Ажылы дом

Аляксей Каўка сьпяшаўся на III Мiжнародныя Купалаўскiя чытаньнi «Янка Купала — публiцыст», што мелiся адбыцца 20 i 21 кастрычнiка ў музэi паэта. Праходзячы праз Купалаўскi парк, навуковец быў зьбянтэжаны пытаньнем нейкай жанчыны, яўна не мясцовай: «А кому этот памятник?». «Купалу», — адказаў маскоўскi госьць. На неўцямны погляд кабеты дадаў для пэўнасьцi: «Некогда здесь жили белорусы, а это их писатель». «А что, разве они уже тут не живут?» — зацiкавiлася турыстка. «Теперь их почти нет. Здесь живет этно-лингвистическая сволочь со своим осчастливителем». «А-а-а!..» — працягнула цiкаўная.

Я таксама апынуўся на той канфэрэнцыi. Другi раз у жыцьцi наведаўшы музэй народнага паэта. Першы раз патрапiў сюды гадоў дзесяць таму. Была ў мяне тады такая шкалярская звычка —наведваць у незнаёмых гарадах усе музэi. З тае пары, тут, здаецца, нiчога не зьмянiлася. Усё той жа паўзмрок i ўсё тая ж атмасфэра ўрачыста-афiцыйнай жалобы. Цёмныя iнтэр’еры, бронзавыя выявы таго, якi безумоўна заслужыў такую жалобу. Толькi цяпер я даведаўся, што гэты мэмарыял пабудаваны якраз на тым самым месцы, дзе гаспадар ужо няiснага дому жыў, як ён сам пiсаў, «пад аховаю законаў дыктатуры пралетарыяту». Натуральна, тут ня цягне гаварыць уголас. Таму гучныя вiтаньнi ды шчырыя ўсьмешкi немаладых i ня вельмi немаладых людзей несказана ажывiлi атмасфэру гэтага дома, «у якiм нас iзноў сабраў наш клясык». А сабраў, трэба адзначыць, кампанiю паважную. Дзясяткi тры навукоўцаў, шмат якiх я завочна ведаў.

Распачаў спатканьне Нiл Гiлевiч. Прыгожы стары, да якога я нiчога, акрамя павагi, нiколi не адчуваў. Нязломная прынцыповасьць у спалучэньнi з абаяльнасьцю — рыса досыць рэдкая. Пракляўшы сёньняшнiх абрусiцеляў, ён перайшоў да публiцыста Купалы. Да таго, хто расьпiсаў быў у «нашанiўскiм пэрыядзе» ўвесь беларускi шлях, а пасьля згадзiўся гаварыць не сваiмi (?) словамi. Таму, на думку Нiла Сымонавiча, ня варта адносiць тэксты 30-х, падпiсаныя Купалам, да ягонае спадчыны. Пасьля пайшлi даклады за дакладамi, зь якiх я даведаўся пра Купалаў сэнтымэнт да Сэрбii, якая ў I-ю сусьветную аддала кожнага трэцяга. Пра тое, што найбольш блiзкаю нам лiтаратураю клясык лiчыў украiнскую. Найбольшае ажыўленьне выклiкала тэма ягонага стаўленьня да Хрыста, як да роўнага ў шэрагу iншых, у тым лiку й паганскiх, багоў. Н.Гiлевiч заўзята ўхваляў клясыка за «язычнiцтва», астатнiя не сьпяшалiся адкрыта падтрымаць Купалу ў гэткiм унiклiвым стаўленьнi да сёньняшняга бога. На нейкае iмгненьне я «адключыўся» ад навуковых дэбатаў, засяродзiўшыся на галоўным героi гэтага дня. Дакладней, на ягонай бронзавай паставе, пад якой спрачалiся шаноўныя дасьледчыкi. Як дарэчы быў тут гэты помнiк у натуральную велiчыню з адсутным позiркам паверх галоваў. Безь яго не ставала б элемэнту мiстычнасьцi, безь якога любы музэй мёртвы. Гледзячы на рэалiстычнага, «поўнага дум аб народзе» Купалу, мне здалося пустым заняткам шукаць яму сёньня апраўданьнi цi падшукваць апраўдваньнi, у якiх ён ня мае патрэбы. Ён ачысьцiўся ўжо адной сваёю сьмерцю. Мне чамусьцi ня хочацца верыць у забойства.

Мiж тым, слова ўзяў чалавек з тварам палкоўнiка NATO Вiтаўт Кiпель, якi й падсумаваў вынiкi першага дня па-вайсковаму коратка й зразумела. Галоўная, на ягоную думку, праблема сёньня: адлучанасьць вучнёўскае моладзi ад жывой i па сёньня публiцыстыкi Купалы, публiцыстыкi беларускага зьместу (а iншую, цi пазьнейшую, за акiянам нiколi не ўспрымалi й не вывучалi). Да чаго дагаварылiся ў той дзень купалазнаўцы, я не даведаўся. Iншыя справы прымусiлi мяне пакiнуць музэй. Але ў маiм нататнiку завёўся тэлефон па ўсiм маскоўскага iнтэлiгента Аляксея Каўкi. Чым ня плённы вынiк?

Калi я сыходзiў, то натрапiў на цiкавую карцiнку. Як групу дзяцей на чале з настаўнiкам не пусьцiлi ў музэй, дзе адбывалася мерапрыемства. Зусiм не расчараваныя такiм вынiкам экскурсii дзецi з гiкам паразьбеглiся па парку Купалы. Цiкава, цi задумаюцца яны калi-небудзь, каму й за што стаiць такi вялiкi помнiк? Цi ўзьнiкне ў iх калi-небудзь жаданьне пачытаць невершаваныя радкi паэта, якiх няма ў падручнiках?..

Зьмiцер Бартосiк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0