай літаратуры. То бок будуць прадстаўленыя кнігі, творы беларускіх аўтараў, для якіх дуда стала такім знакавым сімвалам для ўсёй іх творчасці. Былі ж сярод іх і псеўданімы — Дудар, і самі ў ліставаннях называлі сябе дударамі і песнярамі. Там, у глыбоцкай бібліятэцы, будзе першая на Беларусі падобная калекцыя. Афіцыйна заснаваная! У ёй будуць і рэдкія кнігі. Імаверна гэта ў далейшым стане і сталай экспазіцыяй. Пры жаданні можна будзе заўсёды зайсці ў асобны такі пакойчык, вызначаны куток. Там пад шклом будуць экспанавацца гэтыя кнігі. У Глыбоцкай раённай бібліятэцы і адбудзецца заканчэнне фэсту.
Спадзяюся, што і мастацкая школа імя Язэпа Драздовіча правядзе дзіцячы конкурс малюнкаў на тэму беларускай дуды і вобраза дудара.
За два месяцы да фэсту магчыма шмат чаго яшчэ і дадасца.
***
— Дзякуй спадар Віталь! І такое «сакраментальнае» пытанне: «Ці прыедуць да нас у «спадніцах» дудары з Шатландыі?»
— Вельмі магчыма! Жаданне ў аднаго з іх, перадусім, ёсць — прыехаць у Беларусь. Ну, скажам так, калі палякі пагодзяцца прыхапіць яго да сябе ў аўто па дарозе на Глыбокае.
Неўзабаве мусіць быць канчаткова зацверджаная праграма дударскага фэсту, якую я прадстаўлю для апублікавання.
P.S. Як стала вядома пазней — дудар з Шатландыі у «спадніцы» ўжо купіў квіток і прыедзе ў Глыбокае.