Пракуратурай Мінскага раёна праверана выкананне сельскімі выканаўчымі камітэтамі зямельнага заканадаўства, у тым ліку ўказа прэзідэнта № 667 ад 27 снежня 2007 года «Аб выключэнні і даванні зямельных участкаў», а таксама Палажэння аб адзіным парадку ўліку грамадзян, якія жадаюць атрымаць зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў, зацверджанага пастановай Савета міністраў № 1781 ад 30 снежня 2011 года.

Як паведамілі памочнікі пракурора раёна Святлана Белазёрава і Анастасія Марчанка,

падчас праверкі Каладзішчанскага сельскага выканаўчага камітэта выяўлены парушэнні патрабаванняў палажэння ў частцы пастаноўкі на ўлік жадаючых атрымаць зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома грамадзян, якія не стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў.

Так, паводле заканадаўства, абласнымі выканкамамі з улікам інтарэсаў дзяржавы, мясцовых умоў і эканамічнай эфектыўнасці могуць быць вызначаны населеныя пункты, на тэрыторыі якіх зямельныя ўчасткі выдаюцца паводле вынікаў аўкцыёну або без яго правядзення толькі грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Рашэннем Мінаблвыканкама № 418 ад 24 красавіка 2009 года да такіх населеных пунктаў на тэрыторыі Мінскага раёна аднесены ўсе без выключэння населеныя пункты. Такім чынам, з улікам гэтага рашэння абласных улад усім грамадзянам, якія не стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў і якія падалі заяву аб прыняцці на ўлік жадаючых атрымаць зямельны ўчастак для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома на тэрыторыі Мінскага раёна, павінна быць адмоўлена ў прыняцці на такі ўлік.

Нягледзячы на гэта ў Каладзішчанскім сельскім выканкаме ў парушэнне вышэй названых норм грамадзян, якія не стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, ставілі на ўлік жадаючых атрымаць зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома. Усяго з пачатку 2012 года сельскім выканкамам прынята 56 такіх незаконных рашэнняў. Паводле вынікаў выяўленых парушэнняў пракуратурай Мінскага раёна будуць ўнесеныя акты пракурорскага нагляду з патрабаваннем адмены незаконна прынятых рашэнняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?