Фільм «На ростанях» («На перепутье»), зняты на «Беларусьфільме», — меладрама пра сучасную Беларусь, размеркаванне, аўталаўку і вясковае жыццё. Гэтым фільмам закрылі «Фестываль еўрапейскага кіно» ў Мінску 17 мая.

Галоўная гераіня — выпускніца гандлёвага тэхнікума Каця (яе сыграла Вераніка Пляшкевіч), якую размеркавалі з Мінска працаваць у аўталаўку ў Барысаўскі раён. Шафёр аўталаўкі Пятровіч закахаўся ў Кацю. Любоўны трохкутнік дапаўняе трактарыст Гена, які таксама прэтэндуе на сэрца дзяўчыны.

На экране разгортваецца змаганне добрага трактарыста Гены з яшчэ лепшым шафёрам Пятровічам. Зусім як у брэжнеўскім або нават сталінскім кіно, дзе ўсе праблемы былі вырашаныя, апроч сардэчных.

Сюжэт рэжысёр прыдумаў разам са сцэнарыстам Дзмітрыем Якутовічам, якому і прыйшла ідэя зняць фільм пра размеркаванне.

Яшчэ сваёй бясхмарнасцю стужка нагадвае «шэдэўр» патрыятычнага расійскага кінамастацтва «Любіць па-руску».

Пятровіч (актор Руслан Чарнецкі — на фота) нават знешне падобны на маладога Джыгурду.

Калі паказаць фільм замежніку, ён можа і не зразумець, што дзеянне адбываецца ў Беларусі. «Мы здымалі фільм для беларускага гледача і, канечне, для расійскага, — кажа 68-гадовы рэжысёр Віктар Дудзін. — Аднак кожнаму беларусу зразумелыя тыя праблемы, якія мы закранаем: гэта тыя самыя праблемы, якія былі і ў СССР. Галоўнае ў фільме іншае: чалавек, які ніколі не быў за МКАДам, трапляе ў вёску. І ў галоўнай гераіні змяняецца светаўспрыманне. Яна ўнутрана ўзбагачаецца, у яе мяняецца сістэма каштоўнасцяў — фільм пра гэта».

(Азначым, што ў фінале галоўныя героі з вёскі з’язджаюць: ён – у дальнабойшчыкі, яна – у мінскі гіпермаркет.)

У канцы фільма ёсць падзякі Службе бяспекі прэзідэнта і міністру абароны Жадобіну. Міністр, аказваецца, даў здымачнай групе верталёт, каб «паказаць прыгажосць беларускай прыроды з вышыні птушынага палёту». А Службе аховы дзякуюць за тое, што акрэслілі аб’екты, якія можна здымаць і якія нельга.

Месцамі «На ростанях» нагадвае рэкламу беларускай сацыяльнай мадэлі. Вось Пятровіч тлумачыць Каці, што яна мусіць вывучыць на памяць усе цэны — дзяўчына адказвае:

«А калі заўтра цэны панізяцца?» Вось трактарыст Гена, будуючы хату, збіраецца браць крэдыт. Вось вясковая кабета купляе цукру і макароны за пару тысяч рублёў.

Беларуская вёска ў кіно паказаная жыццярадаснай, хоць і харчуецца ў асноўным макаронаю і малака ёй не заўжды хапае. А калі Каця пачынае прымаць у вяскоўцаў шклатару, здадзеныя бутэлькі ледзь змяшчаюцца ў грузавік.

На ўкраінскім тэлебачанні кіно ўжо дэманстравалі, адкуль яно і трапіла ў вольны доступ у інтэрнэт. А вось па беларускіх каналах фільм не паказвалі. Мо баяцца, што беларускі глядач з-за МКАДа не пазнае беларускай рэчаіснасці?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?