Келіх з радзівілаўскіх гутаў у экспазіцыі Нясвіжскага палаца.
Графін з радзівілаўскіх гутаў у экспазіцыі Нясвіжскага палаца.
Бутля, 1781 год.
Corning Museum of Glass (ЗША), выкуплены ад парыжскага антыквара Леона Грынбэрга.
Шклянка. 1746 г
Пляшка.
Слоік, 1757.
Шабля. Жалеза, золата, срэбра, 96,5 см. Вага – 0,76 кг. Янкавічы.
Пячатка. Золата, агат. Партрэты Аўгуста ІІІ і Марыі Юзэфы.
Келіх, мастак Ёган Крыстфа Дрэер.
Гарматная люфа.
Кілішак.
Дар каралю Аўгусту ІІІ.
Гэтыя келіхі, кілішкі, філіжанкі мелі за гонар ставіць на стол арыстакраты. Майстры з радзівілаўскай мануфактуры ў XVIII стагоддзі кінулі выклік славутым багемскім і дрэздэнскім брэндам і стварылі непаўторную школу налібоцкага шкла.
У 1706 княгіня Ганна Радзівіл з мужам Каралем вандравалі па Еўропе. Берлін, Дрэздэн, Прага...Там Ганна і пабачыла славутыя шкляныя мануфактуры. Патсдамскае і багемскае шкло на сталах у магнатаў было знакам заможнасці і прэстыжу. Ганна загарэлася ідэяй: стварыць уласную мануфактуру, шкло ў якой не саступала б найлепшым еўрапейскім узорам.
Лебяжодай
Пятнаццаць год пайшло на ажыццяўленне задумы.Месца для мануфактуры абралі невыпадкова. Налібоцкая пушча гарантавала пастаўкі драўніны, попел з якой быў абавязковым складнікам шкла. Блізка пушчы бег Нёман, па якім можна было аж з Караляўца транспартаваць сыравіну, якой было не дакупіцца ў Літве. Налібокі стаялі каля галоўных дарог, што было зручна для купцоў.
Будаўніцтва мануфактуры пачалося ўлетку 1720. Першы будынак паставілі непадалёк ад радзівілаўскага фальварка, каля маляўнічага возера і касцёла, уздоўж ракі Лебяжоды. Усё згодна з тэхналогіяй: паблізу рэчкі і возера, на ўзгорку. Сэрцам мануфактуры была гута. Вакол стаялі іншыя будынкі: кузня, цяслярня, слясарня, склады... Рэчка рухала млын, які тоўк каменне для дарагіх гатункаў шкла.
Удоўжкі гута мела 30 метраў, ушыркі — 12, увышкі — 4 метры. У першай палове XVIII ст. налібоцкая мануфактура была найбуйнейшым фабрычным будынкам у Рэчы Паспалітай.
Ландграф, Фрэмель, Хайнц
Першым чынам Ганна запрасіла ў Налібокі замежных майстроў.З Баварыі прыехаў Вольфганг Ландграф са слаўнай дынастыі гутнікаў Чэхіі і Ніжняй Аўстрыі. Вольфаганг быў зяцем найлепшага чэшскага тэхнолага Міхала Мюлера з Міхаловай Гуты. І ведаў сякія-такія сакрэты старога. Сям’я Ландграфаў засталася ў Беларусі: удзячныя Радзівілы падарылі ім вёску Пруды. Іх нашчадкі жылі там аж да Першай сусветнай вайны.
На крышталі спецыялізаваўся Ёган Георг Хайнц, чые продкі пачыналі ў XVII ст. на славутай Патсдамскай мануфактуры.За мастацкую майстэрню адказваў француз Канстанцін Францішак Фрэмэль.
За час існавання гуты ў Налібоках працавала дваццаць замежных майстроў. Грошай на іх Ганна не шкадавала.
Майстры, паводле дамовы, былі абавязаныя вучыць сваёй справе налібоцкіх хлопцаў. Хайнц набыў варштаты для маладых гутнікаў-мастакоў аж у Дрэздэне.
Ад 4-й раніцы да 19-й вечара
У жніўні 1722 гута адчынілася. Працоўны дзень доўжыўся ад 4-й раніцы да 19-й вечара з перапынкам на абед ад 11 да 13. Да суботы гутнікі рыхтавалі печы, матэрыялы і шкляную масу. Галоўнымі складнікамі шкла былі пясок, паташ, вапна, адбельвальнікі і фарбавальнікі. Пясок сушылі ў печы і прасейвалі праз густое рэшата. Паташ атрымлівалі з попелу лістоўных дрэваў. Рабочыя, што адказвалі за яго якасць, называліся «курашы». Як можна здагадацца, назва паходзіла ад слова «курыць». І сёння ў Налібоках жывуць людзі з прозвішчам Кураш.
У суботу ўвечары ў спецыяльныя місы ў печы засыпалася шкляная маса. Там яна плавілася да вечара нядзелі. За працэсам сачылі два гутнікі. У нядзелю ператопленае шкло кідалі ў ваду. Пасля яго драбнілі, сушылі, засыпалі ў місы і зноў ставілі ў печ. Ля напаленай печы працавала восем чалавек. Пасля 10-й гадзіны раніцы ў панядзелак з гатовага шкла пачыналі рабіць куфлі, кілішкі, келіхі, графіны. А каб атрымаць найлепшае шкло, яго трымалі ў печы і да аўторка. Пасля гутнікі пачыналі рыхтаваць сыравіну да наступнай суботы.
Дарэчы, печ у гуце мела ажно восем узроўняў, што было на той час тэхнічнай навінкай у Рэчы Паспалітай, дзе на гутах печы мелі па 4-6 узроўняў.
Фірмовая чаша-звон
У гуце пастаянна працавалі чатыры замежныя майстры, пяцёра налібоцкіх гутнікаў і каля дзесяці мясцовых вучняў. Кожны майстар спецыялізаваўся на сваім гатунку шкла. Вырабы былі розных колераў: цёмна-сіняга, блакітнага, зялёнага, мятнага, жоўтага, чорнага, малочнага, рубінавага. Рэцэпты шкла ўдасканальваліся. Мянялася і мода. Налібоцкія майстры распрацавалі свой фірмовы тып келіха — чаша-звон, у аснове якой была дэкарацыя з трох бурбалак.
У гуце былі варштаты для апрацоўкі каштоўных камянёў і аздаблення прадукцыі. У выбары аздобы дапамагалі замежныя кнігі. Галоўным дапаможнікам быў выдадзены ў Галандыі ў 1638 падручнік для гутнікаў.
Кемлівыя Радзівілы не цураліся і сумнеўных формаў маркетынгу. У гуту перыядычна прывозіліся навінкі з Венецыі, Саксоніі і Вены. Майстры вывучалі вырабы і часцяком капіявалі.
Беларускія дынастыі гутнікаў
За першыя 20 гадоў Ландграфы выхавалі пакаленне мясцовых майстроў. Самымі вядомымі былі Дубіцкія.Ян Дубіцкі зрабіў шасцілітровы келіх для караля Аўгуста. Справу бацькі працягнулі сыны Ігнат і Ян ІІ Дубіцкія. Радзівілы запрасілі Дубіцкіх у мануфактуру ва Урэччы (цяпер Любанскі раён) — вучыць мясцовых гутнікаў, як некалі Хайнц і Ландграф вучылі налібачанаў.
Гутніцкай справе навучыўся памочнік Ландграфа Ян Мішук, а таксама Юзаф Каржэнька і Пятро Пока. Шліфавальняй кіравалі Ян Тарпановіч і Тамаш Дайлідовіч. Келіхі і куфлі распісвалі Рыгор Клімовіч, Рыгор Аўчук, Лукаш Валодзька. Некаторыя з іх былі вольнымі людзьмі з дробнай шляхты, атрымлівалі заробак. Замежныя майстры мелі тады па 350 залатовак у год, гутнікі — па 277, а звычайныя вучні — па 100.
Вядомыя і прозвішчы іншых гутнікаў: Гаўрыла Мазун, Лаўрын Рыбак, Міхась Лобач, Юзаф Фарботка, Юллюк Клімовіч, Васіль Ясеў.
Але капейчыну за нялёгкую працу мелі не ўсе. Большасць адпрацоўвала паншчыну.
Бывала, майстры ўцякалі з гуты. І пачынаўся дэтэктыў. Ладзіліся пагоні, пошук збеглага майстра цягнуўся гадамі. Здаралася, іх знаходзілі на іншых мануфактурах. Тады Радзівілы судзіліся з новымі працадаўцамі: гутнікі, мастакі, гравіроўшчыкі, былі ў Літве рэдкасцю, іх адукацыя дорага абыходзілася. Радзівілы справядліва баяліся, што ўцекачы прададуць налібоцкія рэцэпты канкурэнтам.
13 тысяч злотых у год
Хоць канкурэнтаў гута не мела. Яе шкло было самым папулярным сярод ліцвінскай шляхты. У XVIII ст. магнаты будавалі мануфактуры дзеля шыку. Прыбытак яны прыносілі рэдка. Налібоцкая гута была выключэннем.
Шкло масава купляла сярэдняя шляхта. Самыя сціплыя вырабы каштавалі 1 злоты 15 грошай. Аздобленыя шклянкі і келіхі прадавалі па 2 злотыя. Эксклюзіўнае шкло каштавала не менш за 5 злотых.
«Залатым часам» гуты былі першыя 40 гадоў існавання. Напрыклад, у 1747 у Налібоках было выраблена 1800 кілішкаў, 1200 шклянак, 700 бутэлечак. На гуце не паспявалі выконваць замовы. У найлепшыя гады яна штогод прыносіла 13 тысяч злотых.
Ужо ў 1720-я ў Літве з’явілася сетка крамаў радзівілаўскага шкла: у Міры, Нясвіжы, Свіры, Карэлічах, Слуцку... Крамы былі і ў такіх буйных гарадах, як Вільня і Гродна.Княгіня Ганна забараніла, пад пагрозай буйнага штрафу, прадаваць у радзівілаўскіх уладаннях шкло іншай вытворчасці. Захаваліся звесткі пра габрэйскага купца Ківі, які з налібоцкім шклом выпраўляўся «на Русь». Налібоцкае шкло набывалі аптэкі, тэатры куплялі шкляныя аліўныя лямпы, а Віленская акадэмія замаўляла лабараторнае абсталяванне для доследаў па хіміі і фізіцы.
Вытворчасць пашыралася. Дадатковыя шліфавальні адчыніліся ў Рудні і Янкавічах. Там апрацоўвалі золата, срэбра, кварц, агат, аметыст, дыяменты, рубіны. Імі ўпрыгожвалі каменныя люлькі, шаблі, булавы, каменныя келіхі, пячаткі, тронкі нажоў, надмагіллі, кітайскія парцалянавыя сервізы і нават статуі.
Вырабы янкавіцкіх ювеліраў Яна Яськевіча, Паўла Дайлідовіча, Якуба Яцэвіча і іх вучняў Конрада Гардынкі і Грышкі Касцюкевіча можна сёння пабачыць у Нацыянальным музеі ў Варшаве і ў казначэйстве Вавельскага замка ў Кракаве.
Янкавіцкую мануфактуру прыводзіў у рух вадзяны млын, зроблены французскім майстрам. Канструкцыя была ўнікальнай. Радзівілы, каб пазбегнуць эканамічнага шпіянажу, забаранілі лю-дзям з-па-за майстэрні нават праходзіць каля млына, а падарожным загадвалі аб’язджаць Янкавічы пушчанскімі дарогамі.
Асаблівым гонарам Радзівілаў былі фірмовыя крамы ў партовых гарадах Гданьску і Караляўцы. Праз краму ў Гданьску, якой валодаў купец Эмануіл Эсінг, радзівілаўскае шкло трапляла ў Пецярбург, Лондан і Стакгольм. Яго размяталі, хоць побач знаходзіліся фірмовыя крамы багемскага шкла.
У музеях суседзяў
У 1760-я грымнуў крызіс, выкліканы бескаралеўем у Рэчы Паспалітай. Мануфактуры зачыняліся. Налібоцкая гута трымалася, але ранейшых прыбыткаў з яе Радзівілы ўжо не мелі. Чарговым ударам стаў падзел дзяржавы. Занёманскія землі апынуліся на расійскім баку, а гэта выклікала збоі ў пастаўках сыравіны. Гуту даводзілася нават гасіць на некалькі месяцаў. Але, нягле-дзячы на крызісы, падзелы і войны, мануфактура праіснавала аж да 1862. Роўна 140 гадоў. Зачынілася яна, паводле адных крыніц, пасля пажару, які дазвання знішчыў будынкі, а паводле іншых — у выніку скасавання прыгоннага права.
Шукаць налібоцкае шкло ў музеях Беларусі — цяжкая справа. Некалькі вырабаў з налібоцкай і ўрэцкай мануфактуры з'явіліся ў экспазіцыі новаадкрытага Радзівілаўскага палаца. Пабачыць творы рук сваіх прадзедаў сённяшнія Дубіцкія, Мішукі, Каржэнькі, Далідовічы, Касцюкевічы і Клімовічы, якіх багата ў ваколіцах Налібокаў, з большым поспехам могуць у музеях Кіева, Львова, Пецярбурга, Варшавы, Кракава, Прагі, Берліна і ў прыватных калекцыянераў у ЗША, Канадзе, Швецыі, Японіі.