Promenade

Паштоўка са Львова

На першы погляд у Львове нiшто не зьмянiлася зь першай сустрэчы. Калiсьцi я ахрысьцiла яго горадам спыненых iмгненьняў. За гэты год стрэлкi шматлiкiх вулiчных гадзiньнiкаў так i ня зрушылiся нi на мiлiмэтар. Толькi на адной вежы ў цэнтры места цыфэрблят не застыў у сваёй дэкаратыўнасьцi — быццам нагадваючы, што ў будынку больш ня Ратуша, але «мiськрада», па-нашаму гарсавет...

Але час тут, нягледзячы на супярэчнасьцi, iмчыць няўрымсьлiва, i хоць Новы год зноў наступiць адначасова ў Львове i ў Менску, сэкунда ў сэкунду — мы, здаецца, засталiся ззаду ў часе на адлегласьцi ў незьлiчоную колькасьць хвiлiнаў.

Пакуль п’ецца нi сьвет нi зара кава ў адной з калявакзальных кавярняў, вельмi выразна акрэсьлiваецца ўяўленьне тутэйшага люду пра Беларусь. Яна для iх, аказваецца, сёньня адзiная ў трох асобах. Лукашэнка, Шарамет, Пазьняк. Пра iх падыходзяць i вельмi ветлiва распытваюць нейкiя людзi. Божа, i адкуль тут столькi людзей у такi час сутак?

Украiнскай правiнцыяй Львоў можа здацца толькi таму, хто знаёмы зь iм па паштоўках. Насамрэч гэта сталiца Галiччыны ды i ўсёй Заходняй Украiны (жыхароў Усходняй тут завуць «хахламi», пазнаючы, як сказалi мне, па двух вiдах ужываных iмi словаў: расейскiх i нецэнзурных). Затое наш Менск самiм галiчанам бачыцца сталiцай ня столькi Беларусi, колькi Заходняй Расеi. Народ шчыра цiкавiцца, цi праўда, што ў нас расейскiя грошы, маскоўскi час i цi ёсьць усенародным сьвятам дзень народзiнаў «бацькi». Адказваючы, можна проста ў кавярнi памерцi ад гонару за Радзiму.

Не, сёе-тое тут ужо ня так! На вулiцы iмя генэрала Дудаева ўрэшце зьявiлася шыльдачка. Вулiцы Лермантава i Пушкiна перайменавалi адначасова пару гадоў таму. Расейская абшчына неяк сьцярпела зьяўленьне замест Пушкiна генэрала Чупрынкi, затое «наступленьне» на другога расейскага клясыка Дудаева выклiкала цэлую вайну з рашэньнем гарадзкой Рады. I вось «Джахар перамог». Знаёмыя ўкраiнскiя грузiны (дакладней, украiнцы грузiнскага паходжаньня) распавядалi пра свае колiшнiя маральныя пакуты ў выбары памiж аўтарам «Мцыры» i сябрам Гамсахурдзii: «Лермантаў лепш за многiх маскалёў разумеў iсьцiнную каўкаскую душу... (iшла доўгая цытата з клясыка), але Дудаеў... (iшоў доўгi тост за Дудаева на грузiнскай мове)».

Згодна зь нейкiм галiцкiм архетыпам, генэрал тут блiжэй народу, чым пiсьменьнiкi. Парк перад львоўскiм унiвэрсытэтам даўно назвалi iмем клясыка зусiм не расейскай, а ўкраiнскай лiтаратуры — Iвана Франко. Але нiхто не называе яго iнакш, чым «парк Касьцюшкi». Генэрала й нашага земляка.

Назаўтра мяне частуюць беларускiмi дранiкамi тутэйшыя беларусы (украiнцы беларускага паходжаньня). На Галiччыне iх налiчваецца недзе з тысячаў семдзесят. У Доме афiцэраў зноў стала зьбiрацца беларускае зямляцтва, мяркуецца адрадзiць i беларускамоўную газэту «Беларусь — Галiччына». Пры гэтым вялiкая частка тутэйшых землякоў мовы продкаў ня ведае. Адны нарадзiлiся й выгадавалiся тут, iншых закiнуў лёс праз загад вайсковага начальнiка за савецкiм часам. Кавярня «Сябры» па-ранейшаму ў пашане, дзякуючы нацыянальным стравам двух братнiх народаў. Але за дранiкамi пад сьпевы Данчыка i Бартосiка мне паскардзiлiся на... украiнскiх нацыяналiстаў, асаблiва з УНА-УНСО. На думку гаспадароў беларускай кавярнi, тыя ўвесь час ваююць з шыльдай «Сябры» (як расейская абшчына, паводле маiх уяўленьняў, змагалася з «Дудаевым»). Назву кавярнi ўвесь час крадуць. Нават адказныя асобы з былой Ратушы-гарсавету сказалi: калi ласка, любая назва, толькi не «Сябры». Але львоўскiя беларусы ўпарта настойваюць. Ва ўсiм вiнаватыя, па iх словах, не «бандэраўцы» i чыноўнiкi (апошнiя невядома цi дазволяць пакiнуць новую шыльду «Сяброў» з нацыянальнымi сьцягамi двух народаў). Справа — у «нашым» Лукашэнку. Незалежна ад поглядаў, львоўцы-беларусы «бацьку» нам нiколi не выбiралi, але «кожнае беларускае слова нагадвае ўсiм пра Лукашэнку». Гэтая трагiкамэдыя падобная да яе айчыннага варыянту пэрыяду пасьля «Чарнобыльскага шляху» 96-га. Беларускiм уладам кожнае ўкраiнскае слова тады гэтак жа нагадвала пра УНСО. Пад гэтую лавачку нават былi зьнялi з гомельскага цягнiка дэлегацыю камунiстаў з Украiны, што ехалi да сваiх паплечнiкаў пахвалiць нашага «iнтэгратара» i дапамагчы сабраць Саюз.

Побач зь «Сябрамi» адраджаецца некалi адно зь першых ва Ўсходняй Эўропе казыно, дзе некалькi гадоў таму яшчэ быў Дом вучоных. Зараз памяшканьнем таксама валодаюць беларусы з паходжаньня. Яны зусiм замучылiся з аздабленьнем банкетных заляў на старажытнабеларускi манер. Бо нiхто з тутэйшых мастакоў-дызайнэраў i блiзка не ўяўляе, што такое iнтэр’ер шляхецкага замку часоў Княства — замест гэтага ўсе кiдаюцца распрацоўваць у праектах тэму «сялянская хата ў ручнiках, васiльках i глiняных сподках з кветкамi». Беларусы ня могуць даць рады, як давесьцi сваiм землякам-суседзям, што беларускае — ня толькi лукашэнкаўскае цi фальклёрнае, цi простанароднае. Словам, актыўнасьць нашае дыяспары ў iмкненьнi захаваць удалечынi ад Бацькаўшчыны беларускую культуру ўзрастае яўна прапарцыянальна той ступенi варожасьцi, зь якой нiшчыцца ўсё беларускае ў самой Беларусi.

... На чырвоны сьвяточны мiтынг блiзу «Сяброў» я прыпазьнiлася. Тысячаў з восем людзей са сьцягамi Ўкраiны ў жалобных стужках ужо адправiлi камунiстаў сьвяткаваць юбiлей iхнага пiцерскага перавароту куды падалей — на Стрыйскую, у бок Халма Славы. Над цэнтрам места разносяцца гукi панiхiдаў па ахвярах бальшавiцкага тэрору, усюды плякаты кшталту: «КПSS — пад суд!» У адрозьненьне ад Менску, пераважае тут зусiм ня моладзь, а старыя антыкамунiсты. Мiлiцыя стаiць ня тое што мiрна, а глыбакадумна. Вылучаецца чорная форма элiтнай львоўскай мунiцыпальнай мiлiцыi. Пасьля расповедаў пра генацыд старэнькi дзядок заклiкае: «Старыя няхай застаюцца тут, а вы, моладзь, хто мае сiлы, iдзiце калёнай да гэтых «чырвоных» i пакажыце, што Ўкраiна ще нэ вмэрла!» Калёна моладзi iдзе ад помнiка Iвану Франко, па шляху яшчэ адзiн мiтынг адбываецца ля помнiка Тарасу Шаўчэнку... Празь нейкi час я хапаю за руку знаёмага хлопца з УНСО: «На чорта вам iх бiць! Яны ў вас i так тут недабiтыя!» Ён доўга ўсьмiхаецца i вымаўляе з расчараваньнем: «Эх ты, памяркоўная беларуска!.. Як гэта — ня бiць камунiстаў?»

Потым ягоныя таварышы пачынаюць тлумачыць, чаму УНСО сёньня не чапае «чырвоных»: «Там няма з кiм бiцца! Зь дзядамi старымi? З гэтымi камсамолкамi?» Унсоўцы абуралiся, што нехта з «насосаў» («Нацыянальна-сацыялiстычная партыя Ўкраiны») ударыў па твары i разьбiў галаву жанчыне гадоў 30-цi. Потым, калi пасьля бойкi ў Стрыйскiм парку ўжо сьцiхлi апошнiя бандэраўскiя гiмны на мiтынгу радыкальнай украiнскай моладзi, памiж нацыяналiстамi розных «масьцей» усчаўся гвалт. Я баялася, што яны могуць пабiцца за iдэю яшчэ раз, але ўжо памiж сабою: высьвятляючы, хто зь iх больш правiльны нацыяналiст.

«Паваявалi з бабамi, героi!» — кiнулi з-пад сьцягу УНА-УНСО, сябры якой, здаецца, першы раз вырашылi не трапляць у турму ў камунiстычныя сьвяты.

«Нацыянал-сацыялiсты», у шэрых кашулях «а-ля савецкая мiлiцыя» з чорнымi гальштукамi, з валасамi на прабор, як адзiн, з годнасьцю скручвалi сьцягi. Iхных людзей затрымалi ажно дзясятак. I калi я й сама наехала на унсоўцаў з пытаньнем: «Дык хто тут крыўдзiў нашых беларусаў, га?» — шмат хто хiтнуў у бок менавiта хлопцаў з праборамi, якiя хуценька зьнiкалi з гэтага месца.

Пасьля гасьцяваньня ў нас у Беларусi i нядаўняй рэгiстрацыi ў Мiнюсце Ўкраiны, напярэдаднi парлямэнцкiх выбараў «страшылка для электарату» УНА стала падазрона памяркоўнай. У дзень юбiлею перавароту унсоўцы напiсалi лiст львоўскаму «султану» (па-нашаму «вэртыкальшчыку») з нагоды ягонага 45-годзьдзя: «Паважаны такi i такi пан! Вiншуем... Зычым... а таксама добрай волi да супрацоўнiцтва з УНА, асаблiва калi мы прыйдзем да ўлады». Што ж тычыць далейшага лёсу сямёх былых вязьняў беларускiх засьценкаў, то ўсе яны ня так даўно атрымалi ордэны ад кiраўнiцтва, а сёй-той i падвышэньне ў пасадзе. Адзiн пасьля турмы «захапiўся» наркотыкамi i быў выключаны. А унсовец Андрэй Мiранюк праз паўгады пасьля Валадаркi запрасiў на сваё вясельле Лукашэнку ў якасьцi «пасаджанага бацькi жанiха». Той, на жаль, не зьявiўся...

Тацяна Сьнiтко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0