Зямельнымі ўчасткамі ў Мінскай вобласці да новага года забяспечаць усіх, хто мае ў іх патрэбу. Такое даручэнне на пасяджэнні Мінаблвыканкама даў кіраўнік сталічнага рэгіёну Барыс Батура.

Прычым перад землеўпарадчыкамі і пассельвыканкамамі стаіць задача не задзейнічаць ворыўныя землі, а максімальна выкарыстоўваць існуючыя населеныя пункты і прылеглую да іх тэрыторыю, што дасць магчымасць скараціць расходы на стварэнне інфраструктуры.

Як паведаміў начальнік абласной землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы Генадзь Пліскоўскі,

у Мінскай вобласці жадаюць атрымаць участак 37 тыс. чалавек, з якіх 33 тыс. належаць да катэгорыі тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Ужо праводзіцца адвод зямельных участкаў для чаргавікоў.

Найбольш праблемны раён — Мінскі, дзе на атрыманне зямлі прэтэндуюць 24 тыс. чалавек,

сфарміравана чатыры чаргі.
Для першай і другой чэргаў (тыя, хто пражывае ў прысталіччы) распрацоўваецца праектная дакументацыя на ўчасткі плошчай больш як 1,3 тыс. га, што дасць магчымасць задаволіць прыкладна 10–11 тыс. грамадзян. Трэцяя і чацвёртая чэргі налічваюць 14 тыс. чалавек — жыхары іншых раёнаў, абласцей, мінчане. Для іх участкі падбіраюцца ў трох сельсаветах — Рагаўскім, Юзуфоўскім і Папярнянскім. Гэта тэрыторыі існуючых вёсак і прылеглыя 20–60 га.

«Участкі будуць прапаноўвацца менавіта ў гэтых сельсаветах незалежна ад пажаданняў грамадзян. У выпадку адмовы яны будуць здымацца з чаргі. На сённяшні дзень ёсць асобныя сельсаветы, такія, як Бараўлянскі, Ждановіцкі, Каладзішчанскі, якія налічваюць 3–3,5 тыс. жадаючых атрымаць участкі. Каб задаволіць гэтыя патрэбнасці, трэба раздаць усю зямлю. У цэлым, каб задаволіць усіх жадаючых, трэба выдзеліць пад індывідуальнае будаўніцтва 2,5 тыс. га», — адзначыў старшыня Мінскага райвыканкама Пётр Ярмаш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?