Сяргей Харэўскі

Пра вусы і бараду

 

Неяк мой цесьць прыехаў на Пастаўшчыну з барадой. Тамака ўсе пачалі яго дакараць: “Пагаліся!” Дзед Пякарскі не стрымаўся: “Ты што, маскаль? Гэна ж адны толькі маскалі ў нас бароды носяць!” На Пастаўшчыне ёсьць стараверы, якія вылучаюцца сваёй моваю ды бародамі. Іх здавён называюць маскалямі. “Во вусы — гэта красата!” — працягваў стары Пякарскі, пагладжваючы свае — рэдкаватыя, закручаныя, як у Сальвадора Далі.

Жаданьне ўпарта стаяць на сваім — рэдкая для беларусаў рыса. Але такое пытаньне, як даўжыня валасоў ці барада, — выключэньне з правіла.

Зрэшты, наяўнасьць ці адсутнасьць расьліннасьці на твары была істотным пытаньнем праз усю чалавечую гісторыю. На мяжы XV—XVI ст. эўрапейцы пачынаюць галіцца амаль татальна. А вось расейскі Сьвяты Сынод у 1551 г. заявіў, што “без барады нельга ўвайсьці ў Валадарства нябеснае”. Нават Жыгімонт Гербэрштэйн, пасол Сьвятой Рымскай імпэрыі, мусіў адгадаваць бараду, каб трапіць у Масковію на пачатку XVI ст. У часы Рэнэсансу мода на бароды панавала і сярод нашай арыстакратыі. Не галіліся абодва Мікалаі Радзівілы, Чорны й Руды, якіх і звалі гэтак за колер іхных вялізных бародаў. Барадачамі былі Кастусь Астроскі, Іван Хадкевіч, Філон Кміта-Чарнабыльскі, Леў Сапега. Бароды мелі ўсе запар Жыгімонты, уладары Вялікага Княства. Хоць наяўнасьць-адсутнасьць барады была справай цалкам прыватнай і не зьяўлялася падставаю для гвалту й забойстваў, як у Расеі за Пятром Першым. “Галаву сячы, бараду не чапай!” — малілі аб літасьці баяры свайго цара.

На мяжы XVI—XVIІ ст. у беларускім шляхецкім асяродку бароды амаль цалкам зьнікаюць. Застаюцца пышныя вусы, закручаныя на самы розны манер. На старых шляхецкіх партрэтах няма, за рэдкімі выняткамі, чыста паголеных пэрсонаў.

Мода на бароды вярнулася ў Эўропу ў сярэдзіне ХІХ ст. Валасатасьць твару сталася знакам нонканфармізму. Джузэпэ Гарыбальдзі, Лаёш Кошут, Эжэн Пат’ё. Згадайце й нашых: Сымона Канарскага, Валер’я Ўрублеўскага ці Жыгімонта Серакоўскага. Маладзенькая яшчэ, негустая барада была і ў Кастуся Каліноўскага.

...Стаміўшыся ад суседзкіх і сваяцкіх пляўкоў, мой цесьць згаліў бараду. Сказаў, што яна яго старыць. А можа й праўда, не хацеў быць падобным да маскаля. А стары Пякарскі сёлета згаліў вусы. Бяз вусаў я яго ледзь пазнаў. Ён зрабіўся зусім стары, стомлены і... звычайны. Казаў, што падпаліў выпадкова. Хоць, падазраю, і ён пачаў няёмчыцца ад свайго шляхецкага выгляду... Часы пайшлі, як Купала пісаў, не такоўскія...

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0