Падчас III Каталіцка-праваслаўнага форуму, які праходзіць 5–8 чэрвеня 2012 г. у сталіцы Партугаліі Лісабоне, было прынята рашэнне аб правядзенні наступнага форуму ў Мінску. Аб гэтым паведаміў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які прымае ўдзел у працы сёлетняй экуменічнай сустрэчы, прысвечанай тэме «Эканамічны крызіс і беднасць: выклікі для Еўропы».

Падобныя форумы праводзяцца раз на два гады па чарзе ў краінах з каталіцкай і праваслаўнай большасцю па запрашэнні адпаведнага біскупа. На гэты раз такое запрашэнне прыйшло ад Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

«Выбар Мінска месцам правядзення гэтага прэстыжнага форуму, які хацелі б правесці многія гарады, з’яўляеца прызнаннем на Еўрапейскім узроўні добрых праваслаўна-каталіцкіх адносінаў у Беларусі і знакам павагі да нашай краіны», — пракаментаваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Тэма і дата правядзення форуму будуць устаноўлены пазней.

Даведка: Галоўная ідэя форумаў — гэта пошук адказу на найбольш акуальныя выклікі часу. Каталіцка-праваслаўныя форумы з’яўляюцца важнай пляцоўкай экуменічнага дыялога паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі і адначасова месцам пошуку супольнага, абгрунтаванага сацыяльным хрысціянскім вучэннем Захаду і Усходу, адказу на хвалюючыя пытанні сучаснасці.

Першы форум адбыўся ў 2008 г. у італьянскім горадзе Трэнта і быў прысвечаны сям’і.

Другі форум праводзіўся ў 2010 г. на востраве Радос (Грэцыя) і быў прысвечаны адносінам Касцёл-дзяржава. Актуальны, ужо трэці, форум прысвечаны тэме «Эканамічны крызіс і беднасць. Выклікі для сучаснай Еўропы».

Ідэя форумаў была прадыктавана патрэбай выклікаў часу. Форум арганізуе Рада біскупскіх канферэнцый Еўропы і праваслаўныя Цэрквы Еўропы. Такія форумы праводзяцца кожныя два гады па чарзе ў краінах з каталіцкай і праваслаўнай большасцю. У іх прымае ўдзел аднолькавая колькасць прадстаўнікоў з кожнага боку (звычайна прыкладна па 20 біскупаў, святароў і экспертаў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?