Празаiчная статуя

Сяргей Астраўцоў

Пра Ленiна па-беларуску я нiчога не чытаў, нi вершыкаў, нiчагосьцi больш фундамэнтальнага. Уся ленiнiяна ў нашай лiтаратуры для мяне абмяжоўваецца чатырма клясычнымi словамi: «Ленiн думае пра Беларусь». А што ён думае, я не цiкавiўся. Дзякуючы, мабыць, гэткай белай пляме, у мяне з часам паявiлася патрэба самому ўзяцца за гэтую, цяпер крыху й паўзабытую тэму, працягнуць традыцыю. У пэўнай ступенi, натуральна. Ленiнская статуя ў маiх апавяданьнях трапляецца вельмi часта, але фундамэнтальна ленiнскай асобай я не займаюся. Нецiкава. Дый да мяне ўсё было зроблена.

Ня ўсе пiсалi пра Ленiна i партыю. Мы ведаем, хто не пiсаў. Сапраўдны гарт. Але ж — залацiнка ў беларускiм пяску. Чаму пiсалi iншыя, праслаўлялi? Магчыма, нехта пiсаў, бо ня мог пазбыцца адчуваньня таго, што ўсё гэта будзе вечна. КПСС, СССР ды ўсё астатняе. Некаторыя, напэўна, выклiкалi ў сабе пры гэтым шчырае пачуцьцё, каб напiсаць якасна. Некаторыя рабiлi звычайную халтуру, бо iншага ня ўмелi, а на яе быў попыт.

Я разумею, што сама тэма гучыць як бы гiстарычна: Ленiн у беларускай савецкай лiтаратуры. Што гэта, маўляў, такое? У якi кут гэта кiнуць цi на якую палiцу пакласьцi? Але, здаецца, яшчэ зарана ставiць кропку.

Псыхалягiчна — для мяне — усё, што за Воршай, далей за якую я ня езьдзiў, — чужая краiна зь ейнымi ленiнамi ды ўсiм iншым. Але ўгодкi ленiнскай рэвалюцыi — дзяржаўнае сьвята ў Рэспублiцы Беларусь. Аграмадны Ленiн стаiць у маiм горадзе на пляцы, i гэта амаль адзiны рэальны помнiк. Пасьля першага сьнегу я iду да яго, бачу ўсяго ў сьнежках i гэта, можна сказаць, уздымае мой творчы настрой. Ленiн па-ранейшаму застаецца ў нашым жыцьцi. Можна гэтага не заўважаць, а можна i рэагаваць, крыху iнакш, вядома, чым калiсьцi.

Ён атрыбут нашага часу разам зь зялёнымi далярамi, неахайна сiнiмi амонаўцамi i вэртыкаляй.

У мяне ёсьць нiзка, якая так i называецца: «Апавяданьнi вулiчнага бюсту». Там ёсьць i Сталiн, i Дзяржынскi, але найбольш Ленiна. I нават поўны збор ягоных твораў, схаваны турэмным нампалiтам у незгаральную шафу ад вязьняў, каб ня ўчытвалiся ў сапраўдны зьмест. Ёсьць там i пра тое, як ноччу аднаго Ленiна —тандэтнага — замянiлi на больш сучаснага, адправiўшы старога ў далёкi райцэнтар. Усё гэта адбывалася на маiх вачах. А тое, што гарадзенскiя пэнсiянэры зьбiралi подпiсы, каб Ленiна не выносiлi з маўзалею?! Усё гэта для мяне выдатны лiтаратурны матэрыял.

Нядаўна я трапiў у Сьвiслач. Там пляц перарабляюць, i таму Ленiна часова перанесьлi ў iншае месца, пастамэнт новы зрабiлi. I атрымалася, што цяпер стаiць Калiноўскi, насупраць салдат савецкi, за iм Ленiна паставiлi, а ззаду — помнiк апошняму дыктатару паўстаньня 63-га году —Рамуальду Траўгуту. Цiкава! Прычым сьвiслацкi Ленiн настолькi халтурна зроблены, што яго нават у савецкай энцыкляпэдыi не зьмясьцiлi. Дзiкi, скажоны твар. Пастава, у нашым разуменьнi, абсалютна ня ленiнская, быццам на амбразуру кiдаецца або клiча «Русь к тапару». Я з задавальненьнем яго сфатаграфаваў. Вельмi цiкавы Ленiн.

У нас на журфаку калiсьцi кiраваў пiсьменьнiк дзiцячы адзiн. Аднойчы ў гарадзенскай кнiгарнi я ўбачыў чатыры цi пяць розных, прычым сьвежых, ягоных кнiжак пра Ленiна, i па-беларуску, i па-расейску. Гэта ўжо Беларусь зрабiлася незалежнай... Прачытаў днямi нататкi аднаго народнага, як ён з гонарам дарыў iтальянскiм рабочым значкi зь ленiнскiм партрэтам. Успомнiлася: «Але ж гэта наша родзiна, сынок». Нейкая моладзь апошняга 7-га лiстапада спалiла перад статуяй, зробленай Азгурам, нiдзе не зарэгiстраваны сьцяг зь сярпом i молатам i паставiла да ленiнскiх ног плякат: «Лепей бы ты сам жыў, чым тваё вучэньне». Значыцца i моладзь пра яго памятае.

Вось i даводзiцца пiсаць, адлюстроўваць наш цiкавы час. Натуральна, пiшу я не пра жывога Ленiна, як рабiлi да мяне, а толькi пра статуi ягоныя. Але яны таксама нешта там сабе думаюць, рухаюцца нават, калi ёсьць патрэба, ствараюць антураж.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0